Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Образование

Педагог у трэцім пакаленні

Количество просмотров:

У адной з самых вялікіх школ нашага раёна працуе добры настаўнік. Гэта дабрыня адбіваецца ў яго глыбокіх і разумных вачах, напоўненых любоўю да сваіх выхаванцаў. Вольга Васільеўна Пернач з 2011 года выкладае ў гарадской сярэдняй школе №3 гісторыю. Вось ужо сем гадоў яна дорыць сваім вучням веды, адкрывае ім вялізны і цікавы свет мінуўшчыны…

Прафесія настаўніка стала для Вольгі Васільеўны сапраўдным прызваннем. Аб сваім далейшым жыццёвым шляху дзяўчына ведала яшчэ ходзячы ў школу. Бо на пытанне – чаму менавіта педагог? – Вольга адказала, што ў іх гэта сямейная прафесія. І дзядуля, і бабуля, і мама – педагогі, таму праблем з вырашэннем куды паступаць нават не ўзнікала.
Набывала навыкі сваёй далейшай справы ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна, затым – у магістратуры гэтай жа ўстановы на завочным аддзяленні. Будучая настаўніца спачатку хацела быць філолагам, але потым гісторыя перацягнула на свой бок. Як расказвала Вольга Васільеўна, у дзяцінстве вельмі любіла чытаць, асабліва творы беларускіх аўтараў, да якіх прывіла любоў у свой час настаўніца беларускай літаратуры Г.М. Сацута, а ў цэлым самы любімы жанр – дэтэктыў. Дык вось і гісторыя ўспрымалася для яе, як вялікі дэтэктыў, у якім дзяўчына любіла разбірацца, вызначаць прычынна-выніковыя сувязі паміж рознымі па-
дзеямі і асобамі.
Калі даведалася на размеркаванні, што працаваць адправіцца ў сярэднюю школу №3 г. Іванава, вельмі ўзрадавалася, бо вернецца на сваю малую радзіму, дзе ўсё блізкае і роднае, ды і школа гарадская вялікая, дзяцей у ёй шмат, а значыць і працаваць будзе цікава. Так, ужо сем гадоў маладая настаўніца стараецца быць карыснай для сваіх выхаванцаў. Акрамя гісторыі выкладае і прадмет «Айчынная і сусветная мастацкая культура», на якім дзеці атрымоўваюць веды пра сучасную і традыцыйную культуру, з’яўляецца кіраўніком школьнага музея адукацыі Іванаўскага раёна.
На самой справе настаўнік – прафесія вельмі не простая. Неабходна рыхтавацца да ўрока не толькі вучням, выконваючы дамашняе заданне, але і настаўніку: падабраць цікавыя спосабы і матэрыялы для выкладання, успрымання і паспяховага замацавання новых ведаў, уменняў і навыкаў. Прытым і паводзіць сябе трэба па-асабліваму. Як вядома, у кожнага настаўніка свае прынцыпы навучання дзяцей, а ў Вольгі Васільеўны Пернач галоўны адзін – дабрыня і ўсмешка. Зразумела, што і без дысцыпліны нікуды, але, як лічыць педагог, настаўніку неабходна падаваць асабісты прыклад паводзін і адносін да людзей, якія знаходзяцца побач. Не дзіўна тады, чаму дзеці, пры сустрэчы на школьным карыдоры, усе хорам, бы птушаняты, хораша пяюць ёй: «До-о-обры дзе-е-ень, Вольга Васільеўна!».  
Трэцяя школа – першая, у якой працуе малады педагог. Яе нядоўгая кар’ера і станаўленне як настаўніка адбылося якраз у ёй. Таму ўсё тут для Вольгі Пернач асаблівае: тут прыйшлося не раз перадужыць свой страх, бо яшчэ ўчора ты студэнт, а сёння – ужо настаўнік, тут сустрэліся добрыя калегі, якія дружна працуюць на працягу многіх гадоў. Дарэчы Вольга называе іх сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы, якія маюць ужо не малы вопыт у працы і шчыра дзеляцца ім з малодшымі настаўнікамі.
– Школа для мяне – гэта нешта асаблівае. Тут заўсёды прысутнічае імкненне да нечага новага, тут раскрываюцца таленты. У школе настаўнік заўсёды будзе адчуваць сябе маладым, бо столькі энергіі і пазітыву, мабыць, няма больш ні ў якім месцы. У нас працуе шмат гурткоў, факультатываў, і мне падаецца, што дзеці пачуваюць тут сябе камфортна. Мы ўдзельнічаем у розных алімпіядах, навуковых і спартыўных спаборніцтвах, краязнаўчых конкурсах, рыхтуем навуковыя працы і маем вялікую колькасць узнагарод. Усе настаўнікі стараюцца працаваць, каб узровень ведаў вучняў і ўвогуле аўтарытэт нашай школы былі на высокім узроўні. Вельмі прыемна, калі бачыш добры вынік сваёй працы, калі вучні ведаюць і карыстаюцца тым, што так хацелася перадаць. Я лічу, што галоўнае – гэта жаданне і старанне. Калі ёсць дзве гэтыя галоўныя рэчы, пад сілу будзе любая навука, – дзеліцца Вольга Васільеўна Пернач.

Ірына ЗАЙМІСТ.
Фота аўтара.