Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Фарбы восеньскага кірмашу

Количество просмотров:

Кожную восень вуліца Савецкая райцэнтра ператвараецца ў гандлёва-нарыхтоўчы цэнтр. І з кожным годам сельскагаспадарчы кірмаш становіцца ўсё больш  прывабным і папулярным і для пакупнікоў, і для гандляроў, якія прыязджаюць у Янаў з іншых раёнаў і абласных цэнтраў. 

Вось і ў нядзелю, 11 кастрычніка, тэрыторыя каля трэцяй гарадской школы стала сапраўды кірмашовай вуліцай. Тут праходзіў трэці сельскагаспадарчы раённы кірмаш. Сваю адборную прадукцыю пакупнікам – жыхарам і гасцям райцэнтра – прапаноўвалі сельгаспрадпрыемствы Іванаўшчыны, раённая спажывецкая кааперацыя, фермерскія гаспадаркі, індывідуальныя прадпрымальнікі, дбайныя гаспадары. Усяго 120 гандляроў, больш за 20 з іх – госці з суседніх раёнаў вобласці. 
Сельскагаспадарчая прадукцыя, саджанцы пладовых дрэў, кветкі прадаваліся якасныя. Увесь асартымент можна было набыць па прывабных цэнах. Бяры – не хачу, было б жаданне. 
Там, дзе цэннік быў найменшы, назіралася чарга пакупнікоў. Тыя, хто беражэ свой час, на цану асабліва не глядзелі – бралі па некалькі мяхоў хто бульбу ці  капусту, хто  моркву ці цыбулю. 
Акрамя гародніны, наведвальнікі кірмашу куплялі збожжа – пшаніцу, жыта, авёс, ячмень па 39-50 капеек за кілаграм. Курыныя яйкі можна было набыць па цане 1,80-2,00 рублі. Райспажыўтаварыства прапаноўвала пладова-агароднінную прадукцыю: бульбу па 50 кап., моркву па 60, капусту – 50, цыбулю – па 60 капеек за кілаграм, перац – па тры рублі. Журавіны сёлета рэалізоўваліся па 4,20 руб. 

jarmarka-1


Працавала і сацыяльнае таксі Іванаўскага ТЦСАН, якое на бязвыплатнай аснове дастаўляла дадому з кірмашу важкія мяхі з прадукцыяй і сумкі інвалідаў і пажылых грамадзян. Дапамогу ў дастаўцы пакупак такім людзям аказвалі таксама і валанцёры грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» з атрада «Добрае сэрца» СШ №3 г. Іванава. 
– Як прыемна, што нам не трэба хвалявацца аб тым, як даставіць свае пакупкі дамоў. Спрытныя  хлопчыкі і іх старэйшы памочнік-вадзіцель хутка загружалі іх у машыну . Дзякуй за такую дапамогу! – зазначылі падчас кірмашу пенсіянеркі. 
Як паведамілі спецыялісты аддзела эканомікі райвыканкама, у цэлым за час правядзення трох кірмашоў у Іванаўскім раёне было рэалізавана насельніцтву 59 тон бульбы, 14,6 тоны капусты, 13, 7 тоны цыбулі, 4,5 тоны яблыкаў, 14 тон морквы і 12,4 тоны  сталовых буракоў. Найбольш годна гандаль арганізавалі адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Агра-Моталь», «Снітава-Агра», Іванаўскае райспажыўтаварыства, фермерскія гаспадаркі «Янаўскае», «Тышкавіцкае», «Знаходка Палесся» і іншыя,  якія забяспечылі шырокі выбар  сваёй прадукцыі. У поўным аб'ёме малочнай прадукцыяй жыхароў і гасцей райцэнтра забяспечылі прадстаўнікі ААТ «Псышчава Агра». За тры тыдні малочны цэх акцыянернага таварыства рэалізаваў насельніцтву 1800 кілаграмаў сыроў і сметанковага масла. Агульны таваразварот трох кірмашоў склаў 93 тысячы рублёў. 

jarmarka-3

 Анастасія Цалюк.