Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Образование

Скарбонка педагагічнага вопыту

Количество просмотров:

 У пятніцу, 13 верасня, Іванаўскі раён прымаў удзельнікаў VI рэгіянальнага этапу Міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый. Ужо шмат гадоў гэты форум аб’ядноўвае прадстаўнікоў сферы адукацыі Беларусі і Расіі і з’яўляецца платформай для абмену вопытам паміж настаўнікамі, фарміравання новых методык навучання і развіцця сацыяльнага партнёрства. За час існавання кірмашу ўдзел у ім прынялі амаль 5000 настаўнікаў, было прадстаўлена 679 праектаў, праведзена 58 аўкцыёнаў і 112 майстар-класаў. Сёлета тут сустрэліся больш за 800 актыўных, ініцыятыўных і апантаных прадстаўнікоў сферы адукацыі.

Адкрываючы мерапрыемства, усіх прысутных павітаў старшыня Іванаўскага райвыканкама Анатолій Уладзіміравіч Ткачук. Ён адзначыў, што сёння перад галіной адукацыі стаяць няпростыя задачы. Галоўная з іх – фарміраванне сапраўднага грамадзяніна, патрыёта сваёй краіны. І прыемна, што расце з года ў год колькасць удзельнікаў форуму, а гэта служыць павышэнню прэстыжу педагагічнай прафесіі.
– Жадаю ўсім яркіх, запамінальных момантаў, плённай працы і новых прафесійных адкрыццяў, – сказаў кіраўнік раёна.
Анатолій Уладзіміравіч таксама падзякаваў настаўнікам за працу і ўзнагародзіў Граматамі і Падзячнымі лістамі Іванаўскага раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў С.М. Ляхавец, С.В. Цябук, В.А. Шурхай, Т.М. Калацэй, В.І. Канапацкую, Л.М. Скакун, Т.М. Алёніну, С.М. Кацко, У.В. Раманюка.
Да слоў прывітання далучыліся першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Фёдаравіч Жук і міжнародны каардынатар Міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый, галоўны спецыяліст Атрадненскага ўпраўлення міністэрства адукацыі Самарскай вобласці Аляксандр Віктаравіч Пічкуроў.
Урачыста адкрыў VІ рэгіянальны этап Міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый начальнік аддзела па адукацыі Іванаўскага райвыканкама Сяргей Анатольевіч Варуха. Ён шчыра падзякаваў тым, хто прыняў удзел у педагагічным форуме. Сёлета гэта дэлегацыі з Мінска, Пінска, Пінскага, Ганцавіцкага, Ляхавіцкага, Столінскага, Драгічынскага, Кобрынскага і, вядома ж, Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, Ленінскага раёна горада Брэста, Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці, дэлегацыя Расійскай Федэрацыі: Самарская вобласць, гарады Валгаград, Перм, Растоў-Вялікі і Магадан. Дарэчы, педагогі з Магадана ў форуме прынялі ўдзел упершыню.
Вядучыя мерапрыемства пазнаёмілі гледачоў з дасягненнямі навучэнцаў Іванаўшчыны. У скарбонцы перамог раёна: сярэбраны медаль на 51-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе па хіміі, 30 узнагарод спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і моладзі, тры выпускнікі раёна ў 2019 годзе маюць 100-бальныя сертыфікаты па ЦТ, штогод выхаванцы музычнага аддзялення сярэдняй школы №4 г. Іванава ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах выканальніцкага майстэрства атрымліваюць больш за 300 узнагарод, а Мотальскі дзіцячы сад заваяваў званне лепшай установы дашкольнай адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Innovacii 2
Innovacii 3
Innovacii 4
Innovacii 5
Innovacii 6
Innovacii 7
Innovacii 8
Innovacii 9
Innovacii 10
Innovacii 11
Innovacii 12
Innovacii 13
Innovacii 14


Яскравым і запамінальным момантам мерапрыемства стала насычаная канцэртная праграма, падрыхтаваная творчымі калектывамі з гарадскіх сярэдніх школ №3, №4, Мотальскіх сярэдніх школ, Цэнтра дзіцячай творчасці, харэаграфічнай школы мастацтваў, народным хорам «Ясельда» Цэнтра культуры і народных традыцый.
Затым наступіў доўгачаканы момант форуму – непасрэдна сам кірмаш. У танцавальнай зале раённага Цэнтра культуры і народных традыцый размясціліся выставачныя стэнды з распрацоўкамі ўрокаў па розных прадметах, методыкамі па выхаванні, сістэмамі арганізацыі пазакласнай працы і вольнага часу школьнікаў і шмат чым іншым. Падчас прэзентацыі экспазіцый можна было даведацца, напрыклад, як навучыцца вучыць, або як стварыць экадружалюбную сям’ю, ці як накіраваць мастацтва на дапамогу настаўніку. Больш за сто стэндаў устаноў адукацыі было прадстаўлена на суд настаўніцкай суполкі. І ўсё гэта накіравана на тое, каб спрыяць росту адукаванасці нашых дзяцей.
У гэты ж час у глядзельнай зале адбыўся аўкцыён «Праект года-2019», на якім былі выстаўлены на продаж 12 праектаў педагагічнага вопыту. Сярод іх попытам карысталіся і працы іванаўскіх педагогаў. Гэта электронны дапаможнік па матэматыцы «Па сцяжынках графаў» для вучняў 2-9 класаў, прадстаўлены настаўніцай Адрыжынскай СШ Л.Л. Калтуновіч, дзіцячы атлас Іванаўскага раёна, распрацаваны метадыстам раённага вучэбна-метадычнага кабінета В.А. Паляшчук, тэставыя заданні для правядзення тэматычнага кантролю на ўроках матэматыкі ў 6 класе ад настаўніцы з гарадской гімназіі Т.М. Лось. Кірмаш прайшоў вельмі актыўна, яго ўдзельнікі набылі патрэбныя ў педагагічнай дзейнасці методыкі навучання, а прадаўцы зарабілі не толькі грошы, але і аўтарытэт сярод калег.
Акрамя таго, у фае Цэнтра культуры дзейнічалі асабістыя выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва педагогаў Іванаўшчыны.
Увайшлі ў праграму педагагічнага форуму і ўрокі вышэйшага прафесійнага майстэрства. Майстар-класы праводзіліся на базе гарадской гімназіі. Арганізоўвалі іх вопытныя і таленавітыя педагогі з Брэсцкай вобласці, Расійскай Федэрацыі, а таксама члены рэспубліканскага клуба «Крыштальны журавель» (удзельнікі конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь»). Усяго праведзена 37 урокаў майстэрства. Запамінальным стаў майстар-клас Іны Васільеўны Дробышавай, настаўніцы рускай мовы і літаратуры з гімназіі, па тэме «Падрыхтоўка да алімпіяды з дапамогай нестандартных ведаў».
Гэтае свята навукі дало магчымасць прадэманстраваць, што педагагічны прафесіяналізм запатрабаваны і з’яўляецца самым каштоўным здабыткам педагагічнай супольнасці. Нягледзячы на тое, што мерапрыемства працягвалася цэлы дзень і, напэўна, яго ўдзельнікі стаміліся, але ўсе атрымалі зарад пазітыўных эмоцый. Аб гэтым падчас цырымоніі закрыцця форуму гаварылі госці.
Вынікі канферэнцыі падвялі С.А. Варуха, А.В. Пічкуроў і А.Ф. Жук, якія ўзнагародзілі актыўных удзельнікаў кірмашу і запрасілі ўсіх прысутных на рэгіянальны этап кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый, які пройдзе з 29 лістапада ў Магадане, а таксама на Міжнародны кірмаш, што адбудзецца ў Брэсце падчас вясновых канікул з 30 сакавіка па 4 красавіка 2020 года. На заканчэнне яны пажадалі ўсім поспехаў у далейшай даследчай і пошукавай дзейнасці!
Дарэчы, аддзел па адукацыі Іванаўскага райвыканкама выказвае словы ўдзячнасці за дапамогу ў арганізацыі падзеі аддзелу культуры райвыканкама і Іванаўскаму райспажыўтаварыству.

Валерый Міхальчук.