Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Канікулы правялі з кнігай

Количество просмотров:

Здавалася б, толькі нядаўна адгучалі школьныя званкі, і вось ужо лета спявае сваю развітальную песню. На працягу трох месяцаў хлопчыкі і дзяўчынкі адпачывалі ад навучальнага года, гулялі і весяліліся, аздараўляліся і набіраліся сіл. А хтосьці праводзіў вольны час з карысцю, шмат чытаў і атрымліваў новыя веды. Менавіта для такіх дзяцей работнікі дзіцячай бібліятэкі падрыхтавалі ў мінулую нядзелю свята.

Рабяты разам з казачнымі персанажамі – Нязнайкай, Мальвінай і Каралевай-кнігай – пусціліся ў падарожжа ў Чытай-горад. Там яны пазнаёміліся з дзіцячай літаратурай, наведалі мноства славутасцяў: палац мастацтваў, бульвар роднай прыроды, плошчу прыказак, замак казак і г.д. Пад чулым кіраўніцтвам вядучых гледачы ўдзельнічалі ў конкурсах, разгадвалі загадкі, спявалі і танцавалі, глядзелі творчыя нумары ў выкананні юных артыстаў.

У ходзе сустрэчы дзеці даведаліся, што бібліятэка – гэта дзіўнае месца, дзе жыве мноства кніг. Да прыкладу, у нашай бібліятэцы іх больш за 20 тысяч.

А яшчэ былі падведзены вынікі так званага кніжнага чэмпіянату. Гэта такі конкурс для дзяцей, якія прачыталі за лета больш за 20 кніг. Сярод кнігалюбаў апынуліся Мацвей Мельніковіч, Раман Міхнавец, Ксенія Упіравец, Анастасія Дуль, Марк Бузько, Аляксандр Маргаўчук, Дар'я Саўчук. Абсалютным лідарам абвешчаны Дзмітрый Камісарчук, трэцякласнік гарадской гімназіі, які прачытаў за лета 71 кнігу. Усе гэтыя дзеці ўзнагароджаны граматамі і падарункамі.

Ужо ў бліжэйшы панядзелак ізноў пачнецца навучальны год. Бацькі загадзя гатуюцца да гэтай падзеі, набываюць канцылярскія пынялежнасці, заплечнікі, форму. А для таго, каб зрабіць правільны выбар, Іванаўскае райспажыўтаварыства падрыхтавала для дзяцей і іх бацькоў модны паказ школьнай вопраткі. Да таго ж, прадстаўніца спажыўтаварыства расказала аб акцыях і асартыменце прадукцыі ў магазінах раённай спажывецкай кааперацыі.

Валерый Міхальчук.

Фота аўтара.