Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Чым здзівілі краязнаўцы?

Количество просмотров:

Дзіцячыя размалёўкі і “Неруш”, 101 музей са знакам “народны” і жаночая гімназія, беларускі гімн і 4 тыс. еўра для школы.

XXI Рэспубліканскі краязнаўчы форум педагагічных работнікаў прайшоў у Іванаве на базе СШ № 4. На працягу двух дзён яго ўдзельнікі абмяркоўвалі магчымасці выкарыстання розных падыходаў у арганізацыі краязнаўчай дзейнасці – дзейснага сродку далучэння навучэнцаў да пазнання малой радзімы. Выхаванне павагі ў дзяцей да гэтага самабытнага куточка, які мае свой лёс, гісторыю, тэмперамент, як заўважыў у сваім прывітальным слове Рыгор Сыса, намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама, адна з першачарговых задач сям’і і настаўнікаў. Разам з тым, неабходным, як акцэнтавалі ў сваіх выступленнях удзельнікі форуму, з’яўляецца вырашэнне яшчэ адной важнай задачы – развіццё турыстычнай прывабнасці малой радзімы, якой можа выступаць малы ці большы па тэрыторыі горад, вёска, былы хутар, урочышча.Такім чынам, у першым выпадку мы маем справу з выхаваннем патрыятызму ў навучэнцаў да малой і вялікай радзімы, дбаючы ж пра турыстычны попыт таго ці іншага месца мы клапоцімся пра яго дабрабыт і перспектыву. Турысты і грошы – паняцці ўзаемавынікальныя. Нехта зробіць сэлфі з унікальным помнікам архітэктуры і абмяжуецца гэтым, а хтосьці захоча набыць магніцік з выявай палаца ці замка, саламяны кубачак, дыванок з вышытым на ім шляхецкім гербам Радзівілаў ці Ордаў, тканы дзіцячы ручнічок альбо паменшаную ў шматкроць шпагу. Памер торбы падарожніка, такім чынам, па-першае, залежыць і ад сервісных магчымасцяў самога турыстычнага аб’екта. Па-другое, як можна было заключыць з дакладаў выступоўцаў, часам ідэалагічныя пазіцыі краязнаўцаў перашкаджаюць стопрацэнтнаму выкарыстанню яго патэнцыяла. Ідэальнай з эканамічнай і выхаваўчай пазіцый з’яўляецца сітуацыя, калі амаль кожнае перакрыжаванне ці вуліца маюць сваю разыначку – могуць пахваліцца неардынарнай гісторыяй узнікнення, славутасцю, выпадкам, які зацікавіць розную турысцкую аўдыторыю.


Памылкова думаць, што здзівіць такой інфармацыяй можна толькі немесцічаў. Мясцовыя людзі, маўляў, самі пра ўсё добра ведаюць. Больш таго, Уладзімір Зуеў, выкладчык Баранавіцкага ўніверсітэта, старшыня экалагічнай грамадскай арганізацыі “Неруш”, раскрутку баранавіцкіх турыстычных брэндаў прапанаваў пачаць з самых маленькіх. Якраз хлопчыкам і дзяўчынкам, якія яшчэ не ўмеюць чытаць, але файна малююць, ці развіваюць у гэтым напрамку свае здольнасці, адрасавана размалёўка з выявамі вядомых архітэктурных комплексаў і асобных аб’ектаў г. Баранавічы. Трэба меркаваць, што некаторыя бацькі захаваюць гэтую цікавую размалёўку па розных прычынах: не толькі таму, што каштуе яна ў некалькі разоў больш, чым ейныя аналагі, што прадаюцца ў шапіках “Белсаюздруку”, ці для гісторыі развіцця свайго пестуна – цікава ж самому сабе, але ўжо даросламу чалавеку, паглядзець, з якіх “крывулек” пачынаўся твой почырк і малюнак. Галоўная каштоўнасць архітэктурнай размалёўкі, распрацаванай баранавіцкімі спецыялістамі, як мне бачыцца ў тым, што яна “растущая”, ну, як той стол, болт якога, у залежнасці ад вышыні, куды ён укручваецца, падыходзіць для дзяцей рознага ўзросту. Тое ж самае ў нашай сітуацыі: напачатку змешчаны невялікія фота з выявамі архітэктурных аб’ектаў, якія, да таго ж, суправаджаюцца кароткай даведкай на дзвюх дзяржаўных мовах пра пэўны помнік, пасля на стандартных лістах даюцца павялічаныя копіі для малявання. І дзіця можа як па ўзоры размалёўваць, так і прымяніць сваю колеравую фантазію. Праз гады, калі твае ранейшыя мастакоўскія захады хутчэй за ўсё будуць выклікаць чароўную ўсмешку на вуснах, можна выкарыстаць размалёўку і для асабістага навучання моўнага перакладу, і для таго, каб узмацніць свае веды па веданні свайго краю, а можа яна стане першаю настольнаю кнігаю ў прафесію гіда ці падштурхне займацца выдавецкім прадпрымальніцтвам. А можа нехта захоча зрабіць важкі ўнёсак і дапамагчы краязнаўцам – разблытае пэўную гістарычную недакладнасць, вынайдзе новае гучнае імя земляка, пачне збіраць нейкія прадметы даўніны, засвоіць забытае рамёства сваіх продкаў, зробіць ІТ-адкрыццё, папоўніць інфармацыйную скарбонку Вікіпедыі на беларускай мове. Сёння, да слова, яна налічвае 15 тыс. розных па памеры артыкулаў. Разгон для думак і дзеянняў, адным словам, ёсць. Павел Дзенісенка, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Гомельскага кадэцкага вучылішча, напрыклад, расказаў, што вынікам працы яго навучэнкі па ўвекавечванні памяці загінулых землякоў аг. Пакалюбічы, стала тое, што некаторыя імёны чырвонаармейцаў, якія не згадваюцца ў кнізе “Памяць” былі адноўленыя, выпраўлены недакладнасці ва ўстанаўленні прычын выбыцця пэўнай колькасці чырвонаармейцаў, знойдзены ўліковыя карткі ваеннапалонных і г.д.
Розныя накірункі выкарыстання прасунутых ІТ-тэхналогій у краязнаўчай дзейнасці прадэманстравалі некаторыя з дакладчыкаў. Асабліва ўразіла ў гэтым сэнсе выступленне Аляксандра Агаяўца, намесніка дырэктара СШ №13 з Брэста, які шырока практыкуе іх выкарыстанне пры афармленні даследчых работ па краязнаўстве і пры правядзені квэст-гульняў, стварэнні электронных падручнікаў. Аляксандр Міхайлавіч паказаў некалькі работ навучэнцаў, выкананых пад яго кіраўніцтвам, выкарыстанне камп’ютарных тэхналогій пры напісанні і стварэнні якіх дазваляюць з гукам гартаць старонкі, чуць пошум рэчкі, пра якую ідзе гаворка, хутка шукаць інфармацыю пра нешта, дзякуючы QR-кодам. Настаўнік агучыў ідэю зрабіць указальнікі з імі ў Брэсце, які ў верасні гэтага года будзе святкаваць міленіум, для імгненнага пошуку наведвальнікамі абласнога цэнтра патрэбных звестак пра пэўную вуліцу, музей ці славутага земляка.
Дарэчы, на форуме стала вядома, што ва ўстановах адукацыі рэспублікі – школах, ліцэях і г.д. – працуюць амаль паўтары тысячы музеяў (1453), з іх 101 мае званне “народны”.Адзін з такіх самабытных музеяў знаходзіцца ў горадзе Жодзіна. Унікальнасць гэтага раённага цэнтра ў тым, што тут працуе адзіная ў Беларусі жаночая гімназія, створаная ў 1992 годзе, цяпер у ёй навучаюцца 205 дзяўчат. Ва ўстанове ёсць музей адукацыі, дзе сабраны матэрыял па гісторыі адукацыі ў СССР. Акрамя таго, трэба меркаваць, што адны з самых выхаваных, прыгожых і добрых гаспадынь-кухараў – выхадцы з Жодзіна. Чаму так? Завітайце ў Жодзінскую жаночую гімназію і пацікаўцеся школьнымі дысцыплінамі. Апрача матэматыкі, беларускай мовы і стандартных школьных прадметаў тут выкладаюцца асновы кулінарыі, візажу, цырульная справа і этыкет. Адным словам, усё сур’ёзна!
Не менш сур’ёзна, але ў эканамічным плане, складаецца справа ў шчучынскай гімназіі, куды варта паехаць, каб пераняць вопыт мясцовых настаўнікаў, якія зарабілі 4 тыс. еўра для развіцця матэрыяльнай базы школы, для таго, каб пазнаць, у чым асаблівасць размоўнай кавярні, паўдзельнічаць у пасадцы батанічнага саду, даведацца, што такое В-дастаўка, надрукаваць хаця б адзін аркуш на станку часоў Францыска Скарыны і не спяшаючыся павандраваць па гімназіі, дзе ўшаноўваецца памяць пра нацыянальнага героя Чылі – нашага славутага Ігната Дамейку, чыім імем у свеце названы шэраг розных рэчаў і аб’ектаў – мінерал, кветка, планета, гарады, вуліцы, бібліятэка і г.д.  
І калі інфармацыя пра Дамейку носіць міжкультурны характар, то Алег Казак, настаўнік гісторыі Мінскага гарадскога педагагічнага вучылішча, рыхтуючы заданні для квэстаў, робіць акцэнт на прапагандзе дасягненняў беларускай навукі і культуры. Пэўная частка пытанняў квэста прысвечана выкладчыкам і студэнтам гэтай установы. Ну, паспрабуйце адказаць: “Гэты беларускі кампазітар – аўтар музыкі да песень, якія на Усебеларускім з’ездзе выконваліся ў якасці нацыянальных гімнаў. Апроч таго, гэты чалавек у першыя гады функцыянавання Мінскага Беларускага педагагічнага тэхнікума ўзначальваў у ім харавы гурток, быў арганізатарам працы па зборы студэнтамі народных песень. Да рэвалюцыі ён служыў псаломшчыкам у цэрквах Мінска. Хто гэта?”
За два дні работы форуму апантаныя краяведы з усёй краіны дзяліліся сваімі напрацоўкамі ў гэтай сферы, расказвалі пра асабісты вопыт краязнаўчай работы. Прафесійным бонусам гасцям ад іванаўскіх калег стала наведванне музейнага комплексу імя Напалеона Орды ў в. Варацэвічы, Мотальскага музея народнай творчасці, экскурсій па Іванаве і аграгарадку Моталь.

Наталля МЕЧНАЯ.
Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА.