Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Образование

Прэміі ад Прэзідэнта

Количество просмотров:

На працягу амаль чвэрці стагоддзя ў нашай краіне ажыццяўляе дзейнасць спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы здольных навучэнцаў і студэнтаў. За гэты перыяд больш за 20 тысяч адораных юнакоў і дзяўчат атрымалі матэрыяльную дапамогу ад Кіраўніка дзяржавы. Але асаблівы гонар адчуваеш, калі ў лік гэтых самародкаў трапляюць нашы землякі.

На днях старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатолій Ткачук сустрэўся з трыма навучэнцамі школ Іванаўскага раёна, пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх алімпіяд, навуковых канферэнцый, конкурсаў даследчых работ, удастоенымі гэтага гонару. 
Хто ж нашы героі? Малодшы з іх – Максім Лагодзіч, навучэнец Снітаўскай БШ. 
Як падкрэсліла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Пархамчук, гэта выключны выпадак, калі навучэнец базавай школы атрымлівае дыплом 2-й ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Таксама дыплом 2-й ступені на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ па нямецкай мове атрымала выпускніца гарадской СШ №4 Анастасія Жушма. А дыпломам 3-й ступені на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ навучэнцаў у секцыі «Беларуская літаратура» ўзнагароджана гімназістка Ангеліна Багаль. За гэтыя дасягненні ў 2019 годзе яны і ўдастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта. 
Звычайна ўзнагароджанне праводзіцца ў раёне ва ўрачыстай атмасферы, аднак з улікам цяперашняй эпідэмічнай сітуацыі было вырашана сустрэцца вузкім колам. 


– У вас наперадзе доўгае жыццё і перад вамі адкрыты якія заўгодна шляхі. Вам трэба толькі зрабіць усвядомлены выбар. Жадаю, каб гэтыя шляхі былі прамымі, каб на іх было паменш перашкод, а ўсе вашы планы здзяйсняліся, – гэтымі словамі Анатолій Уладзіміравіч павіншаваў маладых талентаў і ўручыў ім узнагароды ад Прэзідэнта і падарункі ад раённага выканаўчага камітэта.
Мы папрасілі адну з удзельніц мерапрыемства – Анастасію Жушма падзяліцца сваімі ўражаннямі:
– Мне вельмі прыемна было атрымаць гэтую ўзнагароду. Я доўга і мэтанакіравана ішла да поспеху, які стаў вялікай радасцю для мяне і ўсіх маіх блізкіх. Шмат у чым гэтая перамога паўплывала на выбар будучай прафесіі. Я вельмі хачу стаць перакладчыкам і буду паступаць у дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт.
Мы таксама далучаемся да слоў віншаванняў і шчыра рады за нашых землякоў, жадаем ім поспехаў ва ўсіх справах і задумах.

 Валерый Міхальчук.