Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Дружная дынастыя прадпрымальнікаў

Больш за чвэрць стагоддзя прайшло з моманту адкрыцця вытворчага кааператыва «Моталь», аднаго з першых прыватных прадпрыемстваў на Іванаўшчыне. У далёкім 1993 годзе яно выпусціла сваю першую прадукцыю. З тых часоў каўбасныя і мясныя вырабы кааператыва заслужылі ўсеагульную славу і прызнанне. Не адзін святочны стол не абыходзіцца без смачнай і апетытнай нарэзкі ад ПК «Моталь».

А заслуга ў стварэнні паспяховага прадпрыемства належыць Сцяпану Мікалаевічу Шыкалаю. Шмат гадоў ён узначальваў гэты кааператыў, паступова прыцягваючы да вытворчасці прадстаўнікоў малодшага пакалення. Сёння ён заслужаны пенсіянер і дзядуля. А бізнес знаходзіцца ў надзейных руках дзяцей і ўнукаў. Амаль уся вялікая дынастыя Шыкалаяў задзейнічана ў вытворчасці каўбасных вырабаў. Сын, Мікалай Сцяпанавіч, годна працягвае пачынанні бацькі на паса-дзе кіраўніка. Яго жонка Алена Іванаўна, кіруе лабараторыяй. У бізнесе працуюць таксама сын Віктар Сцяпанавіч (галоўны ветурач), дачка Людміла Сцяпанаўна (начальнік каўбаснага цэха), зяць Сяргей Паўлавіч (галоўны тэхнолаг). Але галоўная надзея сям'і  – гэта ўжо трэцяе пакаленне, унукі – поўны цёзка дзядулі Сцяпан Мікалаевіч (менеджэр), Аляксей Сяргеевіч (інжынер-тэхнолаг), Аляксандр Віктаравіч (загадчык забойнага цэха) і нявестка Алена Аляксандраўна (юрысконсульт).
У 2005 годзе на гэтым прадпрыемстве была створана прафсаюзная арганізацыя. Усе работнікі кааператыва, а гэта больш за 70 чалавек, з'яўляюцца членамі прафсаюза. Старшынёй прафсаюзнай суполкі абрана Алена Мікалаеўна Шыкалай. У мінулым годзе за актыўны ўдзел у прафсаюзных і грамадска-палітычных акцыях, якія праводзяцца ў Іванаўскім раёне, яна ўзнагароджана медалём «110 гадоў прафсаюзнаму руху».
Не застаюцца члены сям'і Шыкалаяў убаку ад людскіх праблем. Цяперашняму кіраўніку вытворчага кааператыва Мікалаю Сцяпанавічу землякі даверылі прадстаўляць свае інтарэсы ў Брэсцкім абласным Савеце дэпутатаў. Нягледзячы на занятасць, ён выдатна спраўляецца з грамадскай працай і запісаў у свой актыў ужо нямала добрых спраў. Не скупяцца прадпрымальнікі і на ахвяраванні.
Ясна, што дынастыя Шыкалаяў займае не апошняе месца ў жыцці Іванаўскага раёна. Нездарма яны прынялі актыўны ўдзел у Рэспубліканскай прафсаюзнай акцыі «Мы – разам!». А сімвалам іх грамадскага прызнання сталі ганаровыя ўзнагароды, атрыманыя з рук Алены Мікалаеўны Манкевіч, намесніка старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, на вялікай святочнай сцэне падчас Дня беларускага пісьменства.

Валерый МІХАЛЬЧУК.
Фота аўтара.