Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Образование

Школа адсвяткавала дзень нараджэння

Количество просмотров:

Педагог – адна з самых клапатлівых прафесій. Шчодрасць душы, любоў і сапраўдная цікавасць да справы, гатоўнасць аддаць усе свае сілы і веды – вось асабістыя якасці педагогаў, якія працуюць у ДУА «Сярэдняя школа № 4 г. Іванава». Што не раз пацвярджалася падчас святочнай праграмы, прысвечанай 28-му дню нараджэння школы. У мінулую пятніцу ў актавай зале сабраліся ўсе тыя, каго лёсам аб’яднала гэтая навучальная ўстанова.

Дзень нараджэння школы – гэта не толькі свайго роду гістарычная веха, але і мяжа, якая дае магчымасць ацаніць пройдзены шлях, успомніць добрым словам тых, хто прысвяціў сваё жыццё, педагагічны талент роднай школе, і, вядома, удакладніць планы на будучыню.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся дырэктар школы Яўген Васільевіч Стасюк:
– Заўважу, што ў пачатку мерапрыемства гучала такая фраза: «Калі зоркі запальваюцца, значыць, гэта камусьці трэба». Сапраўды, 14 снежня 1991 года запалілася зорка пад назвай «Сярэдняя школа № 4 г. Іванава». Адзіная на сённяшні дзень гарадская школа ў Брэсцкай вобласці з навучаннем на беларускай мове, і адзіная ў Рэспубліцы Беларусь беларускамоўная гарадская з музычным ухілам школа. Калісьці вельмі даўно мудрацы сказалі, што наступнай або другой пасля хлеба ідзе школа, пасля маці – настаўнік. Гэта сапраўды так, таму што школа – гэта дом, які складаецца з настаўнікаў,  тэхработнікаў установы адукацыі, вучняў і іх бацькоў. 


Павіншаваць школу з днём нараджэння прыйшоў і ветэран педагагічнай працы, першы дырэктар школы Рыгор Рыгоравіч Сыраватка.
– Па-першае, дзякуй за тое, што ўзнавілі традыцыю адзначать гэтае свята. У свой час яно для нас было самым важным. Пачынаючы з першага года маёй працы ў школе, мы кожны раз рыхтавалі канцэртную праграму да дня яе нараджэння. Нагадаю, што гэта быў дзень, калі вучні кіравалі працэсам. Словам, свята школы было заўсёды, нягледзячы на тое, што на носе былі Новы год, Ражство і Каляды.
За тую атмасферу, што была ў школе, я найперш удзячны настаўнікам у іх такой няпростай рабоце: барацьбе за чалавека. Таму што ў сённяшнім нашым грамадстве выхоўваць чалавека даволі складана, каб ён заставаўся чалавекам. Не проста паслухмянцам, а Асобай. І гэта вельмі важна, – адзначыў былы дырэктар.
Асаблівую ўдзячнасць кіраўніцтва школы выказала педагогам-ветэранам, яны да гэтага часу перажываюць за ўсё, што адбываецца тут, у сценах школы.
На святочным канцэрце ў гонар Дня яе нараджэння выступілі навучэнцы, якія паказалі яркія вакальна-танцавальныя нумары і тэатральныя пастаноўкі.
У фае працавала выстава з паштовак і малюнкаў да 28-годдзя школы. З цікавасцю госці, якія прыйшлі на свята, разглядалі творчасць дзяцей.
Яшчэ доўгі час пасля завяршэння канцэрта калегі абменьваліся навінамі і ўспаміналі школьную пару ў сваёй працоўнай біяграфіі. 


Настасся Мішкавец.