Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Общество

Адраджэнне памяці

Количество просмотров:

Сто год назад упершыню ў новай гісторыі Беларусі яе народ паспрабаваў самастойна вырашыць долю роднага краю. Дзейсным удзельнікам тых падзей быў наш зямляк, абшарнік з пінска-янаўскага памежжа Раман Скірмунт.

Аднак, пачнем з сучаснасці. На мінулым тыдні ў прывітальным слове ўдзельнікам навуковай канферэнцыі “Падзеі 1917 года ў гістарычных лёсах Беларусі”, Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падрабязна спыніўся на характарыстыцы Усебеларускага з’езда: “Падзеі 1917 года спрыялі імкненню беларусаў жыць у сваім доме. Ідэя самавызначэння Беларусі, якая ішла знізу, ад ініцыятывы народных мас, вызначылася ў скліканні I Усебеларускага з’езда. Гэты народны сход прадэманстраваў найважнейшыя каштоўнасці, якія маюць значнасць для нас да сённяшняга дня: свая дзяржава, яе сацыяльны характар і той факт, што толькі народ, яго воля, калектыўны розум і лідары могуць стаць праўдзівай крыніцай незалежнасці».
Відавочна, што гэтыя словы сталі штуршком для калег-журналістаў, каб расказаць пра згаданую падзею, якая сёння вядома хіба што прафесійным гісторыкам. Мы таксама зробім свой унёсак у высакародную справу адра-
джэння памяці пра адну з трагічных і адначасна велічных падзей 1917 года.  
Што ўяўляла сабой Беларусь у 1917 годзе? Край падзелены паміж Нямеччынай і Расіяй. Заходняя частка акупавана кайзераўскай арміяй, усход застаецца ў складзе Расіі, якая ўсё больш упадае ў рэвалюцыйнае бязладдзе. Значная частка беларускага насельніцтва знаходзіцца па-за межамі Бацькаўшчыны – мужчыны мабілізаваныя ў расійскую армію, сотні тысяч чалавек пакінулі родныя мясціны перад нямецкім наступленнем 1915 года і падаліся ў прымусовае бежанства   ўглыб Расіі.
Дарэчы, апошняя падзея таксама сёння малавядомая шараговаму беларусу. А між тым – гэта адно з вялікіх узрушэнняў беларускай гісторыі. Народ, які  нават саманазвай лічыў слова “тутэйшыя”, што было своеасаблівым выклікам чужынцам (вы прыйшлі і пой-дзеце, а мы застанемся), быў вымушаны зняцца з месца і падацца ў няблізкі свет.
Сотні тысяч чалавек праваслаўнага веравызнання з заходніх абшараў Беларусі, у тым ліку і сучаснай Іванаўшчыны, былі прымусова знятыя з родных месцаў і пераселеныя ў цэнтральныя і ўсходнія губерні тагачаснай Расійскай імперыі, каб не заставацца на землях, якія павінны былі трапіць пад нямецкую акупацыю. Да гонару ўлады, маштабная акцыя была праведзена даволі зладжана. На новых месцах жыхарства людзі атрымлівалі розную дапамогу як ад дзяржавы, так і ад звычайных лю-
дзей. У абсалютнай большасці людзі з прыязнасцю ўспаміналі Расію дарэвалюцыйнага ўзору – шчодрую, багатую і чалавечную. Але, тым не менш, сама сітуацыя  прымушала гуртавацца са сваімі, таму азначаны час – гэта пара стварэння розных беларускіх арганізацый як у самой Беларусі, так і па-за яе межамі, сярод бежанцаў і вайскоўцаў.
Увесну 1917 года ў Мінску быў створаны Беларускі Нацыянальны Камітэт, які аб’ядноўваў і каардынаваў дзейнасць розных беларускіх палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Яго старшынём стаў Раман Скірмунт.
Асобу Скірмунта наша газета згадвала на “Круглым стале” “Янаўскага краю” ў маі гэтага года. Усе ўдзельнікі размовы выказаліся пра яго станоўча, згадаўшы фрагменты біяграфіі. Але ў той размове гаворка йшла пра яго найперш як пра дбайнага абшарніка і прадпрымальніка. Сёння варта згадаць пра Скірмунта як пра палітыка.
Раман Аляксандравіч Скірмунт быў дэпутатам Першай Дзяржаўнай Думы Расіі, віцэ-старшынём Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, узначальваў Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Ён быў адным з першых беларускіх дзеячаў, хто паставіў пытанне адраджэння палітычнай суб’ектнасці беларускіх губерняў. Якраз гэту думку і спрабаваў праводзіць і папулярызаваць Беларускі Нацыянальны Камітэт.  Пытанне пра незалежнасць Камітэт не ставіў, размова ішла пра аўтаномію былога Вялікага Княства Літоўскага ў складзе абноўленай Расіі.
З гэтай ідэяй Раман Скірмунт едзе ў красавіку 1917 года ў Петраград. На стол старшыні Часовага ўрада князя Львова кладзецца дакладная запіска з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі. Аднак адзіным вынікам паездкі стала ўстанаўленне кантактаў з прадстаўнікамі Часовага ўрада. Новая Расія, як і старая, не збіралася прызнаваць беларусаў асобным народам. Тым больш, што Часовы урад выдатна ўсведамляў слабасць беларускага нацыянальнага руху.

Skirmunt S Krestjanami V Poreche
Skirmunt Sezd
Skirmunt Usadba
Skirmunt Kaplica


Летам 1917 года Беларускі Нацыянальны Камітэт спыняе сваю работу. Ідэі класавага міру і разважлівых пераўтварэнняў не вытрымліваюць наступу радыкальных сацыялістычных ідэй. Землеўласнікі не могуць павесці за сабою сялянскія масы, якія ўсё больш трапляюць пад уплыў бальшавікоў і эсэраў. Ад гэтага часу рэалізацыя на практыцы ідэі беларускай самастойнасці робіцца, мякка кажучы, праблематычнай.  Долю Беларусі будуць спрабаваць вырашыць людзі без вопыту палітычнай і гаспадарскай дзейнасці, якімі былі землеўласнікі з акружэння Скірмунта.  
Тым не менш, спробы нацыянальнай кансалідацыі ўсё роўна не знікаюць з палітычнай сцэны. І напэўна найбольш яскравай палітычнай падзеяй канца 1917 года робіцца Усебеларускі з’езд у Мінску. На яго з’ехаліся дэлегаты з усёй Беларусі, нягледзячы на тое, што яна была падзелена лініяй фронту. Удзельнікамі сталі пераважна сяляне і прадстаўнікі сацыялістычных партый. Удзельнічала ў яго рабоце больш за 1800 дэлегатаў. Пра скліканне з’езда было вядома ўраду Уладзіміра Леніна, а народны камісар па нацыянальных справах Іосіф Сталін выдзеліў на яго правядзенне 50 тысяч рублёў і паабяцаў, што яго рашэнні будуць прызнаны Савецкай уладай.
На з’ездзе былі прадстаўлены ледзь не ўсе слаі беларускага насельніцтва. З грамадскіх і палітычных груповак на з’ездзе выявіліся наступныя: зямляцтвы (беспартыйныя) – магілёўскае, мінскае, віцебскае, смаленскае, віленскае, гро-дзенскае; фракцыі сацыялістычных партый: эсэраў правых і левых, сацыял-дэмакратаў бальшавікоў, меншавікоў і інтэрнацыялістаў, Беларускай сацыялістычнай грамады і іншых беларускіх палітычных партый; прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, у іх ліку гарадскія самакіраванні, прафсаюзы, настаўніцкія аб’яднанні, вайсковыя беларускія рады, бежанскія камітэты. Па сацыяльным складзе дэлегаты прадстаўлялі галоўным чынам сялян, рабочых, сярэднія і ніжэйшыя слаі інтэлігенцыі; па нацыянальным - галоўным чынам беларусаў.
Сярод удзельнікаў кангрэсу былі Аркадзь Смоліч, паплечнік Скірмунта па рабоце ў БНК, у будучым вядомы беларускі вучоны, адзін са стваральнікаў Акадэміі навук, Аляксандр Уласаў, заснавальнік газеты “Наша ніва”, пазней сенатар Польскай Рэспублікі, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, адзін з лідараў партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, расстраляны ў гады Другой сусветнай вайны гітлераўцамі, паэт Алесь Гарун, Міхась Міцкевіч, малодшы брат Якуба Коласа, Васіль Рагуля, пазней пасол Сейма і сенатар Польскай Рэспублікі.
Удзельнічаў у з'ездзе, які праходзіў 7-18 снежня, і Раман Скірмунт. Ён быў выбраны ў склад Рады з'езда, быў своеасаблівым неафіцыйным прадстаўніком інтарэсаў землеўласнікаў, якіх якраз і не было сярод дэлегатаў. З'езд абвясціў права беларускага народа на самавызначэнне і прыняцце дэмакратычнай формы ўрада. Падчас пасяджэння назіралася розніца ў палітычных поглядах паміж дэлегатамі: адныя гаварылі пра пэўную форму аўтаноміі або незалежнасць краіны, другія бачылі будучыню Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расіі. Скірмунт у гэтую пару – ужо рашучы прыхільнік ідэі поўнай незалежнасці Беларусі.
Была абрана Рада Кангрэсу, у склад якой увайшоў 71 прадстаўнік розных палітычных партый, а таксама Выканаўчы камітэт Рады Кангрэсу. Пасля доўгіх дыскусій у ноч з 17 па 18 снежня 1917 года быў прыняты першы пункт агульнай рэзалюцыі: «Першы Усебеларускі З’езд пастанаўляе: неадкладна ўтварыць з свайго складу орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх, рабочых дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіравання краем». Бальшавікі пільна сачылі за ўсім, што адбываецца на з'ездзе, да часу не перашкаджалі яму. Аднак як толькі дэлегаты пераадолелі разыходжанні і здолелі прыняць першы пункт рэзалюцыі і гэтым паставілі пад сумнеў легітымнасць мясцовай бальшавіцкай улады, 17 снежня 1917 года, нягледзячы на тое, што з’езд праводзіўся з ведама У.I. Леніна і I.В. Сталіна, яго дэлегаты былі разагнаныя атрадамі мінскіх бальшавікоў.
У 1918 годзе Раман Скірмунт працягвае барацьбу за незалежную Беларусь, у прыватнасці, у складзе беларускай дэлегацыі едзе ў  Нямеччыну з мэтаю дамагчыся прызнання незалежнасці Беларусі, пазней імкнецца не дапусціць раздзелу беларускай этнічнай тэрыторыі паміж Савецкай Расіяй і Польшчай. Пасля няўдачы спробы стварэння беларускай буржуазнай дзяржаўнасці прымае польскае грамадзянства, селіцца ў Парэччы сённяшняга Пінскага раёна (на гербе Скірмунтаў, дарэчы, змешчана выява дуба з трыма галінамі, якія абазначаюць Пінск, Парэчча і Моладава). Працягвае весці актыўны лад жыцця. Займаецца палітыкай, гаспадаркай, краязнаўствам. Выступае супраць асіміляцыйнай паланізатарскай палітыкі дзяржавы, па-ранейшаму не цураецца народнай мовы і культуры, застаючыся верным свайму ранейшаму вызначэнню палешука:  “Паводле мовы яны больш украінцы, паводле укладу і побыту – беларусы”. Дарэчы, прыкладна ж такое вызначэнне даваў Аркадзь Смоліч у сваёй кнізе “Геаграфія Беларусі”, які пісаў пра жыхароў Палесся, што па мове яны стаяць бліжэй да ўкраінцаў, а палітычна заўсёды хінуліся да Беларусі. Магчыма, што на такое вызначэнне асаблівасцяў палешука аўтарам першага падручніка па геаграфіі Беларусі паўплываў якраз Раман Скірмунт…
Забіты ў 1939 годзе.



Ігар Гетман.