Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Образование

Ні дня без добрых спраў

Количество просмотров:

У апошні дзень сакавіка чацвёртая гарадская школа ператварылася ў маленькі востраў, дзе пануе любоў, клопат і дабрыня.

На базе ўстановы адукацыі адбыўся ХІ раённы злёт атрадаў “Міласэрнасці”. Традыцыйна праграма мерапрыемства была насычанай і запамінальнай. У холе першага паверха ўдзельнікаў сустракала выстаўка “Беларускі маячок”, якая ўключала напрацоўкі па дзейнасці атрадаў. Варта адзначыць, што кожнае прадстаўленне было па-свойму цікавым і змястоўным. Самі за сябе гавораць і назвы дзеючых атрадаў: “Добрыя сэрцы”, “Дружба”, “Памяць”…

Падчас урачыстага адкрыцця з прывітальным словам да прысутных звярнуліся старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Васіль Пятровіч Куніцкі і старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага крыжа Таццяна Пятроўна Дзеружкова.
А затым пачалося самае цікавае і доўгачаканае. У актавай зале адбыўся агляд-конкурс “Беларускі маячок”. На сцэне актывісты атрадаў расказвалі пра сваю дзейнасць, пра добрыя справы, якімі яны паўсядзённа займаюцца, падмацоўваючы выступы прэзентацыямі. Дарэчы, кожны атрад па-свойму ўнікальны, у кожнага свая прыярытэтная накіраванасць. І ўсё ж іх дзейнасць шмат у чым падобная, бо ў школьнікаў адны і тыя ж мэты і задачы, імкненні і жаданні: словам і справай дапамагчы адзінокім, акружыць увагай ветэранаў вайны, падтрымліваць парадак у месцах пахавання загінулых, добраўпарадкоўваць помнікі і абеліскі, клапаціцца пра ўсіх, хто мае ў гэтым патрэбу…

Miloserdie 1
Miloserdie 2
Miloserdie 4


Пасля агляду-конкурсу  распачалі сваю работу творчыя пляцоўкі: творчая майстэрня, гульнятэка і трэнінг “Роўны навучае роўнага”. Удзел у іх мог прыняць кожны прысутны.
У рамках злёту таксама адбыўся конкурс пераможцаў занальных праглядаў піянерскіх агітбрыгад “Запалі касцёр дабра”. Яны паказалі выступленні ў трох намінацыях: «Азбука беларускага арнаменту» (традыцыі), «Бітва за Беларусь» (гісторыя), «4G: новы фармат узаемадзеяння» (сучаснасць).
– Вызначыць пераможцаў было вельмі складана, – адзначыў падчас падвядзення вынікаў В.П. Куніцкі. – Але пасля гарачых дэбатаў лепшымі названы агітбрыгады Махроўскай, Тышкавіцкай, Дастоеўскай сярэдніх школ, яны ўзнагароджаны дыпломамі 1 ступені. Дыпломамі 2 ступені ўзнагароджаны агітбрыгады гімназіі і трэцяй гарадской школы, дыпломамі 3 ступені – агітбрыгады СШ №4 г. Іванава, Мотальскай, Крытышынскай СШ, Снітаўскай БШ, Дружылавіцкага, Патапавіцкага ВПК. Шмат удзельнікаў атрымалі падзякі раённага камітэта ГА “БРСМ” за правядзенне дабрачынных акцый, уклад у справу адраджэння высокіх ідэалаў духоўнасці і міласэрнасці.
Завяршылася мерапрыемства гала-канцэртам пераможцаў раённага конкурсу вакальнай творчасці “Спяваю табе, мой край!”.
У падрыхтоўцы і правядзенні злёту актыўны ўдзел прынялі Іванаўскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці, аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а таксама раённыя арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага крыжа і ГА “БРСМ”.

Кацярына КАЛЕНДА.
Фота аўтара.