Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Образование

На ўсе сто

Количество просмотров:

Выпускніца чацвёртай гарадской школы Іванава Анастасія Жушма ЦТ па беларускай мове здала на сто балаў.

У кішэні Насці, якая марыць паступіць у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт на перакладчыцкі факультэт, таксама ёсць залаты медаль за поспехі навучання ў школе. Максімальныя адзнакі можна яшчэ атрымаць па нямецкай мове і гісторыі Беларусі. Пакуль жа дзяўчына і яе блізкія  радуюцца бліскучаму выніку здачы тэста па роднай мове. Дарэчы, максімум на ЦТ па беларускай мове, лічыць Анастасія, стаў магчымы дзякуючы не толькі яе ўпартасці і працаздольнасці. Ці не галоўны сакрэт – у беларускамоўным статусе школы. «Пачынаючы з першага класа, я ішла поруч з беларускай мовай. Таму ніколі не было сумнення, якую мову здаваць падчас іспытаў. Мне даводзілася неаднойчы чуць думку, што беларускамоўны ўзровень вучняў маёй школы зазвычай вышэй», – гаворыць Насця.
Такі выдатны вынік – чаканы для ўчарашняй адзінаццацікласніцы, стыпендыянткі спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. На кожным з трох этапаў рэпетыцыйнага тэсціравання Анастасія набірала высокія балы, у тым ліку, запаветныя сто балаў. «Так добра, што РТ папярэднічае ЦТ, таму што ты маеш магчымасць адчуць атмасферу іспыту, пазбегнуць крыўдных памылак з-за няўважлівасці, праверыць свае веды ў розных раздзелах па мове», – расказвае будучая абітурыентка. Аб’ектыўна яна  разумела, што мае высокі ўзровень ведаў па беларускай мове, але ж… Хваляванне, сумнеў, плюс лексіка – самы складаны раздзел беларускага мовазнаўства для Насці. Ды яшчэ непрыемны сон, у якім яна набрала толькі 70 балаў. Таму з асаблівым хваляваннем чакала і баялася смс-апавяшчэння. Увогуле, як дзеліцца дзяўчына, самае цяжкае – чакаць. З моманту здачы ЦТ па беларускай мове, а гэта адбылося 25 чэрвеня, яна нястомна чакала выніку. Паралельна рыхтавалася да наступных ЦТ па нямецкай мове і гісторыі Беларусі. Праз колькі дзён паведамленне нарэшце прыйшло. «Помню, я чытала нешта па гісторыі. Як толькі даведалася, ад каго паведамленне, не адразу пачала яго праглядваць. Але потым наважылася. Пабачыўшы лічбу 100, аж слёзы нагарнуліся на вочы. Разам з радасцю быў гонар за сябе. Падзялілася навіной з татам – ён быў дома, і мяне чакала плеяда кампліментаў», – расказвае Насця Жушма.
Гэты максімальны вынік матываваў Анастасію. Таксама дзяўчына здавала тэст па нямецкай мове і гісторыі Беларусі. Ад сумы балаў па трох прадметах ЦТ залежыць, кім яна стане ў будучым – выкладчыкам ці перакладчыкам. Пра тое, каб навучацца за мяжой, Насця таксама думала. У рэшце рэшт перамог патрыятызм – яна абрала прэстыжную сталічную ВНУ, студэнты якой у агульным вывучаюць 22 замежныя мовы. Насця Жушма хацела б засвоіць яшчэ англійскую і японскую ці карэйскую. У пражэктах на будучае – работа сінхронным перакладчыкам. Час перад вучобай іванаўская разумніца прысвяціць сваім шматлікім хобі – танцаваць, вандраваць, чытаць любімага Васіля Быкава… А можа прыйдзе натхненне і яна напіша вершы. Зусім нядаўна дзяўчына адкрыла яшчэ адзін асабісты талент. 

Наталля Крывецкая.