Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Грамадзянства і... усмешка Прэзідэнта

Количество просмотров:

Альбіна – звычайная школьніца-падлетак са сваім адчуваннем рэчаіснасці, неспакойнымі роздумамі, духоўна-эмацыянальнымі памкненнямі.Навакольны свет для яе абмяжоўваецца някідкімі краявідамі роднай вёсачкі Варацэвічы. Дзяўчынка прыкіпела душой да гэтага самабытнага куточка, дзе смугой спавіты небакрай, абшары палёў і лугоў, таямнічы лес са спакуслівым ягадна-грыбным водарам, дзе спазнала радасць сяброўства і першую горыч расчараванняў, дзе знаёмая сцяжынка вядзе да школьнага парога. Аднак гэта не азначае, што ёй не хочацца на ўласныя вочы ўбачыць ва ўсёй красе ўсю здзіўляльна-непаўторную вялікую Радзіму. Яна спадзяецца, што жаданне яе стане рэальнасцю, гэта толькі справа часу. А пакуль яна найчасцей вандруе па прасторах Беларусі толькі ў мройлівых летуценнях. 

Як большасць яе равесніц, у свае чатырнаццаць гадоў яна лічыць сябе дарослай. І мае рацыю для такога меркавання: па-першае, як належыць чалавеку даросламу, Альбіна сур’ёзна ставіцца да вучобы, з адказнасцю выконвае хатнія абавязкі, а па-другое, некалькі дзён таму яна атрымала пашпарт – свой першы афіцыйны дарослы дакумент.
Гэты факт стаў сапраўды грандыёзнай падзеяй у жыцці школьніцы.
Тыдзень таму ў СМІ шырока асвячалася знамянальная дата – 25-годдзе з дня прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У рамках святкавання ў Палацы Незалежнасці Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка ўручыў пашпарты 25 таленавітым маладым людзям. У ліку шчасліўчыкаў апынулася і Альбіна Гац, васьмікласніца ДУА «Варацэвіцкі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа».
– Па выніках рэйтынгу эфектыўнасці дзейнасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі наша школа стабільна ўваходзіць у тройку лепшых сярод сельскіх школ раёна, - інфармуе дырэктар Міхаіл Міховіч. - Школа мае ўсе падставы ганарыцца дасягненнямі сваіх навучэнцаў у вучобе і спорце, інтэлектуальных і творчых конкурсах, грамадскіх справах. Да прыкладу, васьмікласнік Аляксей Мужэйка сёлета стаў дыпламантам першай ступені абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы і зараз карпатліва рыхтуецца да заключнага выпрабавання.
Славіцца школа і сваімі добрымі традыцыямі, адна з якіх – захаванне гістарычнай памяці, ушанаванне імёнаў знакамітых землякоў. Мясцовыя рабяты, напэўна, не па падручніках і рукапісах, а на асабістым вопыце вывучылі маршрут ва ўрочышча Чырвоны Двор, да сядзібнага дома Напалеона Орды, слыннага кампазітара, мастака – майстра замалёвак архітэктурных помнікаў, гарадскіх і сельскіх пейзажаў. Садзейнічанне ў патрыятычным і эстэтычным выхаванні падрастаючага пакалення аказвае раённы музейны комплекс імя Напалеона Орды, размешчаны ў Варацэвічах, з якім ва ўстановы адукацыі наладжаны цесныя стасункі. Таму не дзіўна, што яна штогод становіцца пераможцам конкурсу “Музей – лепшы сябар школы”.
– Вельмі прыемна, што нашай Альбіне выпаў гонар
удзельнічаць у такім прэстыжным мерапрыемстве, - канстатуе Міхаіл Іванавіч. – У чарговы раз упэўніваешся ў думцы, што ні адно дзіця не застаецца па-за ўвагай дзяржавы, кожнае дзіця – каштоўнасць, незалежна ад таго, жыве яно ў гарадскім асяроддзі ці ў сельскай глыбінцы. Яскравым сведчаннем таму з’яўляецца і наша школа, утульная, прасторная, сучасная: новы будынак яе ўзводзіўся ў складаныя дзевяностыя гады. Нават тады, калі эканоміка краіны перажывала цяжкія часы, клопат пра дзяцей заставаўся адным з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі.
– Атрыманне пашпарта, ды яшчэ тое, што ўручыў яго Кіраўнік краіны, – для мяне не проста эпізод жыцця, а лёсавызначальны момант, – дзеліцца ўражаннямі юная грамадзянка, – пра які я не толькі ніколі не забуду, але і дзецям сваім некалі расказваць буду. Хіба ж магла я марыць, што руку мне пацісне са-а-ам Прэзідэнт!
Сарамяжлівая мая суразмоўца не хавае эмоцый у гэтыя імгненні шчырасці. Яе светла-зялёныя вочы з карычневымі іскрынкамі ўспыхваюць ярчэй, голас трымціць радаснай усхваляванасцю:
– Самае найбольшае, на што я магла разлічваць у сваіх марах, – гэта ўбачыць Прэзідэнта з высокай трыбуны ў той час, калі, магчыма, нашай валейбольнай камандзе (а я вельмі люблю валейбол) пашанцуе паўдзельнічаць у якіх-небудзь спаборніцтвах у сталіцы.
Аляксандр Лукашэнка ў жыцці выглядае гэтак жа, якім мы бачым яго на экранах тэлевізараў, - усміхаецца дзяўчынка. – Раней я думала па-іншаму (маю на ўвазе працу грымёраў, святлоаператараў і г.д.). Размаўляў ён з намі даверліва, зацікаўлена. Нагадваў, каб, куды б ні закінуў нас лёс, не забывалі мы свае карані, якія заўжды будуць сілкаваць нас жыватворнай энергіяй, хораша гаварыў пра нашу агульную Радзіму – незалежную Беларусь, маладое пакаленне, якому наканавана быць гаспадаром на сваёй зямлі.
Я вельмі хвалявалася, едучы на сустрэчу, – працягвае вучаніца. – Але прыязнасць, добразычлівая ўсмешка Аляксандра Лукашэнкі растапілі страх – было толькі прыемнае ўзрушэнне. Кожны ўдзельнік урачыстасці атрымаў ад Прэзідэнта кнігу “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” і  эксклюзіўныя ласункі. А яшчэ мы фатаграфаваліся з Прэзідэнтам. Ён, пакуль ішла гэтая працэдура, жартаваў з намі, хораша, дасціпна жартаваў. Ад яго ішла дабрыня.
А яшчэ Альбіна прызналася, што найлепшыя ўражанні ў яе засталіся і ад экскурсіі па Палацы Незалежнасці, падчас якой для ўдзельнікаў урачыстасці Кіраўнік краіны нават адчыніў дзверы асабістага кабінета, каб госці змаглі ўбачыць сапраўдную рэліквію, якая тут захоўваецца, – першы асобнік Канстытуцыі. З захапленнем распавяла дзяўчынка пра цудоўны Мінск, які бачыла ўпершыню, сяброў, з якімі пазнаёмілася ў часе гасцявання ў сталіцы.
– Пэўна, калі ты ехала ў паездку, сяброўкі зайздросцілі табе, – хутчэй, запэўніваю, чым пытаюся, я.
Па вачах бачу, што не зга-джаецца яна з маімі здагадкамі, але не хоча пярэчыць малазнаёмаму чалавеку.
Крышачку зайздросцілі, – змякчаю я сваё сцвярджэнне. Ізноў у адказ – маўчанне.
– Ну, па-добраму зайздросцілі, – раблю яшчэ адну спробу.
– Так, так! Па-добраму! – нечакана бойка адказвае мая субяседніца. У яе праўдзівых вачах плешчацца радасць: удалося-такі знайсці паразуменне.
“Каб свет быў добрым, каб усё ў ім уладкоўвалася па справядлівасці”, - успамінаецца запаветная мара школьніцы, якую яна выказала ў ходзе размовы (дарэчы, дабрыня – гэта якраз тая якасць, якой найперш вылучаецца і сама дзяўчынка – гэта адзначылі яе аднакласнікі, настаўнікі). Наперадзе ў вучаніцы – непрадказальная будучыня. Невядома, наколькі яна будзе адпавядаць дзявочым уяўленням аб ідэальным свеце, але той факт, што Альбіне выпаў шанец паехаць на сустрэчу з Прэзідэнтам, мне здаецца пацвярджэннем таго, што ў нашым супярэчлівым сумбурным жыцці справядлівасць усё ж існуе.

Ірына САЛОМКА.
Фота аўтара.