Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Образование

Старадаўняе рамяство

Количество просмотров:

Маленькая цяністая вулачка. Вакол густыя кроны дрэў, прыватныя домікі, а на ўваходзе драўляная скульптура бондара – падарунак ад удзельнікаў пленэра разьбяроў. У гэтым ціхім маляўнічым месцы размясцілася Іванаўская дзіцячая школа мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Школа бондарства

Так па-простаму называюць людзі ўстанову. Зрэшты, такую назву яна мела з моманту адкрыцця ў 2000 годзе і аж да 2012 года, калі атрымала новае найменне і статус. Першым яе дырэктарам быў Васіль Іосіфавіч Голік. Школу можна смела назваць яго стварэннем. Па распрацаваных Васілём Іосіфавічам праграмах дзеці займаюцца і па сённяшні дзень. На жаль, пасля адкрыцця ўстановы пражыў гэты мудры і ініцыятыўны чалавек нядоўга. Але яго добрыя пачынанні працягнулі таленавітыя кіраўнікі Тамара Іванаўна Голік і вось ужо чацвёрты год Наталля Міхайлаўна Гацэвіч. Сёлета тут праведзены рамонт, заменены вокны, падлогі, атынкаваны і пафарбаваны сцены, усталяваны санвузлы – усё зроблена для больш камфортнага і зручнага навучання дзяцей.

Тут вучаць сябраваць

– Мы вучым дзяцей не толькі бондарнаму рамяству, але і працавітасці, уважлівасці, сяброўству, – кажа Наталля Міхайлаўна.
Педагогі прыкладаюць усе намаганні, каб заняць вольны час дзяцей, адарваць іх ад камп’ютараў і дэвайсаў. І бацькі з энтузіязмам успрымаюць такі падыход, бо любое рамяство спатрэбіцца ў жыцці. С цягам часу чарга ва ўстанову не ра-дзее, наогул бацькі з задавальненнем аддавалі б сюды дзяцей і малодшага ўзросту. Але прымаюць у школу вучняў толькі з сёмага класа. Як адзначае Н.М. Гацэвіч, чалавек павінен сфарміравацца маральна і фізічна, каб выконваць цяжкую працу з драўнінай.

Bondari 1
Bondari 3
Bondari 4
Bondari 5
Bondari 6


Сёлета школа прыняла на навучанне 97 школьнікаў, з якіх 89 хлопчыкаў. Астатнія восем дзяўчынак наведваюць клас мастацкага роспісу па дрэве, адкрыты літаральна тры гады таму.
Вельмі няпроста авалодаць адным са старажытных відаў рамяства. Таму навучанне ажыццяўляецца напрацягу трох гадоў. Заняткі праходзяць тры дні ў тыдзень па тры ўрокі. Акрамя практыкі дзеці праходзяць курсы малюнку, чарчэння, матэрыялазнаўства, тэхналогіі вырабу бондарнага посуду (у першы год). На другі-трэці год дадаюцца яшчэ такія прадметы, як кампазіцыя, дэкаратыўнае аздабленне посуду і мастацкія рамёствы.

Пракласці дарогу ў прафесію

На занятках дзеці і іх настаўнікі робяць шмат рэчаў. Гэта і лазневае начынне (балеі, шайкі, каўшы, вёдры, купелі), і гаспадарчы посуд (вёдры, падойнікі, бочкі, кадкі, кумганы), апрацоўчыя дошкі, вазы і многае-многае іншае. Для іх вытворчасці закупляецца спецыяльная драўніна – хвоя, алешына, ліпа, дуб. Калі вучні робяць іх са школьнага матэрыялу, то яны застаюцца для выстаў. Але дзеці часта прыносяць свой – каму не хацелася б мець у гаспадарцы бочачку для засолкі агуркоў ці апрацоўчую дошку ручной працы!?
Вядома ж, установе даводзіцца план платных паслуг. А таму навучэнцы і педагогі імкнуцца яго выконваць. У гэтым кірунку працуе школа па прыватных заказах, а таксама часта ўдзельнічае ў выставах-продажах.
– Мы выстаўляемся на ўсіх раённых мерапрыемствах, запрашаюць нас таксама на вобласць і на рэспубліку, – тлумачыць Наталля Міхайлаўна. – Мінулы год быў асабліва насычаны на падзеі. Мы прымалі ўдзел у міжнароднай спецыялізаванай выставе «Белагра», рэспубліканскім кірмашы рамеснікаў «Вясновы букет» і ў міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар».
Для дзяцей навучанне ў школе народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці – гэта не толькі вучоба, удзел у розных мерапрыемствах і конкурсах, але і магчымы шлях у будучую прафесію. Выпускнікі школы маюць магчымасць паступаць у шэраг навучальных устаноў без экзаменаў. У асноўным дзеці выбіраюць Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж (па спецыяльнасцях сталяр-станочнік, разьбяр па дрэве і бяросце, зборшчык мэблі) і Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж. У гэтым годзе іх навучэнцамі сталі два выпускнікі ўстановы.

Па заслугах

Пры ўваходзе ў школу погляд мімаволі чапляецца за шматлікія ўзнагароды, вывешаныя ў холе. Гэта толькі нязначная іх частка. Але галоўная з іх, несумненна, атрыманая яшчэ ў 2009-м прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Таксама ў мінулым годзе ўстанова была занесена на раённую Дошку гонару. Вядома ж, гэта заслуга моцнага і згуртаванага калектыву на чале з Н.М. Гацэвіч. Добрасумленна працуюць выкладчыкі А.І. Балук, С.М. Алешка, Я.В. Аргер, Е.М. Мазько, А.Г. Максімовіч, А.А. Кухарчук, Д.І. Казлоўскі і С.В. Дзміцерка.
Напярэдадні прафесійнага свята кіраўнік установы Н.М. Гацэвіч жадае сваім калегам, выпускнікам, дзецям і ўсім працаўнікам сферы культуры моцнага здароўя, цярпення, творчых поспехаў, новых ідэй і ўсяго самага лепшага.

Валерый МІХАЛЬЧУК.
Фота аўтара.