Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Будучыню мае той, хто памятае мінулае

У чацвер, 16 ліпеня, у Дзень вызвалення Іванаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у аграгарадку Яечкавічы адбылася цырымонія адкрыцця адноўленага помніка загінуўшым аднавяскоўцам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Удзел ва ўрачыстым мітынгу прынялі намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама Р.М. Сыса, старшыня раённага Савета дэпутатаў А.П. Дарагакупец, іншыя прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, работнікі ААТ «Зара-Агра», грамадскасць і моладзь. 

Ініцыятарам аднаўлення помніка выступіў старшыня Бродніцкага сельвыканкама Міхаіл Маталянец, якога падтрымала кіраўніцтва Іванаўскага раёна, мясцовыя жыхары, работнікі гаспадаркі, калектыў Яечкавіцкай сярэдняй школы, якія прынялі актыўны удзел у будаўніцтве і добраўпарадкаванні: 
– Намі была праведзена вялікая, карпатлівая работа па аднаўленні помніка. Фінансавую і арганізацыйную падтрымку ў гэтым пытанні аказалі А.У. Ткачук, старшыня Іванаўскага райвыканкама, Г.І. Бацюшка, дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Яечкавіцкай выбарчай акрузе, І.Л. Карпінчык, старшыня ААТ «Зара-Агра», калектыў мясцовай сярэдняй школы, будаўнічы кааператыў «Перасвет», які правёў будаўнічыя работы,  – зазначыў у сваім выступленні Міхаіл Паўлавіч.  
Ва ўрачыстай абстаноўцы 
прадстаўнікі ўлады, грамадскасці, калектыву мясцовай гаспадаркі ўсклалі да падножжа абеліска вянкі і кветкі ў знак удзячнасці вызваліцелям.  
Звяртаючыся да ўдзельнікаў мітынга Алена Дарагакупец, старшыня раённага Савета дэпутатаў, падкрэсліла, што 76 гадоў таму Іванаўскі раён святкаваў перамогу вызвалення:  
– Будучыня ёсць у тых, хто памятае мінулае. Мы ўсе з вамі памяталі, памятаем і, спадзяюся, дзякуючы такім абеліскам і мерапрыемствам захаваем памяць на стагоддзі, – падкрэсліла Алена Паўлаўна, павіншаваўшы прысутных са святам. Пасля чаго ўзнагародзіла Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў настаяцеля храма Афанасія Брэсцкага іерэя Алега Ілюшына.  
Намеснік старшыні райвыканама Рыгор Сыса, у сваю чаргу, адзначыў, што пашыраны фармат мерапрыемства вызначаны рэканструкцыяй помніка: 
– Мерапрыемствы, прымеркаваныя Дню вызвалення раёна, прайшлі на Іванаўшчыне. Дзякуючы неабыякавасці нашых людзей на гранітнай пліце з'явіліся імёны байцоў-вызваліцеляў. Хочацца выказаць словы ўдзячнасці ўсім, хто прымаў удзел у гэтай рабоце, – адзначыў Рыгор Максімавіч. Ва ўрачыстай абстаноўцы прадстаўнік раённай улады уручыў Грамату раённага выканаўчага камітэта Зоі Вікенцьеўне Вялічка, настаўніцы Яечкавіцкай СШ. 


Узнагароды – юбілейныя медалі – за значны ўклад у развіццё і аднаўленне памятных пахаванняў загінуўшых воінаў з рук ваеннага камісара Іванаўскага раёна С.У. Кахнюка атрымалі І.І. Кунахавец, старшыня Махроўскага сельвыканкама, К.М. Ваўрук, старшыня Іванаўскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру», М.П. Маталянец, старшыня Бродніцкага сельвыканкама. Музычныя нумары падрыхтавалі ўдзельнікі маладзёжнай студыі «Натхненне» раённага Цэнтра культуры і народных традыцый, удзельнікі творчых калектываў, работнікі сельскага Дома культуры аг. Яечкавічы. 

Анастасія Цалюк.