Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Добры прыклад жыхароў Гнеўчыц

З надыходам вясны настала пара не толькі рыхтавацца да палявых работ і сяўбы, але і ўзяцца за ўборку населеных пунктаў, прысядзібных участкаў, могілак, помнікаў і іншых аб'ектаў пасля зімы. Многія нашы грамадзяне адказна падышлі да гэтай справы. Станоўчым прыкладам можа служыць ініцыятыва жыхароў вёскі Гнеўчыцы Рудскага сельсавета.

Яшчэ ўвосень тут быў праведзены сельскі сход з удзелам старшыні сельсавета П.І. Курышкі, на якім было прынята аднагалоснае рашэнне зрэзаць усе аварыйныя дрэвы на мясцовых могілках. Стараста вёскі Неаніла Канстанцінаўна Міхальчук прыступіла да збору грошай ад насельніцтва.
– Хачу адзначыць, што пераважная большасць вяскоўцаў адгукнуліся на заклік, – тлумачыць Неаніла Канстанцінаўна. – Звыш таго, многія жыхары навакольных вёсак, чые родныя пахаваны на мясцовых могілках, таксама падключыліся да акцыі.

Gnevchicy Kladbische 2
Gnevchicy Kladbische 3
Gnevchicy Kladbische 4
Gnevchicy Kladbische 5


У выніку была сабрана неабходная сума. І пасля ўзгаднення гэтай дзейнасці з Іванаўскай ЖКГ да работы прыступілі прамысловыя альпіністы з суседняга Пінска, якія зрэзалі ўсе дрэвы і распілавалі іх на часткі. Жыхарам Гнеўчыц заставалася толькі вывезці драўніну, і навесці парадак на могілках.
У ходзе работы было выдалена 60 аварыйных дрэў. Старшыня сельсавета расказаў як дружна і аператыўна працавалі вяскоўцы, як вывозілі распілаваную драўніну. Дарэчы, яна будзе выкарыстана для ацяплення жылля сельскіх жыхароў, а таксама мясцовай царквы.
– Да Вялікадня плануем навесці ідэальны парадак, – тлумачыць Пётр Іванавіч. – У нашым сельсавеце гэта будуць ужо чацвёртыя могілкі, дзе цалкам зрэзаны дрэвы. Таксама працягваем агітацыйную работу і з насельніцтвам астатніх вёсак.
Зараз у раёне аб'яўлены месячнік па добраўпарадкаванні, таму мы заклікаем усіх жыхароў Іванаўскага раёна паўдзельнічаць у ім, навесці парадак на зямлі. Толькі разам мы зробім наш Іванаўскі край яшчэ прыгажэйшым.

Валерый МІХАЛЬЧУК. Фота аўтара.