Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Образование

Патрыятызм і «дойч» – два стрыжні педагога

Количество просмотров:

Дзесяцікласніцай яна думала аб тым, каб прысвяціць сваё жыццё медыцыне, але ў рэшце рэшт абрала педагагічны шлях. Сённяшняя суразмоўца – настаўніца нямецкай мовы чацвёртай гарадской школы Святлана Васільеўна Валашчук, выхаванцы якой з году ў год паказваюць добрыя вынікі ў прадметнай алімпіядзе і конкурсах даследчых работ навучэнцаў. Руплівая і адданая праца педагога атрымала высокую ацэнку – сёлета яе імя ўпрыгожыла раённую Дошку гонару.

«Дойч» перамог

Малая радзіма Святланы Валашчук – вёска Сычэва ў Іванаўскім раёне. Тут яна закончыла дзевяцігодку. Давучвацца прыйшлося ў суседніх Сачыўках – найбліжэй ад бацькоўскага дома сярэдняя школа была рыхтык тут. Многія школьныя прадметы былі да душы дзяўчыны. З улікам таго, што яна намервалася стаць паслядоўніцай Гіпакрата, акцэнт пэўны  час рабіўся на хіміі. Аднак за некалькі месяцаў да паступлення наша выпускніца вырашыла працягнуць сямейную дынастыю. Маці, Лідзія Дзянісаўна, працавала настаўнікам нямецкай мовы ў Сычэўскай БШ. Напэўна, яе бязмерная любоў да дзяцей і «дойча» паўплывала на даччыны прафесійны шлях.Такім чынам, урач «праваліўся» – затое перамог «дойч». У 1996 г. Святлана Васільеўна закончыла філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Тады ж малады спецыяліст прыйшоў на працу ў родную школу. З 2000-га года і па сённяшні дзень настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Святлана Валашчук прывівае любоў да нямецкай мовы навучэнцам СШ №4 г. Іванава.

Амаль родная

Працаваць тут, як кажа суразмоўца, і лёгка, і прыемна, і адказна адначасова. Дадзеная ўстанова – візітная картка не толькі Іванаўшчыны ў адукацыйным плане: па-першае, гэта адзіная гарадская беларускамоўная школа ў Брэсцкай вобласці, па-другое, установа можа пахваліцца шыкоўным музычным патэнцыялам, а таму навучэнцаў і педагогаў музычнага аддзялення ведаюць не толькі ў нашай краіне. Недалёка ад кабінета нямецкай мовы часам займаюцца музыканты. Наша размова са Святланай Васільеўнай адбывалася ў такой цудоўнай атмасферы – у суседнім пакоі на фартэпіяна гучала неўміручая класіка.
Святлана Валашчук шмат разоў была ў Германіі, мае дастаткова сяброў-немцаў, яна трымае сувязь з Goethe Institut (Інстытут імя Гётэ, Мінск), час ад часу бывае перакладчыкам для турыстаў, што прыязджаюць у раён. Гэта значыць, зносіны па-нямецку для яе не абмяжоўваюцца ўрокамі ў школе. Увогуле, «дойч» для Святланы Валашчук «амаль як родная мова», а выкладаць яго па-беларуску настаўніцы проста, бо згодна з дыпломам педагог яшчэ і беларусазнаўца.
Нягледзячы на заўвагі некаторых бацькоў пра складаныя адукацыйныя праграмы, вывучэнне замежных моў у пачатковых класах Святлана Васільеўна лічыць добрай з’явай. У пэўнай ступені такі погляд абумоўлены тым, што замежныя мовы – будучыня нашых дзяцей. «Таму, чым раней яны пачнуць спасцігаць таямніцы пэўнай замежнай мовы, тым лепш. Па-першае, сучасныя дзеці маюць большыя магчымасці, чым нават іх бацькі, а па-другое, свет стаў іншым, а таму мы павінны адпавядаць яго патрабаванням». Педагог робіць адну невялікую рэмарку: школьнікам-пачаткоўцам заняткі на замежнай мове неабходна абавязкова праводзіць у гульнявой форме. Праўда і тое, што дзеці да яе за два гады прызвычайваюцца. Аднак вопытны педагог ведае, што ў дадзенай сітуацыі рабіць у старэйшых класах.

voloschuk-2

Мудрая нацыя

Займаючыся на другім курсе альмаматэр, па праграме абмену студэнтамі Святлана Валашчук пабывала ў Равенсбургу. Уражанні ад той паездкі незабыўныя. «Першае, што здзівіла, гэта жыццё, як па раскладзе. Немцы вельмі арганізаваныя. Яны па максімуму рацыянальна выкарыстоўваюць любую хвілінку. Па-другое, яны па-іншаму, я б сказала прасцей, ставяцца да многіх рэчаў, ну, напрыклад, да прыёму гасцей. У параўнанні з немцамі, беларусы адносяцца да гасцей, як да малых дзяцей, незалежна ад узросту таго, хто здзяйсняе візіт. Яшчэ мяне скарыла іх ветлівасць. Словы-вітанні, падзякі, прабачэння гаварылі ўсе і заўжды. Самым, напэўна, шыкоўным з’яўляецца тое, як нямецкі народ трапятліва ставіцца да сваіх каранёў, гісторыі, культуры, мовы. І сёння з боку нямецкай улады робяцца вялікія захады для папулярызацыі гэтых кампанентаў. Гэта, лічу, прыкмета мудрасці, перпетуум-мобіле, нацыі. Тады і праз некаторы час, калі давучылася, у мяне была магчымасць застацца за мяжой. Аднак у дадзенай сітуацыі патрыятызм мяне перасіліў».

На ростанях

Нягледзячы на тое, што сённяшні навучальны год для Святланы Васільеўны юбілейны, дваццаць пяты, і яна падрыхтавала не аднаго стыпендыята спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, а яшчэ многія яе вучні абралі сабе прафесію, звязаную з нямецкай мовай, моманты ваганняў у навучальным працэсе, як гаворыць яна сама, надараюцца. У большасці, думаецца, яны звязаны з патрабавальнай сутнасцю настаўніка. Як «дастукацца» да душы кожнага вучня? Якім чынам арганізаваць урок, каб усіх паспець выслухаць, каб кожная часіна на ім была выкарыстана з карысцю, каб кожны хлопчык ці дзяўчынка паспелі раскрыцца? Гэтыя і падобныя пытанні віруюць у галаве Святланы Васільеўны пастаянна, вызначаючы, тым самым, яе педагагічнае крэда.

Пра сябе

У працы і жыцці я больш практык.
Любімы нямецкі аўтар і кніга – Маркус Зусак «Кніжны злодзей».
Словы настаўніка, якія запомніліся назаўжды – «Выхавай вучня так, каб пазней было ў каго вучыцца».
Школьны ўрок для мяне – гэта экзамен на дабрыню, справядлівасць, душэўнасць, узаемаразуменне і ўзаемадзеянне.
Як настаўнік, я мару, каб прафесія педагога стала значнай і паважанай, а да настаўніка было больш даверу; каб вучні вучыліся з жаданнем, умелі адстойваць свой пункт гледжання, не спыняліся на дасягнутым і сталі проста добрымі людзьмі; каб у школе для вучняў было камфортна вучыцца, для настаўніка – былі ўмовы, каб рэалізаваць свой творчы патэнцыял. Мару пра тое, каб ніколі не быць у стане эмацыйнага выгарання, каб заўсёды былі новыя ідэі і магчымасці для іх рэалізацыі.
 

Анастасія Жушма, былая вучаніца: «Ніводзін з урокаў нямецкай мовы для мяне не быў нудным, і мы ніколі не працавалі выключна па падручніку. Паколькі я актыўна ўдзельнічала ў алімпіядах, конкурсах, канферэнцыях, то безумоўна, хвалявалася. У такія моманты Святлана Васільеўна знаходзіла патрэбныя словы, якія давалі мне ўпэўненасць. Як вынік – я атрымлівала асалоду ад усяго новага ў сваім вучнёўскім жыцці». 

Яўгеній Васільевіч Стасюк, дырэктар СШ№4: «Самая каштоўная якасць Святланы Васільеўны як педагога – гэта прафесіяналізм. Дзякуючы бязмернай любові да прадмета, імкненню да прафесійнага роста, імя гэтай настаўніцы сёння – гонар нашай школы».


 Наталля Крывецкая.