Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Образование

Свята лепшых педагагічных ідэй

Количество просмотров:

Урачыстым, пранікнёным і надзвычай яркім было адкрыццё пятага, юбілейнага, рэгіянальнага этапу Міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый, якое адбылося 14 верасня ў глядзельнай зале раённага ЦКіНТ. У сонечны дзень восені на гасціннай Іванаўскай зямлі сабраліся самыя таленавітыя і перспектыўныя спецыялісты ў галіне адукацыі. Педагогі з Беларусі і Расіі сустрэліся для таго, каб падзяліцца вопытам, напрацаваным за многія гады прафесійнай дзейнасці, прапанаваць адзін аднаму крэатыўныя распрацоўкі, ідэі, прадставіць уласныя творчыя праекты…

У цырымоніі адкрыцця мерапрыемства прыняў удзел старшыня Іванаўскага раённага выканаўчага камітэта Ю.Ю. Бісун.
– Прэзідэнт нашай краіны А.Р. Лукашэнка назваў настаўніка Беларусі галоўным дзяржаўным рэсурсам краіны, падкрэсліўшы, што прафесія педагога – не для выпадковых людзей: ад асобы настаўніка, яго прафесіяналізму залежыць будучыня нашай дзяржавы. Прыемна адзначыць, што педагогі Іванаўшчыны не толькі ўважліва сочаць за поспехамі калег з іншых рэгіёнаў, пераймаюць іх перадавы вопыт, але і самі ахвотна дзеляцца сваімі ведамі, напрацоўкамі, – адзначыў у сваім прывітальным слове Юрый Юр’евіч. – Радуе, што рэгіянальны этап Кірмашу ў г. Іванава дынамічна развіваецца, павялічваецца як колькасць яго ўдзельнікаў, так і геаграфія рэгіёнаў. На сённяшнім педагагічным форуме ўпершыню прысутнічаюць прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў рэспублікі, сярод якіх 13 пераможцаў і ўдзельнікаў рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года», а таксама педагогі з Расійскай Федэрацыі. Упэўнены, у гэтай зале няма абыякавых людзей, усіх аб'ядноўвае імкненне зрабіць нашу школу лепшай, павысіць якасць адукацыі.
Са словамі віншаванняў звярнуліся да прысутных намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама А.Ф. Жук і старшыня раённага Савета дэпутатаў А.П. Дарагакупец. Паважаныя госці яшчэ раз падкрэслілі, што прафесія настаўніка з’яўляецца вельмі важнай і неабходнай. Будучыня краіны напрамую залежыць ад педагогаў сённяшняга дня, ад іх прафесіяналізму, адказнага і якаснага выканання сваіх абавязкаў – вучыць і выхоўваць дзяцей. Якіх бы поспехаў у жыцці ні дасягнуў чалавек, найважнейшую ролю ў станаўленні яго асобы адыгрывае настаўнік.
Кіраўнікі мясцовай улады павіншавалі прадстаўнікоў высакароднай прафесіі са святам, пажадалі ім плённай працы на форуме, а таксама ўручылі лепшым настаўнікам узнагароды Іванаўскага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў. Граматы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама іванаўскія педагогі атрымалі з рук Аляксандра Фёдаравіча Жука.

Jarmarka іNnovacіj 2
Jarmarka іNnovacіj 3
Jarmarka іNnovacіj 4
Jarmarka іNnovacіj 5
Jarmarka іNnovacіj 6
Jarmarka іNnovacіj 7
Jarmarka іNnovacіj 8


Праграма мерапрыемства атрымалася цікавай і насычанай. З ранку і да позняга вечара ў памяшканнях Цэнтра культуры і народных традыцый удзельнікі Кірмашу прадстаўлялі ўласныя інтэлектуальныя прадукты. Гэта метадычныя распрацоўкі, педагагічныя праекты і шмат чаго іншага як на электронных, так і на папяровых носьбітах. Дарэчы, як і ў папярэднія гады (нагадаем, форум сацыяльна-педагагічных інавацый на Іванаўшчыне праходзіць чацвёрты раз), інтэлектуальны прадукт можна было прадаць, абмяняць ці падарыць. Рэгіянальны этап Міжнароднага кірмашу ўключаў некалькі формаў работы. Самая масавая – стэндавая прэзентацыя, дзе на стэндзе размяшчалася рэкламная інфармацыя аб прадстаўляемым вопыце. Педагог, які выстаўляў метадычны прадукт («прадавец»), сам вызначаў і змест стэнда, і форму прадстаўлення, і кошт інтэлектуальнага прадукту. Справа «прадаўца» – прыцягнуць «пакупніка». Справа «пакупніка» – знайсці патрэбныя асабіста для яго распрацоўкі і набыць іх. Такім чынам, паміж педагогамі адбываўся жывы дыялог. Варта адзначыць, што ў гэтым годзе экспанавалася 89 стэндаў, сярод якіх было шмат напрацовак педагогаў нашага раёна.
Самай цікавай і непрадказальнай формай работы Кірмашу атрымаўся аўкцыён, дзе настаўнік прэзентаваў свой інтэлектуальны прадукт перад аўдыторыяй і вызначаў яго стартавую цану. У выніку таргоў гэтая цана, канешне ж, узрастала.
Так, арыгінальнай аказалася праца настаўніка-дэфектолага Пінкавіцкага яслі-сада (Пінскі раён) Л.У. Куневіч, якая прэзентавала праект «Выкарыстанне камп'ютарных гульняў пры навучанні дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця грамаце». Высокую цану пакупнікі далі за інтэрактыўную тэматычную папку «Кветкі», якую распрацавалі работнікі яслі-сада №20 г. Брэста. Дарэчы, на аўкцыён было выстаўлена 11 прадуктаў інтэлектуальнай працы. Па выніках Кірмашу ўсе лоты знайшлі свайго пакупніка.
Галоўная задача аўкцыёну, як адзначыла вядучая Н.А. Давыдзюк, заключалася не ў тым, каб выгадна прадаць пэўную распрацоўку, а перш за ўсё ў тым, каб пазнаёміцца з цікавым вопытам калег, наладзіць з імі карысныя кантакты.
Пасля таргоў многія ўдзельнікі мерапрыемства адправіліся на майстар-
класы (апошняя форма работы Кірмашу), арганізаваныя вопытнымі і таленавітымі настаўнікамі на базе гарадской гімназіі. Сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы правялі 24 урокі майстэрства.
Кірмаш з'яўляецца выдатнай пляцоўкай для прыцягнення і развіцця новых методык і тэхналогій, аўтарскіх праектаў і перадавых ідэй, якія дазваляюць эфектыўна вырашаць многія пытанні навучання і выхавання школьнікаў. Такая форма працы дазваляе зацікавіць і захапіць педагогаў, дапамагае ім выбудаваць прафесійную і жыццёвую траекторыю развіцця.
У будынку раённага Цэнтра культуры і народных традыцый педагогі знаёміліся, абмяркоўвалі свае праекты, дзяліліся вопытам… Адчувалася святочная атмасфера.
У другой палове дня праграму форуму прадоўжыў «Дыялог без гальштукаў», у якім прынялі ўдзел кіраўнікі, намеснікі аддзелаў па адукацыі з розных рэгіёнаў нашай краіны. У музычнай гасцінай ЦКіНТ адбылася гутарка па тэме «Пазітыўная практыка вырашэння актуальных праблем развіцця сістэмы адукацыі».
А бліжэй да вечара ў глядзельнай зале прайшло ўрачыстае закрыццё мерапрыемства. Кульмінацыйная яго частка атрымалася яркай, насычанай і запамінальнай. Р.М. Сыса, намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама, рэгіянальны каардынатар Міжнароднага Кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый, падзякаваў афіцыйным партнёрам, ганаровым гасцям і тым, хто прыняў удзел у педагагічным форуме.
З рук Рыгора Максімавіча многія ўдзельнікі атрымалі лісты падзякі, граматы аргкамітэта кірмашу.
Затым слова ўзяў С.А. Варуха, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама. Сяргей Анатольевіч асобна падзякаваў гасцям з Расіі за тое, што яны прыехалі да нас падзяліцца сваімі інавацыямі, удыхнуць творчасць у адукацыйны працэс Іванаўшчыны і Беларусі ў цэлым. Акрамя гэтага, ён выказаў шчырыя словы падзякі, а таксама ўручыў граматы каардынацыйнага цэнтра пятага рэгіянальнага этапу Міжнароднага кірмашу самым лепшым настаўнікам нашай краіны, пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь», удзельнікам клуба «Крыштальны журавель».
Словы падзякі за гасціннасць выказаў і міжнародны каардынатар Міжнароднага Кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый, галоўны спецыяліст Атрадненскага Упраўлення Міністэрства адукацыі Самарскай вобласці А.В. Пічкуроў. Па даручэнні аргкамітэта Міжнароднага кірмашу Аляксандр Віктаравіч уручыў прадстаўнікам з Беларусі адпаведныя ўзнагароды.
Значнасць праведзенага мерапрыемства, канешне, вельмі вялікая. Той вопыт, якім настаўнікі дзяліліся падчас Кірмашу, крэатыўныя распрацоўкі, ідэі, творчыя праекты, якія яны набылі, – гэта ўсё паспрыяе поспеху ў справе адукацыі і выхавання дзяцей. А дзеці, як вядома, – наша будучыня, менавіта ад іх залежыць, якой будзе наша Беларусь.
Святочнасцю той восеньскі дзень дапоўніў яркі канцэрт, які падарылі прысутным юныя таленты Іванаўшчыны, лаўрэаты розных музычных конкурсаў і фестываляў.

Кацярына КУХАРЧУК.
Фота аўтара.