Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Образование

Настаўнік-шэдэўр

Количество просмотров:

Упершыню за амаль трыццацігадовую гісторыю СШ №4 г. Іванава яе педагог узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». Сённяшняя суразмоўца – настаўніца пачатковых класаў Ала Сцяпанаўна Скошчук, якая працуе ў гэтай установе адукацыі з моманту яе адкрыцця. 

Так атрымалася, што Ала Скошчук паўтарыла прафесійны поспех сваёй першай настаўніцы з Мотальскай СШ – Варвары Емяльянаўны Навіцкай, якая за руплівую педагагічную дзейнасць была ў свой час уганаравана нагрудным знакам «Выдатнік народнай асветы». Строгая, заўжды справядлівая і любімая вучнямі – так пры размове Ала Скошчук ахарактарызавала Варвару Емельянаўну. Аднак, тым самым, педагог-прафесіянал даў адначасова і сабе ёмкую ацэнку, дапоўненую калегамі, вучнямі, іх бацькамі. Па іх перакананнях, прафесіяналізм, асабістая патрабавальнасць, пачуццё адказнасці і сумленная праца на вынік – вызначальныя якасці Алы Сцяпанаўны.

Сёлетні набор вучняў-пачаткоўцаў для настаўніцы восьмы па ліку. Калі арыентавацца нават на сярэднюю лічбу першакласнікаў – 25 чалавек – то яна навучыла чытаць і пісаць, складаць і множыць, разбірацца ў многіх рэчах каля двухсот дзяцей. Далёка не кожная сельская школа цяпер можа пахваліцца такім вучнёўскім складам. Маючы шыкоўны педагагічны досвед, Ала Скошчук лічыць, што аптымальная колькасць вучняў у класе – да 20 чалавек, ідэальная – 15 чалавек. Колькі б не вучылася ў класе хлопчыкаў і дзяўчынак, працаваць, мець зносіны з імі – мастацтва, якому вучышся ўсё жыццё. Няпроста з сучаснымі дзецьмі – «яны не лепшыя і не горшыя за тых, хто нарадзіўся, скажам, у 90-ых гадах ці пазней, яны проста іншыя». «Дзеці змяніліся, і гэта неаспрэчны факт. З аднаго боку, яны больш мабільныя, раскаваныя, па-іншаму здабываюць інфармацыю, паводзяць сябе са старэйшымі, з другога боку, некаторыя занадта спешчаныя бацькамі, якія доўгі перыяд апякуюцца над ужо дарослым дзіцем, ёсць вучні, якія вельмі мала чытаюць, іх цяжка зацікавіць на ўроку, хацелася б, каб сучасныя дзеці былі больш самастойнымі», – дзеліцца сваімі назіраннямі Ала Сцяпанаўна.


Стаць настаўнікам у жанчыны атрымалася з другой спробы. Справа ў тым, што паводле першай адукацыі, яна – выхавальніца ў дзіцячым садзе. Калі не лічыць вытворчую практыку ў родным мотальскім і пінскім садках, то ёй так і не спатрэбіўся гэты дыплом. Аднак дзякуючы дакументу, Ала Скошчук трапіла на эксперыментальны, лічы паскораны, курс навучання на педагагічны факультэт. У пэўнай ступені, гэта мела сімвалічны сэнс – пасля яна будзе прымяняць элементы розных методык айчынных і замежных педагогаў на сваіх уроках. Самай запамінальнай для выхаванцаў, кажа настаўнік, напэўна, стала адукацыйная мадэль «Крок за крокам». «Было цікава і даволі цяжка з-за недахопу падручнага матэрыялу праводзіць заняткі па гэтай мадэлі. У двух словах не скажаш пра яе сутнасць. Тым не менш, бывала на ўроках прысутнічалі не толькі бацькі, але і чарапахі, дэкаратыўныя пацукі, трусікі і іншыя прадстаўнікі жывёльнага свету. Вось гэта найперш успамінаюць мае былыя вучні», – расказвае педагог.  


Сустракацца з імі ёй заўжды цікава і радасна. Тым больш, Ала Сцяпанаўна помніць амаль усіх паімённа. Часам надараецца, што дзяўчына ці хлопец настолькі істотна мяняюцца знешне, што яна на працягу некалькіх секунд узгадвае асобу. Аднак варта ім загаварыць, як памяць праз голас суразмоўцы падказвае патрэбнае імя. Самым непрыемным момантам з’яўляецца той, калі чалавек не рэалізоўвае свой багаты прыродны патэнцыял. І наадварот, ёсць вучні, якія сваім аграменным жаданнем, працалюбствам, цярпеннем і ўпартасцю дасягаюць многіх вяршынь, даказваючы, тым самым, што «всё на свете по плечу», калі ёсць жаданне. Матывацыя ці вялікая прага ведаў – назаві гэтую якасць як заўгодна, але ёсць дзеці, мэтанакіраванасць якіх нібыта каганец для настаўніка.


Увогуле, калі казаць пра настаўніцтва, педагог лічыць, што з работай ёй пашанцавала па многіх прычынах. Падручнікі, праграмы, новыя сістэмы ацэнкі ведаў – усё з часам змяняецца, і таму варта ў прафесійным плане эвалюцыянаваць: многа чытаць, спрабаваць новыя методыкі, быць добрым псіхолагам. Аднак не гэта самае істотнае. Кожныя чатыры гады настаўнік пачатковых класаў нібыта зноўку перанараджаецца, таму што змяняецца яго вучнёўская аўдыторыя, якая вымагае ў тым ліку новых ведаў, іншай падачы матэрыялу. «Гэта зродні штуршку, які скаланае і прымушае да навізны ў рабоце», – кажа настаўніца, якая экстэрнам у 35 год, не чакаючы дзесяцігадовага перапынку з моманту атрымання першай катэгорыі, здала экзамен на прысваенне ёй вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Па-сутнасці, гэты быў выклік самой сабе, праверка сваіх магчымасцяў. Хаця баявым хрышчэннем ні гэтую падзею, ні першы занятак ці шматлікія потым адкрытыя ўрокі Ала Скошчук не лічыць. Усё, напэўна, яшчэ наперадзе.

skoschuk-1


Экзамены і падказкі падкідвае таксама само жыццё. Так, нараджэнне дзіцяці Ала Сцяпанаўна называе ў пэўнай ступені залатым ключыкам. «Калі выхоўваеш асабістае дзіця, то лепш, мне здаецца, разумееш чужых. На ўроках становішся менш прынцыповым і прыдзірлівым, больш праяўляеш дыпламатыі і разумення да школьнікаў», – дзеліцца каштоўным вопытам педагог. Аднак не толькі родная «крывінка» робіць цябе больш мудрым чалавекам. «Ёсць дзеці, якія асабіста мне могуць сваімі паводзінамі падказаць, што ўмоўныя рамкі, якія падыходзяць для большасці вучняў, для іх вузкія. Калі дарослы пачынае пашыраць для іх межы дазволенага – яны, як кветкі, раскрываюцца сваімі талентамі», – гаворыць Ала Скошчук. 
Яна ва ўсім, як мне здалося, бачыць найперш пазітыўнае зерне. Так, ранейшую 5-бальную сістэму ацэнкі ведаў яна лічыць больш простай, але не настолькі справядлівай для вучня, як сённяшняя 10-бальная; прафесійнае выгаранне яна называе стомай; да кожнага вучня ставіцца як да ўнікальнай асобы, якая можа і не быць у будучым даследчыкам Ігнатам Дамейкам ці касманаўтам Алегам Навіцкім, але павінна стаць годным чалавекам і прынесці карысць зямлі, дзе нарадзілася і гадавалася…

skoschuk-2
Напрыканцы працоўнага адпачынка яна нудзіцца па рабоце і па планах, сумуе па вучнях ды ўроках. Як, напэўна, сумуе першы і пакуль адзіны ў Беларусі Народны настаўнік Валерый Барашкаў. Хочацца верыць, што ганаровага звання «народны» з часам таксама будуць вартыя іншыя беларускія педагогі, якія, як Ала Скошчук з Іванава, даюць змястоўныя, цікавыя, а яшчэ запамінальныя, адным словам, шэдэўральныя ўрокі на працягу амаль трыццаці год.  

Наталля Крывецкая.