
Дзяцінства мацярык пад назвай Школа
Кожная школа вартая таго, каб быць усхваленай на газетных старонках, кожны руплівец-настаўнік гэтага варты. У нашым раёне 24 установы агульнай сярэдняй адукацыі, чатыры з іх – гарадскія, а згуртаваная сям’я педагогаў складаецца амаль з 590 прафесіяналаў. Акрамя таго, ёсць жа яшчэ ўстановы дашкольнай і дадатковай адукацыі, раённыя сацыяльна-педагагічны цэнтр, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзе таксама працуюць педагогі. Усім ім – сардэчная ўдзячнасць і пашана. Сёння ж, напярэдадні Дня настаўніка, у цэнтры ўвагі «Янаўскага краю» апынулася школа №4 г.Іванава. Чаму менавіта яна? Таму, што наймаладзейшая (так, так, школа таксама мае ўзрост)? Не, хутчэй, не гэты крытэрый стаў вызначальным у нашай творчай зацікаўленасці, спрацаваў менавіта той факт, што школа адзіная ў горадзе, дзе навучанне вядзецца на беларускай мове, да таго ж, гэта школа з музычным ухілам, прынамсі, нягледзячы на тое, што спецыяльнага аддзялення тут няма, а выкладанне музычных дысцыплін ажыццяўляецца на факультатыўных занятках, гэты тэрмін ужываецца ў неафіцыйных зносінах (для зручнасці дазволім сабе і мы гэтую невялічкую вольнасць).