Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

«Агні Ясельды» ўспыхнулі над Янавам

Количество просмотров:

Шчодра надзяліла зямля янаўская сваіх людзей талентамі. І працавітасцю славяцца яны на ўсю краіну, і ведамі, і творчасцю. У лістападзе, да прыкладу, самы масавы вакальны калектыў Іванаўскага раёна хор «Агні Ясельды» будзе ў чарговы раз пацвярджаць ганаровае званне «Народны». Для пяцідзесяці таленавітых людзей, членаў хору, гэта вельмі значная падзея, якая падкрэслівае высокі ўзровень іх выканальніцкага майстэрства, шматгадовую гісторыю і творчую спадчыну калектыва. Дарэчы, па выніках дзейнасці за мінулы год народны хор «Агні Ясельды» выйшаў пераможцам раённага спаборніцтва з занясеннем на раённую Дошку гонару.

На хвалі развіцця фальклорнай народнай творчасці ў 1972 годзе на Іванаўшчыне з'явіўся харавы калектыў «Агні Ясельды». Яго стваральнікам і першым кіраўніком быў таленавіты кампазітар і выканаўца І.М. Дэнэйка. У далейшым на доўгія гады гэтую адказнасць на сябе ўзяў М.А. Каспяровіч. Менавіта гэтыя два музыканты заклалі творчую аснову калектыву, падабралі неабходныя кадры,  стварылі ўнікальны рэпертуар. Калектыў шмат выступаў, гастраляваў, заваёўваў глядацкую сімпатыю і павагу... Праз дзевяць гадоў пасля стварэння яму было прысвоена званне «Народны». 
Змяняліся пакаленні, абнаўляўся састаў хору, але нязменным заставаўся яго высокі ўзровень прафесіяналізму. З 2013 года ў калектыў прыйшоў новы кіраўнік – Віталь Сяргеевіч Лінік. Малады, апантаны сваёй справай спецыяліст, захаваў непахіснымі традыцыі хору, пры гэтым прыўнёс шмат новага, самабытнага. Багаты рэпертуар калектыву, які складаецца з беларускіх, рускіх, мясцовых (палескіх) народных і аўтарскіх песень, папоўніўся традыцыйнымі ўкраінскімі (многія з іх перакладзены на беларускую мову самім Віталем Сяргеевічам). 
– Праграма ў нас цікавая і разнастайная, – распавядае кіраўнік «Агнёў Ясельды». – Яе не сорамна паказаць самай патрабавальнай публіцы. Што ўласна калектыў рэгулярна і робіць.
Сапраўды, хор з'яўляецца пастаянным удзельнікам усіх раённых, многіх рэгіянальных і абласных святаў і фестываляў. Не раз іванаўцы выступалі на вялікіх сцэнах разам з вядучымі артыстамі нашай краіны і блізкага замежжа. Поспехі калектыву адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, у ліку якіх Дыпломы абласнога песеннага форуму «З любоўю да песні», раённага выканаўчага камітэта за ўдзел у фестывалях «Мотальскія прысмакі», «Фальклор без межаў», «Опольскі фальварак», Дыплом пераможцы раённага спаборніцтва і інш.
– Хор «Агні Ясельды», напэўна, самы вялікі харавы калектыў у Брэсцкай вобласці, – працягвае аповед Віталь Сяргеевіч. – І ў некаторых выпадках гэта стварае пэўныя цяжкасці, у прыватнасці, з арганізацыяй транспарту на розныя культурныя мерапрыемствы. Аднак, асноўнае наша багацце – гэта людзі. З кожнага кутка Іванаўшчыны сабраны лепшыя вакалісты і музыканты. Дзякуючы галасавой разнастайнасці і асабістаму таленту выканаўцаў наш калектыў мае выдатнае гучанне. Гэта дазваляе выконваць самыя складаныя творы, у тым ліку 3, 4-х і 5-галасавыя. 
У калектыве сабраліся адораныя салісты – Кацярына Талатыннік, Мікалай Гарох, Наталля Лістраценка, сам кіраўнік Віталь Лінік, выдатныя вакалісты і акампаніятары. 
– Разам мы падрыхтавалі  мноства песень, – тлумачыць кіраўнік хору. – На жаль, сёлета з-за каранавірусу мы не можам паўнавартасна пазнаёміць прыхільнікаў з нашай творчасцю.  Хіба што ў выглядзе відэазапісаў у відэахостынгу YouTube і ў групе Іванаўскага раённага Цэнтра культуры і народных традыцый сацыяльнай сеткі ВКонтакте. Спадзяёмся, што будзем і надалей дарыць мастацтва іванаўцам. А для абароны звання «Народны» таксама падрыхтавалі насычаную праграму, якая складаецца з песень на беларускай і украінскай мовах.
На заканчэнне нашай гутаркі Віталь Лінік папрасіў праз газету падзякаваць за ўсебаковую падтрымку кіраўніцтва раённага выканаўчага камітэта, аддзела культуры райвыканкама, раённага ЦКіНТ, а таксама ўсіх удзельнікаў калектыву за шматгадовую адданасць мастацтву.

Валерый Міхальчук.