Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Образование

«Цяпер можна і выспацца»

Количество просмотров:

Вынікі здачы цэнтралізаванага тэставання па некалькіх прадметах ужо вядомыя. Нашым школьнікам у гэтым плане ёсць чым пахваліцца – выпускніцы трэцяй і чацвёртай гарадскіх школ, Вольга Вайтовіч і Ганна Дзядзюк, набралі максімальную колькасць балаў на ЦТ па роднай мове.

Як расказалі ў аддзеле па адукацыі Іванаўскага райвыканкама, амаль штогод у раёне ёсць некалькі стобальнікаў. Зазвычай імі становяцца выпускнікі-медалісты. Сённяшні беларускі тандэм, Ганна і Вольга, “залатыя” – іх поспехі ў вучобе ў школе адзначаны атэстатамі з адзнакай і медалямі вышэйшай пробы.
Навіна пра поспех на ЦТ па беларускай мове і для Ганны, і для Вольгі – безумоўна, была эйфарычнай. Убачыўшы на экране мабільніка смс-ку, якая сведчыла пра наяўнасць вынікаў ЦТ па гэтым прадмеце, Ганна хвалявалася, таму адцягвала прачытанне паведамлення. Бацькі, як толькі піснуў тэлефон, інтуітыўна адчулі – дачцэ прыйшла важная інфармацыя. Ганна, з аднаго боку, была ўпэўнена ў высокім бале па тэсце. Сумненні выклікала толькі заданне па словаўтварэнні. Зыходзячы з ранейшых вынікаў па рэпетэцыйным тэставанні, яна не выключала, што магла дапусціць нейкую недарэчную памылку з асабістай няўважлівасці. Заплюшчыўшы вочы, дзяўчына націснула на запаветны клавіш “ОК”. Некалькі секунд – і Ганна не ўтрымаецца, каб занадта голасна паведаміць усім, хто тады сядзеў у машыне, (сям’я была ў дарозе), што яна зрабіла амаль немагчымае – на ўсе пытанні дала бездакорны адказ. Вольгу, якая паведаміла бацькам пра свой стобальны вынік, тата падняў высока-высока, нібыта маленькую дзяўчынку – помніце, гэтак раней на табурэце паднімалі дзяцей у дні нараджэння.
Безумоўна, шлях да такога ідэальнага выніку па тэсце, як сказалі дзяўчаты, быў няпросты. Вольга і Ганна старанна рыхтаваліся на працягу года-двух па мове: штодзённа выконвалі тэсты, удзельнічалі ў алімпіядах. Аня, да ўсяго, займалася ў профілі, дзе на павышаным узроўні засвойвала тры прадметы: беларускую і нямецкую мовы, а таксама беларускую літаратуру. Што датычыцца асаблівасцяў роднай мовы, беларуская можа пахваліцца мноствам “моўных разынак”. Калі падлікам выкананых тэстаў Ганна не займалася, то Вольга, матэматык па складзе розуму, з лёгкасцю аперыруе лічбамі е – недзе трыста тэстаў выканала яна за два гады падрыхтоўкі да ЦТ, у кожным з якіх было па сорак заданняў.
З улікам многіх фактараў: і тое, што родная школа рускамоўная, і  тое, што сама Оля – не лірык, а фізік, здача тэста па мове запатрабавала ад яе ўпартасці і настойлівасці. Лексіка выклікала ў яе ці не найбольшыя цяжкасці. А вось фанетыка і пуктуацыя, дзе ўсё больш-менш падпарадкавана правілам і канкрэтыцы, любімыя раздзелы Вольгі. Увогуле, нягледзячы на тое, што тэсты па мове, выпрацоўваюць, як-ніяк, моўнае пачуццё, яна з вялікім задавальннем і азартам рашае найперш матэматычныя і фізічныя задачкі. Гэта, можна сказаць, яе лайфхак-рэлакс у апошнія два-тры гады. Пра любімыя хобі: вышыванне крыжыкам і вязанне (у Ганны), пляценне фенечак (для Вольгі) нашым выпускніцам даўно прыйшлося забыць. Некалькі год запар іх жыццё праходзіла ў рэжыме адукацыйнага нон-стопа. Невыпадкова таму, што самым чаканым для іх апошнім часам быў сон. Аднак у прамежку паміж здачай ЦТ і паступленнем яны збіраюцца хоць крышачку рэабілітавацца – пачытаць любімых аўтараў: Васіля Быкава ды Святлану Алексіевіч.    
Зусім жа хутка нашыя стобальніцы разам з бацькамі будуць выбіраць  альма-матэр. У планах Ганны Дзядзюк паступіць на бясплатнае навучанне ў адну з дзвюх сталічных ВНУ – Лінгвістычны ўніверсітэт ці БДЭУ (Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт). Вольга Вайтовіч паспрабуе стаць студэнткаю БДУ, альбо БДУІР (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі). Абедзьве бачаць сябе ў будучым спецыялістам ІТ-кампаніі з той толькі розніцай, што Ганна рыхтуецца стаць перакладчыкам, Вольга ж, якая лічыць, што з кампутарам бывае лягчэй знайсці агульную мову, чым з людзьмі, будзе ствараць розныя праграмы.
Акрамя таго, Ганна прызнаецца, што ў яе марах – пабачыць свет. Краінай, у якой яна б хацела некаторы час пабыць, пажыць, папрацаваць, дзяўчына называе тую, у якой яна зможа рэалізаваць свой ужо існуючы нямецкамоўны патэнцыял. Аднак замежнае жыццё – не больш, як мара. Для яе, жыхаркі правінцыі, наша сталіца падчас наведвання Дзён адкрытых дзвярэй у ВНУ, здалася новым светам, дзе іншы рух, менталітэт людзей, перспектывы для моладзі, формула жыцця яе насельнікаў.
Пакуль жа дзяўчаты згодныя ў тым, што цяпер, пасля здачы ўсіх ЦТ, ім можна крыху расслабіцца, пагуляць, у рэшце рэшт, удосталь выспацца, дзеля таго, каб потым са свежымі сіламі пачаць пісаць новую старонку свайго жыцця – цікавага і непаўторнага студэнцтва. 

Наталля Крывецкая.
Фото Валерый Міхальчук.