Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Общество

Арыенцір у свеце прафесій

Количество просмотров:

Выбар прафесіі – адзін з самых складаных і адказных этапаў у жыцці кожнага чалавека. Для таго, каб вырашыць, кім ты хочаш стаць, правільна вызначыцца з выбарам будучай спецыяльнасці, у многіх установах адукацыі Іванаўшчыны праводзяцца прафарыентацыйныя дні.

Так, на базе трэцяй гарадской школы з 12 па 24 лютага для вучняў 5-10 класаў праходзілі тыдні працоўнага навучання і прафарыентацыі. Праграма, якая доўжылася на працягу некалькіх дзён, была цікавай і насычанай. Ва ўстанове адукацыі праведзены шэраг мерапрыемстваў, галоўная мэта якіх заключалася ў тым, каб прабудзіць у дзяцей цікавасць да знаёмства з рознымі прафесіямі, актывізаваць асабісты ўдзел вучняў у фарміраванні сваёй будучыні.
З панядзелка па пятніцу для хлопчыкаў і дзяўчынак праводзіліся майстар-класы настаўнікаў абслугоўваючай і тэхнічнай працы.
Вельмі спадабаліся маладзёнам экскурсіі ў розныя арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Напрыклад, вучні 6 класа пабывалі ў ААТ “Іванаўскі райаграсэрвіс” і “Мекасан”, дзе спецыялісты арганізацый расказалі пра асаблівасці сваёй працы, а таксама пра тое, дзе можна атрымаць прафесію вадзіцеля, токара, зваршчыка і іншыя. А васьмікласнікі наведалі аб’ект па сартаванні смецця ў Снітаве, а таксама ўчастак ачышчальных збудаванняў, што належаць Іванаўскай ЖКГ. Займальнай атрымалася экскурсія ў выпускнікоў дзявятага класа, якія адправіліся на малочнатаварную ферму УП “Ляхавіцкае-Агра”. Тут дзецям падрабязна расказалі пра прафесію жывёлавода, аператара машыннага даення, пра цяжкасці, якія ўзнікаюць у прафесіі.

Proforientacija 1
Proforientacija 2
Proforientacija 4


Вельмі займальным і разнапланавым быў семінар настаўнікаў абслугоўваючай і тэхнічнай працы, што прайшоў у школе 14 лютага. У гэты дзень шчырую цікавасць у дзяцей выклікалі так званыя ўрокі-пярэкруты, падчас правядзення якіх дзяўчынкі займаліся тэхнічнай працай (вучыліся забіваць цвікі), а хлопчыкі – абслугоўваючай (шылі, вышывалі).
Акрамя гэтага, ва ўстанове адукацыі была арганізавана выстава рукатворных работ навучэнцаў, выкананых як індывідуальна, так і калектыўна ці разам з бацькамі. Плюс да ўсяго на стэндзе «Калейдаскоп прафесій» штодня абнаўлялася інфармацыя пра розныя прафесіі.
Вынікі тыдняў працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі падведзены ў шосты школьны дзень 24 лютага. У суботу для вучняў старэйшых класаў Кацярына Календа, карэспандэнт “Янаўскага краю”, прэзентавала прафесію  журналіста, а Дзмітрый Драніч, намеснік начальніка Іванаўскага РАУС, расказаў пра прафесію міліцыянера.
Наогул дзень быў вельмі насычаны. Дзеці гулялі ў розныя тэматычныя гульні, праглядвалі загадзя падрыхтаваныя прэзентацыі, спявалі песні, танцавалі, адгадвалі загадкі... Адным словам, сумаваць нікому не прыйшлося.
Праведзеныя мерапрыемствы не пакінулі абыякавымі ні пяцікласнікаў, ні вучняў старэйшых класаў, ні дарослых. Дарэчы, актыўна ўключыліся ў працэс не толькі настаўнікі, але і бацькі.
Арганізацыяй і правядзеннем тыдняў прафесійнай арыентацыі займаліся настаўнікі працоўнага навучання Вольга Валер'еўна Пратасевіч, Сяргей Іванавіч Жушма, Тамара Іванаўна Ціпун і Таццяна Мікалаеўна Ярмола.
Упэўнена, што гэтыя два тыдні сталі арыенцірам у велізарным свеце прафесій і стварылі ўмовы для тых, хто толькі пачынае задумвацца пра сваю будучыню, а таксама карысным дадаткам і рэсурсам для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ўжо зрабілі свой прафесійны выбар.

Кацярына СЕРГІЕВІЧ.
Фота аўтара.