Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Фестываль роднага слова

Павільёны Фестывалю кнігі і прэсы на працягу двух дзён запрашалі жыхароў горада і гасцей
Дня беларускага пісьменства на розныя прэзентацыі і выставы. Прысутным прапанавалі лепшыя выданні мастацкай і вучэбнай літаратуры, кнігі для дзяцей і юнацтва, энцыклапедычную літаратуру беларускіх выдавецтваў.

Віктарыны, гульні і інсцэніроўкі падрыхтаваў для маленькіх чытачоў павільён «Добрая кніга – дзецям». У павільёне «Друкарскі двор XVI стагоддзя» жадаючыя змаглі сваімі рукамі паспрабаваць надрукаваць старонку са старажытнай кнігі.
Галасы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў чуліся з павільёна «Слова пісьменніка», дзе адбываліся прэзентацыі кніг і аўтограф-сесіі сучасных пісьменнікаў. Тут жа прайшла і цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў абласнога літаратурнага конкурсу «Духоўная веліч», арганізаванага галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкім абласным аддзяленнем грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» сумесна з Брэсцкай і Пінскай епархіямі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Падвядзенне вынікаў конкурсу адбывалася па чатырох намінацыях: «паэзія», «мастацкая проза», «публіцыстыка» і «літаратура для дзяцей». У рамках мерапрыемства былі таксама ўзнагароджаны пераможцы абласнога этапу конкурсу «Шчасце жыць у мірнай краіне». Старшыня праўлення Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Л.М. Раманюк уручыла Дыплом ІІІ ступені вучаніцы Крытышынскай сярэдняй школы Ганне Палюцінай.

Festyval Rodnaga Slova 10
Festyval Rodnaga Slova 5
Festyval Rodnaga Slova 7
Festyval Rodnaga Slova 8
Festyval Rodnaga Slova 9


На Фестывалі быў прадстаўлены шэраг самых розных беларускіх выданняў, і вельмі сімвалічна, што сярод іх знайшла сваё месца кніга аб жыхарах і ўраджэнцах Іванаўскага раёна, пра людзей, якіх добра ведаюць і паважаюць. Першага верасня адбылася прэзентацыя кнігі Ігара Гетмана «Людзі Янаўскага краю».
У мерапрыемстве прынялі ўдзел начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Тацццяна Міхайлаўна Гагакава, героі кнігі, госці і жыхары горада.
У кнізе расказваецца пра жыццёвы шлях людзей самых розных прафесій: урача Антаніны Мікалаеўны Млынчык, паштальёна Марыі Васільеўны Мандрык, настаўніка Алы Сцяпанаўны Скошчук, ветэранаў працы Мікалая Васільевіча Жука, Уладзіміра Васільевіча Шэляговіча, Паўла Паўлавіча Баранчыка, Анатоля Уладзіміравіча Зыбянка, вядомых работнікаў сельскай гаспадаркі Анатоля Аляксеевіча Глінніка, Аляксея Сцяпанавіча Скакуна, Вячаслава Мікалаевіча Каштальяна і іншых. Выказаў словы ўдзячнасці аўтару адзін з герояў кнігі, вядомы кампазітар, музыкант Валянцін Васільевіч Перапёлкін. Тацццяна Міхайлаўна Гагакава таксама
адзначыла, што Ігар Гетман падышоў да напісання кнігі з душой, вельмі яскрава і своеасабліва пададзены вобразы герояў. Кніга напісана якраз у Год малой радзімы, што вельмі своечасова і актуальна.
Напрыканцы мерапрыемства героі кнігі атрымалі выданне за подпісам аўтара.
Пазнаёміцца з кнігай «Людзі Янаўскага краю» ў бліжэйшы час можна будзе ў бібліятэках раёна.

Дзіяна КРЭС.
Фота Ірыны ЗАЙМІСТ

і Валерыя МІХАЛЬЧУКА.