Телефон рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 Email: zviazda@brest.by

Арыенцір – дабрабыт!

snotovo 01Па-добраму здзівілася пераменам. Былая магільнянская малочнатаварная ферма СВК “Снітава-Агра” стала непазнавальнай. Праўда, апошні раз я тут была мо з паўтара дзясятка гадоў таму. Тэрыторыя двара заасфальтавана, разбіта кветнікавымі клумбамі, сучасныя прасторныя пабелена-пафарбаваныя памяшканні для ўтрымання жывёл. Заканамерна, што загадчык фермы Іван Данілавіч Грынь пры любых гасцях адчувае сябе ўпэўнена і дастойна. З ахвотай расказвае пра дбайных жывёлаводаў Наталлю Сямёнаўну Пачуйка, Віктара Мікалаевіча Пачуйка, Міхаіла Арцёмавіча Масляка, Надзею Рыгораўну Казак. Больш за 600 галоў даглядаюць  гэтыя старанныя працаўнікі, дзе сярэднясутачныя прывагі  складаюць больш за 800 грамаў. Таму і заробкі ў людзей дастойныя, ніхто не крыўдзіцца.
Невысокага росту чарнявая жанчынка спрытна завіхалася каля маленькіх цялятак. Менавіта з ёю, Наталляй Сямёнаўнай Пачуйка (на здымку), нас і хацеў пазнаёміць  старшыня сельгаскааператыва Анатоль Аляксеевіч Гліннік, а потым і загадчык фермы. І першы, і другі не шкадавалі добрых слоў, характарызуючы вопытную, сумленную працаўніцу.

- Так, ужо шаснаццаць гадоў тройчы на дзень спяшаюся па адной і той жа дарожцы на ферму да маіх “гадаванцаў”, - разгаварылася  Наталля Сямёнаўна. – Я вельмі люблю іх, клапачуся, каб у кожнай кармушцы заўсёды было ўсё неабходнае: камбікорм, кукуруза, вада, соль… Самым маленькім яшчэ і  малако даю. Прыемна назіраць, як яны здаровенькія падрастаюць. Добрае папаўненне будзе для дойнага статку.
Мабыць, гэтая любоў да жывёлы перадалася і сыну Віктару, які па слядах матулі прыйшоў на ферму. Больш пяці гадоў шчыруе ён аператарам на адкорме і з вартасцю працягвае працоўную сямейную дынастыю.
Дарэчы, акрамя Віктара, у Наталлі Сямёнаўны і яе мужа Мікалая Сцяпанавіча  Пачуйкаў яшчэ шасцёра дзяцей. Але ўжо ўсе дарослыя, кожны адшукаў сваю сцяжынку ў жыцці. Трое – Алег, Саша і Паўлік  - будаўнікі, Таня – медсястра, Наташа – швачка, Марыя – страхавы агент. І на кожнага ў бацькоў хапае цеплыні і любові. Таму дзеці і падрастаючыя ўнукі аддзячваюць узаемнасцю.
Колькі ж трэба жанчыне для шчасця? Дружная сям’я (дарэчы, Наталля Сямёнаўна – паўнапраўная маці-гераіня), любімая работа, на якой усё ладзіцца-спорыцца ў руках, добрае здароўе, аптымістычны настрой на жыццё. Наталля Сямёнаўна  шчыра прызналася, што лічыць сябе па-сапраўднаму шчаслівай на гэтай зямлі.
У яе прыгожае імя – Таццяна, для дамашніх яна Танечка, Танюша. Але мясцовыя  жывёлаводы найчасцей звяртаюцца да гэтай мілавіднай жанчыны з імем па бацьку – Таццяна Рыгораўна.  Бо яна вопытны лабарант жывёлагадоўчага комплекса, перад гэтым  паўтара дзясятка гадоў адпрацавала даяркай, ведае сакрэты майстэрства да драбніц. З добрым веданнем справы Т.Р.Худзіцкая выконвае ўсе свае вытворчыя абавязкі і да людзей, якія працуюць побач, адносіцца з павагай і далікатнасцю.
Таццяна Рыгораўна нясе адказнасць, па словах загадчыцы МТФ № 1 В.І.Худзіцкай, за якасць малака (67% - клас “экстра”), вядзе камп’ютарны ўлік дойнага статку, працэсаў асемянення, лячэння і г.д. Дарэчы, сярэдні ўдой на карову набліжаецца да пяці з паловай тысяч пры тлустасці 3,68. І ў гэтым вялікая заслуга аператараў машыннага даення Таццяны Міхайлаўны, Юліі Пятроўны, Галіны Мікалаеўны Галаўчук, Святланы Сцяпанаўны Лагодзіч, Кацярыны Іванаўны Шыпко, Тамары Іванаўны Зубрыцкай, Тамары Міхайлаўны Варацэвіч.
Нават восеньскай дажджлівай парой тэрыторыя механізаванага двара  СВК “Снітава-Агра” выглядала па-гаспадарску дагледжанай і акуратнай.
- А вунь і Аляксей каля свайго МАЗа завіхаецца, - засяродзіў нашу ўвагу механік Сяргей Пятровіч Гліннік.
Вітаемся. Мужчына на хвіліну адрываецца ад работы,  падымае загарэлы твар. Аказваецца, з маладым вадзіцелем Аляксеем Міхайлавічам  Гулюком мы ўжо знаёмы. Не так даўно падвор’е ягонай маладой сям’і было прызнана  лепшым не толькі ў Снітаўскім сельсавеце, але і на Іванаўшчыне. Што ж, праўду кажуць, што свет цесны, і чалавек з чалавекам сыходзяцца. Даведалася, што ў дружнай, працавітай сям’і падраслі трое дзяцей, якія радуюць поспехамі ў вучобе і дапамагаюць па хатніх справах. Дарэчы, дом для Гулюкоў выдзеліла мясцовая гаспадарка. А яны шыкоўна добраўпарадкавалі сваю сядзібу, і стала яна казачнай. Клапатлівая маці і жонка Святлана Васільеўна па-ранейшаму настаўнічае ў Варацэвічах, вучыць мове і літаратуры вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак.
А гаспадар, як і раней, круціць баранку аўтамабіля. І ніякая работа ў гаспадарцы не абыходзіцца без яго непасрэднага ўдзелу. Што б яму ні даручылі –  нарыхтоўваць сянаж ці перавозіць збожжа ад камбайнаў, дастаўляць цэмент ці іншыя будматэрыялы  з беларускіх заводаў  - кіраўніцтва кааператыва цвёрда ўпэўнена, што Гулюк ніколі не падвядзе. Усё будзе зроблена своечасова і якасна. Адсюль – павага і аўтарытэт у калектыве. Таму заканамерна, што яго фотаздымак упрыгожвае галерэю працоўнай славы сельгаскааператыва.
Сам жа Аляксей Міхайлавіч - сціплы па характару чалавек, які надзвычай даражыць сваім працоўным калектывам механізатараў, просіць абавязкова назваць прозвішчы перадавікоў сельгасвытворчасці: Анатоля Мікалаевіча Варановіча, Уладзіміра Мікалаевіча Бяскроўнага, Аляксандра Раманавіча і Юрыя Мікалаевіча Худзіцкіх, Юрыя Іванавіча Ляшука, Васіля Фёдаравіча Цыральчука.
У сваю чаргу, старшыня СВК "Снітава-Агра" Анатоль Аляксеевіч Гліннік дадаў да гэтага спіса шмат іншых імёнаў. У іх ліку Аляксандр Мікалаевіч Лукша, галоўны аграном гаспадаркі, Георгій Георгіевіч Роцык, галоўны інжынер, Міхаіл Канстанцінавіч Лагодзіч, загадчык варацэвіцкай фермы, якая зараз дабудоўваецца і неўзабаве пачне даваць малако гатунку "экстра".

 

snotovo 02

snotovo 03

snotovo 04

snotovo 05

Надзея КУХАРЧУК.
Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА і Анатоля МІКАЛАЕВА.