Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

«Акенца ў вялікі свет»

Количество просмотров:

Сустрэча землякоў, прысвечаная Году малой радзімы і 80-год-дзю ўтварэння Іванаўскага раёна, была зладжана работнікамі сельскага Дома культуры і бібліятэкі аг. Тышкавічы.

Мерапрыемства арганізавана ў межах раённых творчых праектаў сярод бібліятэк і ўстаноў культуры «Шануем нашых землякоў» і «Тут продкаў маіх карані».
У адметны дзень тышкаўцы мелі цёплыя стасункі з сябрамі-аднадумцамі, знакамітымі суайчыннікамі, якія завіталі ў бацькоўскі куточак. Святочнага настрою дадавалі разгорнутыя ў фае і танцавальнай зале выставы-экспазіцыі работ мясцовых майстроў і рамеснікаў «Роднай зямлі шматгалоссе». Пра творчыя і прафесійныя дасягненні ўраджэнцаў і жыхароў аграгарадка распавядала выстава «Тышкавічы: адсюль выток, адсюль натхненне…».
Шчырымі апладысментамі вяскоўцы віталі земляка Васіля Каткаўца, былога начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама, чалавека, які сваю малую радзіму ласкава называе акенцам у вялікі свет, астраўком шчаслівага дзяцінства ў моры жыццёвых хваль, якому прысвяціў шмат паэтычных радкоў і песень. Васіль Сцяпанавіч і цяпер шчыруе на культурнай ніве: працуе рэжысёрам дзіцячага ўзорнага тэатра «Летуценнікі» Любанскай дзіцячай школы мастацтваў і выкладчыкам тэатральных дысцыплін. Наведаў ён родныя мясціны разам з творчымі калектывамі Міншчыны «Любанскі гармонік» і «Мінскі гармонік». Лірычныя нумары ансамбля «Мінскі гармонік», які прадстаўляла тэлевядучая Арына Ястраб, прысвячаліся памяці паэта-песенніка, гарманіста-віртуоза, былога кіраўніка калектыву Івана Раманчука.
Успамінамі з землякамі дзялілася Надзея Каткавец, былы першы намеснік Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, дырэктар Дэпартамента АПК Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК), намеснік Упраўляючага справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Зараз Надзея Мікалаеўна займае пасаду намесніка гендырэктара Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК). 


У чарговы раз прадэманстравалі сваё песеннае майстэрства мясцовы народны ансамбль «Знаходка», які за 45 гадоў існавання неаднаразова станавіўся лаўрэатам міжнародных фестываляў і конкурсаў, і вакальны ансамбль «Журавушка», які амаль 20 гадоў  услаўляе родную зямлю. Дзякуючы таленту самадзейных артыстаў пра Тышкавічы ведаюць не толькі на малой радзіме, але і далёка за яе межамі. 
Глыбокай павагі заслугоўваюць людзі, неабыякавыя да вывучэння гісторыі вёскі. Пра яе дабрабыт і будучыню клапоцяцца ветэран педагагічнай працы, выдатнік адукацыі, краязнаўца, старшыня ветэранскай арганізацыі аграгарадка Іван Шпак; стараста населенага пункта Ала Каткавец, у мінулым журналіст, пераможца абласнога спаборніцтва сярод працаўнікоў рэгіянальных СМІ (2014 г.). Пра таленавітых людзей можна гаварыць бясконца…
Фінальная песня, выкананая ўсімі прысутнымі на свяце, кранула самыя тонкія душэўныя струны, пацвердзіла невычэрпную любоў кожнага да роднай старонкі.


 Ірына Саломка.