Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Образование

У краіну ведаў з новымі рукзакамі

З надыходам восені прырода радуе дзятву не толькі першай залатой лістотай, але і першымі школьнымі буднямі.

Для таго, каб адправіцца ў цікавае падарожжа па краіне ведаў, хлопчыкі і дзяўчынкі разам са сваімі бацькамі рыхтуюцца загадзя. Спачатку складаюць спіс неабходных для школьніка рэчаў, затым, узброіўшыся грашыма, накіроўваюцца ў крамы, дзе набываюць неабходныя адзенне і школьныя прыналежнасці. Дзеці заўсёды застаюцца дзецьмі, таму ім вельмі важна адчуваць увагу і клопат з боку таты і мамы.
На жаль, у нашай краіне ёсць рабяты, якія пазбаўлены бацькоўскай любові і ласкі. На Іванаўшчыне такія дзеці пражываюць у дзіцячым сацыяльна-педагагічным цэнтры (ва ўстанове адукацыі на сённяшні дзень знаходзяцца шэсць непаўналетніх). Падрыхтавацца да 1 верасня дапамаглі прадстаўнікі розных арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Напярэдадні новага навучальнага года выхаванцаў СПЦ наведалі шматлікія госці, якія павіншавалі дзятву з Днём ведаў і падарылі ім розныя падарункі і салодкія прысмакі.
Так, у адзін з апошніх дзён лета ў прытулак прыехалі прадстаўнікі аддзялення пагранічнага кантролю «Махро». Вайскоўцы ад сябе асабіста, служачых першага пагранічнага паста «Адрыжын», трэцяй пагранічнай заставы «Махро» ўручылі хлопчыкам рукзакі з усімі неабходнымі канцылярскімі прыналежнасцямі, а дзяўчынцы дашкольнага ўзросту – прыгожую ляльку.
Па словах намесніка дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра Святланы Сцяпанаўны Вялічка, установу наведалі і работнікі філіяла ААТ «АЗБ Беларусбанк» у г. Іванава, якія таксама падарылі дзецям канцылярскія прыналежнасці.
Шчырыя словы падзякі адміністрацыя прытулку выказвае Алене Пятроўне Бісун, старшыні раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК, за фінансавую дапамогу на набыццё школьных рэчаў.

Кацярына КУХАРЧУК.