Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Образование

Опалю – робат-рэспект

Количество просмотров:

 Амаль стагоддзе таму ўпершыню ў літаратуры было ўжыта слова “робат”. Яго аўтар – чэшскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Карэл Чапэк. Сёння «робатам», а таксама вытворнымі ад гэтага слова, не здзівіш людзей, якія сочаць за тым, “што-то дзеецца ў свеце”. Асабліва яно на слыху ў жыхароў вялікіх гарадоў, дзе віруе жыццё – робататэхніка стала перспектыўным напрамкам дзейнасці ў шэрагу сфер: ад працэсаў у касмічных прасторах да паляпшэння побытавых пытанняў. Ці прыжылося ў свядомасці правінцыялаў гэтае слова, найперш, нашых землякоў?

Прасунуты Опаль

Да нядаўняга часу аграгарадок Опаль быў шараговым населенным пунктам раённага падпарадкавання – сельскагаспадарчая вытворчасць, школа, СДК. Калісьці тут месцілася сядзіба Вішнявецкіх, ад якой сёння засталася толькі памяць пра опальскія ўладанні гэтага знакамітага шляхецкага роду. Аднак два маладыя настаўнікі – браты Аляксандр і Яўген Перначы, якія выкладаюць у мясцовай школе матэматыку і інфарматыку, нібыта коласаўскі Лабановіч, які лічыў, што чалавек павінен імкнуцца да таго, каб яго жыццё было добрым і карысным, зрабілі ў 2018/2019 навучальным годзе тое, што выклікала павагу і цікавасць не толькі ў сваіх землякоў, але і з боку замежных як пачаткоўцаў, так і сталых даследчыкаў робататэхнікі. Настаўнікі самастойна склалі 3D-прынтар (на гэта спатрэбілася цэлых 10 гадзін), які дазваляе друк мадэляў у трохмернай прасторы, паклалі пачатак дзейнасці школьнага гуртка пад назвай “Робататэхніка на аснове Arduino”, прадставілі для ўдзелу ў раённым і абласным этапах навуковай канферэнцыі “З навукай у будучыню” робат-машыну і гадзіннік на аснове Arduino – зручная платформа хуткай распрацоўкі электронных прылад.

Як усё пачалося?

Ідэю займацца робататэхнікай падкінуў Яўген – малодшы сярод Перначаў, калі праходзіў службу ў арміі. Падмацаваў гэтае незвычайнае жаданне братоў Аляксей Юр’евіч Багатаў, дырэктар Самарскага абласнога цэнтра дзіцяча-юнацкай тэхнічнай творчасці дзіцячага тэхнапарка “Кванторыум – 63 рэгіён”. На рэгіянальным этапе Міжнароднага Кірмашу сацыяльна-педагагічных ідэй (праходзіў у нашым горадзе ў верасні 2018 г.) ён прэзентаваў дрон – інтэлектуальны прадукт, зроблены ўдзельнікамі тэхнапарка. Затым быў плённы пошукавы перыяд неабходнай літаратуры ў інтэрнэце і не толькі. Напачатку мінулага навучальнага года ў Опальскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-сярэдняя школа з’явіўся школьны гурток па робататэхніцы, базавым для якога паслужыў распрацаваны і рэкамендаваны Міністэствам адукацыі Рэспублікі Беларусь дакумент аб дзейнасці клубаў, секцый і гурткоў па інтарэсах для атрымання дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Падарыце мне канструктар!

Калі верыць рэкамендацыям псіхолагаў, цікавасць да праграмавання праяўляецца яшчэ ў маленькім узросце: калі ваша дзіця аддае перавагу канструктарам, а не мікрафону, смаўжам ці размалёўцы, магчыма, у будучым ён абярэ прафесію, звязаную з сучаснымі камп’ютарнымі тэхналогіямі, стане перспектыўным спецыялістам у сферы выкарыстання штучнага інтэлекту. Таму, калі ваш любімы кіндэр марыць пра канструктар, ёсць сэнс ашчаслівіць яго.

Амаль экзамен

Для таго, каб стаць удзельнікам гуртка па робататэхніцы, што дзейнічае пры школе ў Опалі, трэба вытрымаць невялікае выпрабаванне ведамі. Як расказалі Аляксандр і Яўген Перначы, кіраўнікі гэтага гуртка: у пачатку верасня вучням 6-11 класа прапануецца тэст, па выніках якога ідзе адбор дванаццаці лепшых навучэнцаў. Паколькі вывучэнне інфарматыкі ў школе пачынаецца з шостага класа, то гэтым вучням рыхтуецца тэст з матэматычнымі заданнямі на логіку. Школьнікам, знаёмым з прадметам (інфарматыкай – заўв. аўтара), пытанні складаюцца з папярэдняга школьнага курса. Асабістая прафесійная цікаўнасць паставіла крыж жаданню займацца робататэхнікай: з дзесяці пытанняў тэста для 9 класа па тэме “Алгарытмізацыя і праграмаванне” я ведала адказ толькі на апошняе – хто лічыцца пачынальнікам кібернэтыкі? Дык хто ж ён – Норберт Вінэр, Джон фон Нэйман, Іван Паўлаў, Мацвей Платаў, паспрабуйце адказаць і вы.     
Заняткі ў гуртку “Робататэхніка на аснове Arduino” праводзяцца адзін раз у тыдзень на працягу трох гадоў запар. За 45 хвілін, менавіта столькі часу доўжыцца адзін занятак, дзеці рознага ўзросту спасцігаюць пачаткі праграмавання і робататэхнікі. Дарэчы, Аляксандр і Яўген Перначы, неабходныя веды, звязаныя з праграмаваннем, атрымалі ў брэсцкай альма-матэр – на фізіка-матэматычным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Вывучэннем асноваў робататэхнікі настаўнікі займаліся самастойна – у вольны ад школы час штудзіравалі інтэрнэт-прастору, куплялі дадатковую літаратуру. Пасля – сваімі ведамі пачалі дзяліцца са школьнікамі. “У мінулым навучальным годзе дзейнічала адна група з дванаццаці чалавек гэтага гуртка пры нашай школе. У верасні гэтага года з’явіцца яшчэ адна такая група. Справа ў тым, што як толькі агучваеш прапанову займацца робататэхнікай, з’яўляецца лес рук – амаль кожны вучань хацеў бы наведваць гурток. Самы моцны стымул у гэтай справе – магчымасць удзелу ў рознага характару мерапрыемствах, спаборніцтвах”, – падзяліўся А. Пернач.

Важныя мілісекунды

Атрымаць станоўчы вынік ад сваёй працы і адчуць гонар за сябе і каманду браты-Перначы напоўніцу змаглі за непрацяглы час: акрамя паспяховага, пераможнага, удзелу ў раённым і абласным этапах навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”, такім жа стаў Першы Брэсцкі турнір па робататэхніцы SmartRoboFest  (красавік 2019). На VII Мінскім адкрытым робатурніры каманда “Опальскага УПК д/с-СШ” заняла ганаровае 4-е месца. “Разумная” машына каманды “PMG” за 3,546 секунды (адставанне ад трэцяга месца склала 0,193 секунды) праехала 15-мятровую дыстанцыю, знаходзячы перашкоды і аб’язджаючы іх. Удзельнікаў у розных катэгорыях на дадзеным робатурніры было больш за тысячу. Акрамя беларусаў, там былі прадстаўнікі з Украіны, Латвіі, Казахстана і Расіі.   

Што можа PMG?

Трохлітарная абрэвіятура “PMG” – гэта назва опальскай каманды, якая з моманту яе заснавання (2018 г.) бярэ ўдзел у рознага характару спаборніцтвах з прыстаўкай “робата”. Сэнс, закладзены ў загалоўку, просты – пачатковыя літары прозвішчаў удзельнікаў каманды па-ангельску: Pernach/Markevich/Gizmont – склалі сутнасць назвы.   
Гадзіннік на базе мікракантролера Arduino, разумная машына, якая здольная да руху з аб’ездам перашкод, 3D-прынтар – напрацоўкі па робататэхніцы за год з лішкам маладых і перспектыўных педагогаў з Опаля. Іх інтэлектуальным патэнцыялам ужо зацікавіліся некаторыя кіраўнікі ўстаноў. Пакуль Аляксандр і Яўген Перначы застаюцца непахіснымі ў выбары працы на карысць малой радзімы. Што наперадзе? Планаў у братоў, што буслоў па вясне ў нашых краях. Быць можа, праз некаторы час педагогі-Перначы запросяць некага на кубачак кавы ці гарбаты, кіпень для якіх падрыхтуецца без удзелу чалавека. Пераначуем, як кажуць беларусы, болей пачуем.     

Наталля Крывецкая.