Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Образование

Не толькі даць веды

Количество просмотров:

Магчымасці школы ў сучасным свеце абмеркавалі кіраўнікі навучальных устаноў Іванаўшчыны падчас чарговага раённага семінара дырэктароў, які ў гэты раз ладзіўся на базе Тышкавіцкай сярэдняй школы. Няўжо школа можа паўплываць на станаўленне не толькі інтэлектуальнай, прафесійнай і духоўнай культуры школьніка, але і выхаваць прадпрымальніцкую “жылку”, як правільна абраць гульню, каб дадаткова з цікавым баўленнем часу развіваць свой інтэлект, хто з насельнікаў жывёльнага свету мае ажно 12 пар вачэй і што зрабіць, каб пазбегнуць трагедыі, якая адбылася ў Стоўбцах?

Так выпадкова сталася, што правядзенне мерапрыемства ў аг. Тышкавічы ў сценах мясцовай школы супала з Міжнародным днём роднай мовы. У гэтым бачыцца пэўны сімвалічны падтэкст: родная мова і культура з нацыянальнымі традыцыямі, неаспрэчна, трывалы падмурак фарміравання асобы. Павага да гэтых каштоўнасцяў – сведчанне духоўнага багацця і патрыятызму чалавека. Развіццё дадзенага складніка, як і іншых, дарэчы, пачынаецца, безумоўна, у сям’і, але школа ў гэтым сэнсе, як і ў іншых таксама, мае велізарны патэнцыял. Акцэнт на ім у сваім прывітальным слове зрабіў намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама Рыгор Максімавіч Сыса, адзначыўшы таксама, што школамі абавязкова павінен актыўна выкарыстоўвацца рэгіянальны рэсурс. Аднак ажыццяўленне тых або іншых новаўвядзенняў, важна разумець, у розных школах мае свой час іх з’яўлення, залежыць ад магчымасцяў навучальнай установы, яе супрацоўніцтва з мясцовымі гаспадаркамі, царквой і інш.
Пра магчымасці сучаснай школы ў нашым зменліва-непрадказальным свеце пераканаўча і доказна паведаміла ў сваім выступленні Галіна Андрэеўна Бартош, дырэктар Тышкавіцкай сярэдняй школы, шэсцьдзесят працэнтаў выпускнікоў якой па выніках апошніх трох год вытрымліваюць іспыты ў розныя ВНУ нашай рэспублікі.Астатнія 40% юнакоў і дзяўчат па заканчэнні школы таксама працягваюць навучанне ў сярэдне-спецыяльных і прафесіянальна-тэхнічных установах. Кіраўнік падкрэсліла, што такіх добрых вынікаў удаецца дасягнуць дзякуючы таму, што першачарговымі задачамі педагогаў гэтай школы з’яўляецца як назапашванне багажу ведаў па школьных прадметах, так і выхаванне здаровых маральных арыенціраў у вучняў. Ад настаўнікаў, тым часам, патрабуецца быць прафесіяналам, спрыяць выхаванню ў дзяцей высокіх маральных якасцяў, а таксама быць у пастаянным творчым пошуку, каб зацікавіць сваіх выхаванцаў прадметамі, якія яны выкладаюць у школе. Як гэта зрабіць у наш час і ці магчыма ўвогуле гэта зрабіць з улікам магчымасцяў сельскай школы? Галіна Андрэеўна пазнаёміла і зацікавіла астатніх прысутных сваім расповедам пра развіццё пэўных накірункаў выхаваўчай работы і прафесійнай падрыхтоўкі ў роднай школе: лега-канструяванне, дзейнасць шматлікіх цэхаў бізнес-кампаніі “Гаспадынька” (агародніцтва, дрэваапрацоўкі, садаводства, швейнага цэху, кветкаводства), асваенне прафесіі фатаграфавання ў межах працоўнага навучання, праекты “Папрацаваў у ахвоту – адпачні ў суботу”, “Стань зоркай”, “Школа чалавечнасці” і інш. Самае каштоўнае ў тым, што госці, а гэта 25 дырэктароў іншых школ раёна, мелі добрую магчымасць быць удзельнікам розных майстар-класаў, а таксама практычна ацаніць вынікі гэтых накірункаў дзейнасці ў Тышкавіцкай школе і разам з тым па танным кошце набыць розную сувенірную прадукцыю, вырабленую наведвальнікамі бізнес-кампаніі “Гаспадынька”: выкананыя з гіпсу фігуркі жывёл, пашытыя з тканіны падковы, падушачкі, сурвэткі і ручнічкі, “Слоікі жаданняў”; расаду пакаёвых кветак; садавіну і любімую беларусамі бульбу і інш.


Незабыўныя ўражанні ў гасцей семінара засталіся ад наведвання занятка па інтарэсах “Лега-канструяванне”, які ў гэты раз быў прысвечаны насельнікам марскіх глыбінь. Вучні другога класа разам з педагогам дадатковай адукацыі Наталляй Мікалаеўнай Бартош здзейснілі віртуальнае падарожжа ў марскія прасторы і даведаліся многа што новага і цікавага. Ну, напрыклад, ці вядома вам, хто з марскіх насельнікаў перамяшчаецца бокам (краб) і колькі доўжыцца век марской чарапахі (ад 20 да 30-ці год), якая вага дзіцяці сіняга кіта пры нараджэнні (3 тоны) і чаму дэльфінаў лічаць разумнымі істотамі (згодна з легендай дэльфіны – памерлыя ў вадзе людзі), колькі вачэй у медузы (24) і якіх колераў бываюць медузы (ружовыя, жоўтыя, сінія і інш.). І што б вы думалі рабілі дзеці-другакласнікі, каб запомніць, як выглядаюць гэтыя марскія гаспадары? Іх малявалі, ці ляпілі, а можа “фатаграфавалі” сабе з манітора ў мозг. Усё адбывалася зусім па-іншаму. Дзеці, чый узрост складаў толькі сем-восем год, пры дапамозе дэталяў лега-канструктара рабілі іх паменшаную копію. Спачатку ўсе стваралі сваю залатую рыбку, якую, перад тым, як адпусціць ва ўмоўнае, намаляванае настаўніцай мора, клалі ў далоні, заплюшчыўшы цікаўныя вачаняты, і загадвалі свае патаемныя жаданні. Пасля яны пры дапамозе шматлікіх дэталяў лега стваралі сваіх марскіх жывёл: нехта рабіў рыбу-пілу, хтосьці складаў чарапашку, камусьці трапіўся васьміног… Вы б бачылі, колькі запалу і радасці было ў дзяцей, як ім падабалася гэтая справа – шукаць неабходныя элементы лега: платформу, дыск, ключ, перакладзіну, агонь, вочкі і інш., каб змайстраваць пэўны орган той ці іншай жывёлы! А калі ведаць пра станоўчы ўплыў лега-канструявання на развіццё абодвух паўшар’яў галаўнога мозга, дробнай маторыкі рук, маўлення дзіцяці, выхаванне пачуцця эмпатыі, згуртавання дзіцячага калектыву, дык яго эфект ад уздзеяння на псіхіку і інтэлект маленькага чалавека відавочны. Важнае ў лега-канструяванні яшчэ і тое, што дзеці ўжо з малога ўзросту вучацца па-рознаму праектаваць тую ці іншую задачу, бо, як заўважыла Наталля Мікалаеўна, усяго дзве цаглінкі можна скласці дваццаццю чатырма рознымі спосабамі, а ўжо сем такіх цаглінак, гэта ўжо не адзін мільярд варыянтаў іх складвання. У дарослым жыцці ўменне ацэньваць сітуацыю рознабакова – каштоўная якасць чалавека.
А яшчэ ўдзельнікамі вучэбнай бізнес-кампаніі “Гаспадынька”, што ў складзе 15 чалавек, дарэчы, з прэзідэнтам на чале існуе пры школе, для гасцей было праведзена пасяджэнне па тэме: “Пасадка кветак”. Ніхто не стане спрачацца, што хатнія кветкі – гэта і чыстае паветра, і бясплатная прыгажосць. А для некаторых людзей – гэта хобі, рэлакс і бізнес. Школьнікі-тышкаўцы маюць магчымасць спазнаць галоўныя сакрэты вядзення бізнесу ў розных напрамках (кветкаводства, дрэваапрацоўка, шыццё), каб у далейшым больш усвядомлена падыходзіць да выбару прафесіі і занятка па жыцці. Як правільна здзейсніць пасадку розных кветак, у якую пару года гэтым працэсам лепш займацца, якая зямля прыдатная для неаднолькавых раслін, якія памылкі найчасцей робяць пры пасадцы і перасадцы – усе гэтыя і многа якія іншыя пытанні разглядаліся на пасяджэнні “Гаспадынькі”. Ра-
зам з тым, хто жадаў, мог наведаць майстар-клас і паслухаць парады правільнага фатаграфавання ад настаўніка працоўнага навучання Сяргея Мікалаевіча Бартоша, фатографа 4 разраду. Фатаграфія, як стала вядома, гэта не толькі якасная тэхніка, гэта яшчэ і веды, як фатаграфаваць так, каб здымак быў удалым. Сяргей Мікалаевіч і яго выхаванцы таксама расказалі і паказалі, як зрабіць прыгожы сувенір з гіпсу сабе і другім. Лагодныя коцікі, сябры-сабакі, пушыстыя лісанькі, божыя кароўкі і ўсё, што пажадаеш, аказваецца, можна начараваць самім. Патрабуецца, на самай справе, не так многа часу і грашова гэта не затратна. Затое вынікам будзе душэўны і ўнікальны сюрпрыз, адзінкавы, магчыма, у сваім выкананні і афармленні.
У будучым у Тышкавіцкай школе плануецца арганізаваць заняткі па перспектыўным накірунку дзейнасці – робататэхніцы. Толькі так, праз заахвочванне вучняў да новых відаў дзейнасці, у тым ліку ў сельскай мясцовасці, як выказала сваё меркаванне Галіна Бінько, намеснік начальніка аддзела па адукацыі Іванаўскага райвыканкама, можна паўплываць на гарманічнае фізічнае і псіхічнае развіццё нашых дзяцей. Ім патрэбна паказаць годную альтэрнатыву часам жорсткаму віртуальнаму свету, які, завалодваючы розумам падрастаючага пакалення, забірае ў яго шанц на паўнацэннае жыццё.

Наталля КАЗАКЕВІЧ.
Фота аўтара.