Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Образование

Вітаем, школа!

Вось і скончыўся вясёлы і апантаны канікулярны перыяд. Дзеці, якія добра адпачылі за лета, –
у поўнай гатоўнасці да авалодання новымі ведамі. Іх бацькі і педагогі таксама падрыхтаваліся да новага навучальнага года, які 2 верасня пачаўся ва ўсіх 24 школах Іванаўшчыны. Але перад гэтым па традыцыі ўсіх школьнікаў раёна сабрала доўгачаканае свята – першы званок.

На вуліцы яркае вераснёўскае сонейка, цёпла і пяшчотна. Настрой ва ўсіх удзельнікаў святочнага мерапрыемства выдатны. Хлопчыкі і дзяўчынкі з нецярпеннем чакаюць сустрэчы з любімымі настаўнікамі. Побач усхваляваныя бацькі, якія выпраўляюць дзяцей у чарговае падарожжа ў Краіну ведаў. А іх сустракаюць добрыя погляды педагогаў.
Ну і, вядома, яе Вялікасць Школа, якая ў гэтыя дні напоўнена шумам, дзелавітай валтузнёй і звонкім дзіцячым смехам.
Для мяне з самага дзяцінства сімваламі ўрачыстай лінейкі былі кветкі і абавязкова белыя банты. Гады мінаюць, мода мяняецца, але дзеці таксама нясуць кветкі сваім настаўнікам, а дзяўчынкі, як і раней, старанна выбіраюць свае самыя лепшыя, самыя прыгожыя і пухнатыя белыя банты на першы званок.
І паляцелі над школамі прывітанні. Шмат цёплых слоў у адрас настаўнікаў, бацькоў і вучняў прагучала ад намеснікаў старшыні райвыканкама А.С. Маліча, які наведаў Тышкавіцкую сярэднюю школу, Т.У. Юруць у гарадской гімназіі, В.Р. Клышко, які па традыцыі пабываў у Опальскім ВПК д/с-СШ. Наогул урачыстыя лінейкі ва ўсіх установах адукацыі раёна прайшлі з удзелам прадстаўнікоў выканаўчага камітэта, грамадскіх аб’яднанняў, раённых устаноў і прадпрыемстваў. Многія з іх прыклалі нямала намаганняў, каб установы адукацыі годна сустрэлі новы навучальны год у адрамантаваных будынках, з новымі партамі і класнымі пакоямі. Так, сертыфікат для ўмацавання матэрыяльнай базы для другой гарадской школы ад РА РГА «Белая Русь» кіраўніку ўстановы ўручыла намеснік старшыні грамадскага аб’яднання Д.А. Крэс. Таксама значныя работы  напярэдадні новага навучальнага года праведзены ў Рудскай СШ. Сярод усіх устаноў раёна менавіта сюды ўкладзены найбольшыя сродкі, за якія зроблены рамонт даху, фасада, рэстаўраваны ўнутраныя памяшканні, класныя пакоі, харчаблок і інш. Дырэктар школы Святлана Мікалаеўна Буднік шчыра дзякавала кіраўніцтву раённага выканаўчага камітэта, прадстаўнікам будаўнічых арганізацый, шэфскіх прадпрыемстваў за гэты шчодры падарунак. У сваю чаргу, прысутны на мерапрыемстве намеснік старшыні райвыканкама Рыгор Максімавіч Сыса даў наказ вучнёўскаму і педагагічнаму калектывам на плённую працу, добрую вучобу і высокія вынікі адукацыйнага працэсу.


Сёлета за парты ў Іванаўскім раёне селі больш за пяць тысяч навучэнцаў. Для 362 адзінаццацікласнікаў гэты першы званок быў апошнім у іх школьнай біяграфіі.
Асобна на лінейках віталі тых, хто прыйшоў у школу ў першы раз. Іх у раёне налічваецца амаль пяць сотняў. Яны яшчэ зусім юныя і нявопытныя, аднак дружная школьная сям’я з задавальненнем прыме малых. Другога верасня першакласнікі атрымалі свае першыя школьныя падарункі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі – кнігі «Беларусь – наша Радзіма». Якраз па іх дзеці будуць вывучаць родны край, яго багатую гісторыю і культуру.
Выступаючы перад прысутнымі, першакласнікі расказалі пра тое, як яны рыхтаваліся да школы і як рупліва будуць вучыцца. А выпускнікі пажадалі малым радасці, поспехаў і мэтанакіраванасці.
Таксама падчас свята праводзіліся розныя мерапрыемствы, напрыклад, «Падары дзіцяці футбольны мяч» – рэспубліканская акцыя, арганізаваная сумесна Беларускай федэрацыяй футбола і Міністэрствам адукацыі, у ходзе якой мячы ўручаліся ўсім другакласнікам сельскіх школ. У рамках акцыі «Алімпійскі
дзённік» падарункі атрымалі юныя спартсмены. Таксама ў некаторых школах падводзіліся вынікі летняй практыкі і падпрацоўкі ў шэфскіх сельгаспрадпрыемствах.
Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню ведаў, прайшлі ва ўсіх установах дадатковай адукацыі.
Завяршылася свята ведаў традыцыйным школьным званком, які заклікаў усіх школьнікаў за парты. У дзяцей пачалася выдатная навучальная пара, дык няхай яна будзе плённай і займальнай.

Валерый Міхальчук.
Фота аўтара