Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Общество

«Кніга – частка душы»

Количество просмотров:

Мне даводзілася бываць у розных бібліятэках – ад нацыянальнай да раённай. Але такой я не бачыў: каб у сялянскай хаце было больш за дзве тысячы экзэмпляраў кніг, у выдатным дагледжаным стане, многія з якіх з’яўляюцца рарытэтамі. Дзе знаходзіцца такая бібліятэка? У Рудску. Яе гаспадар – Міхаіл Уладзіміравіч Устымчук, у мінулым майстар ПМК-12 у Іванаве, сёння пенсіянер.

Я застаўся

Самым харошым у сваім жыцці лічу тое, шо я оставса на гэтой зэмлі. Мала-прыдатнай для жыцця, але ж мае продкі неяк на ёй выжывалі. Цяжка выжывалі. Гэта сёння балота асушана, і стала лягчэй, а калісь проста на кавалку пяску жыло некалькі радзін: Засімовічы, Устымчукі, Павельчукі. Даследчыкі гавораць, што назву сяло атрымала таму, што некалі тут здабывалі руду. Я паверу ў гэта, бо калісь, як былі малымі, я і мае сябры знаходзілі на дне Няслухі кавалкі пераплаўленага метала.
Рудск у час Першай сусветнай вайны быў пераселены ўглыб Расіі. Пераселены прымусова. Як і скрозь у заходніх беларускіх губернях, прыязджалі казакі,
людзей выганялі, хаты палілі. Накапалі акопаў, але ў выніку немцы наступалі вельмі шпарка, рускія адышлі і баёў пад Рудскам не было. Але бежанскія вазы ўжо ехалі ў кірунку Баранавіч, адкуль нашых людзей эвакуявалі ўглыб Расіі. Сярод бежанцаў быў і мой прадзед з малымі дзецьмі. Завезлі іх ажно ў Мардовію.
Калі вярнуліся дадому – тут усё было разбурана, хата спаленая. Прадзед Нікіфар усё аднавіў сваімі рукамі, старэйшую дачку – маю бабу – адправіў у наймы ў Наблі (ледзь не сказаў “зарабляць грошы”, але грашыма тады не плацілі, давалі прадуктамі). Там і пазнаёмілася з будучым мужам, рыбаком, вельмі прадпрымальным хлопцам. Па ўспамінах маёй маці, дзед меў нават дзве стрэльбы, якія ўдавалася перахоўваць нягледзячы на тое, што за польскім часам трымаць дома зброю было забаронена. Рыбу прадаваў найчасцей жыдам, паляваў на качак, за гэта і жыла сям’я.
Маці з бацькам пасля прыходу немцаў спешна стварылі сям’ю, каб выратавацца ад вывазу ў Нямеччыну: сямейных не чапалі, вывозілі нежанатых і незамужніх. Купілі хатку за шаснаццаць пудоў збожжа. У студзені 1943-га нарадзіўся я.
У 1944-м, калі вярнуліся нашы, з Рудска на фронт пайшло каля 40 чалавек. Больш палавіны не вярнулася.

На Данбасе

Як прыйшла пара паступаць, я выбраў тэхнікум механізацыі ў Гарадку Віцебскай вобласці. Гэта трэба было дадумацца: побач поўна тэхнікумаў, а я паехаў праз усю Беларусь! Маці адпусціла, на квіткі грошай назбірала, а можа і пазычыла, бо скуль у той час былі грошы ў калгасніка. Іспыты здаў, але не прайшоў па конкурсе. Вярнуўся дадому, і ў гэтую пару начальніца пошты ўгаварыла мяне пайсці рабіць паштальёнам. Пазней рабіў грузчыкам, а гэта ўжо шэсцьсот рублёў у адрозненне ад дзевяці трудадней у месяц, якія налічвалі паштальёну. Ну, а потым знайшоў аб’яву, што ў горадзе Данецку Растоўскай вобласці горнапрамысловая вучэльня набірае вучняў на розныя спецыяльнасці. Я выбраў сабе спецыяльнасць машыніста электравоза. Зноў паехаў за свет, з той толькі розніцай, што было ўжо не чатырнаццаць, а шаснаццаць год. Паступіў, адвучыўся, прычым няблага – у пасведчанні толькі дзве чацвёркі, рэшта пяцёркі.
Данецк Растоўскай вобласці ў адрозненне ад украінскага цёзкі – горад невялікі, накшталт Янава. У самым горадзе знаходзіцца чатыры ці пяць шахт. Блізка ад яго ўкраінска-расійская граніца, горад Краснадон і станцыя Ізварына. Назвы, якія мы часта чуем пасля пачатку канфлікту на ўсходзе Украіны...
Шахта ўвогуле месца работы небяспечнае. Электравоз – не выключэнне. Мне пашанціла, бо далі добрага інструктара, які вучыў мяне рабоце, вазіць вугалёк і пароду. Я лічу тую работу вялікім мастацтвам, улічваючы, што шпалы ад вільгаці ў шахце псуюцца хутка, вагоны то набягаюць, то расцягваюцца, то з рэльсаў зыдуць, то перакінуцца…
Гэта быў 1962 год. Заробак – сто рублёў новымі…

Вяртанне

У 1965 годзе я вярнуўся на Бацькаўшчыну, стаў загадчыкам клуба ў Сухім. Якраз дзякуючы гэтай рабоце я трапіў на бібліятэчныя курсы ў Пінску, дзе мяне навучылі бібліятэчнай справе. Гэта даволі цікавая рэч: як класіфікаваць кнігі, рабіць анатацыі, складаць карткі. Карацей, фонд Сушанскай бібліятэкі я класіфікаваў. Праўда, фонд там быў у некалькі разоў меншы, чым мая сённяшняя ўласная бібліятэка. Гэта была цікавая работа, але плацілі за яе 90 рублёў. Таму пайшоў я ў будаўнікі. Жаніўся, пачаў будаваць уласны дом… У ПМК-12 я прарабіў больш за 30 год.

Михаил Владимирович Устымчук с внуками Андреем и Никитой

Кніга – гэта святое

Захапленне кнігай пачалося ў мяне з малых гадоў. У нашай хаце ніякіх выданняў не было, і маё знаёмства з друкаваным словам пачалося ў хаце суседа, Івана Засімовіча, які рабіў у Янаве і неяк прывёз сваім дзецям “Книгу для чтения”. Быў можа які 1948 год. Гэта была такая файная маляўнічая кніжка! Божэ мій! Я як іі побачыв – дома вжэ нэ міг буты. Я нават сам не зразумеў, як навучыўся чытаць – рыхтык па гэтай кнізе. З яе пачалося маё проста боскае стаўленне да харошай кнігі.
Праўда, да кнігі было знаёмства з часопісам, трохі раней, недзе ў 1947-м. Усходнія беларусы ездзілі па нашых сёлах, нешта рабілі, нешта мянялі на ежу. І мая цётка вымяняла за некалькі буханак хлеба гадавую даваенную падшыўку “Мурзилки”. Але такога ўражання як “Книга для чтения” часопіс не зрабіў.
Так што ў школу я яшчэ не хадзіў, а дарогу ў хату-чытальню ў Рудску ўжо ведаў. Кнігі браў дзіцячыя, хоць іх і мала ў той час было. Хадзіў за імі па тры разы на дзень. У хаце-чытальні ўзнікла падазрэнне: нешта тут не так, ану, малы, раскажы, што ты прачытаў? Я расказваю. Здзіўляюцца, і даюць новую кніжку. Пазней стаў наведваць школьную бібліятэку, хадзіў у Франопаль, дзе таксама была хата-чытальня. Але адчуванне катастрафічнага дэфіцыту кніг усё роўна заставалася.
З гэтай пары і назаўсёды кніга стала часткаю маёй душы. Але сістэмна я яшчэ кнігі не купляў. Уласную бібліятэку пачаў збіраць пасля вяртання дадому, у 1965 годзе. Пачаткам яе стаў прывезены з Данбаса пяцітомнік Сяргея Ясеніна. А сапраўдным захапленнем збор кніг стаў недзе праз дзесяцігоддзе, з сярэдзіны 70-х. З гэтай пары дакладна можна сказаць, што кніга стала галоўным захапленнем майго жыцця.

Абменны фонд:
Пінск – Львоў – Омск

Работа – работай, будоўля – будоўляю… Але калі я ведаў, што мае быць прывоз кніг у магазін – то я вжэ нэ міг нічым займатысь – трэба было трапіць у краму якраз у той дзень. Я пастаянна выпісваў газету “Книжное обозрение”. Там пастаянна друкаваўся спіс кніг, якія толькі што выйшлі з друку. У мяне быў асобны сшытак, куды я выпісваў з газеты ўсе выданні, якія мне былі трэба. Існавала ў тую пару таварыства кнігалюбаў, але ў нас у раёне яно было ў пачатковым стане. Але я даведаўся, што аматары кнігі збіраюцца ў Пінску. І я раз у два тыдні аўтобусам (машыны яшчэ не меў) кожны раз ехаў на іх зборы. Збіралася нас чалавек трыццаць, часам да сарака. Кожны прывозіў кнігі – так званы абменны фонд. Што гэта такое? Такі фонд быў у кожнага кнігалюба. Калі была магчымасць купіць два асобнікі харошай кнігі – я купляў два. А калі мог купіць пяць – купляў пяць. Кнігі ў той час не былі дарагімі – у сярэднім да рубля. Потым яны рэзка падаражалі – у два разы. Пазней устанавіўся нейкі дзіўны парытэт: я прыкінуў, што добрая кніга каштавала рыхтык столькі, колькі пляшка гарэлкі. Так што сёння я маю ва ўласнасці больш за дзве тысячы пляшак гарэлкі. Праўда, віртуальных.
Але пляшка гарэлкі – гэта кошт усё ж такі адносны. Напрыклад, адна кніга Стэндаля ў дзесяцітомным выданні каштавала семдзесят капеек. А я купіў гэты дзесяцітомнік за сто рублёў. Што тут зробіш, калі кошт уласнік можа ўстанавіць любы. А ў цябе патрэба займець гэту кнігу такая, што, здаецца, памры, а прыдбай за любы кошт.
Я збіраў класічную літаратуру. Дэтэктывамі не захапляўся. У мяне яны ішлі на абменны фонд. Хаця дэтэктывы вельмі каціраваліся, асабліва замежныя. У маёй бібліятэцы добра, калі з дзясятак дэтэктываў будзе, і то гэта тыя, якія падпадаюць пад вызначэнне класічнага дэтэктыва.
Мой абменны фонд даходзіў да трох соцень кніг. Спісваўся з кнігалюбамі з розных куткоў СССР. Ён мне прышле спіс свайго фонда, я яму прышлю свой. І мы абменьваемся. Быў у мяне, напрыклад, прыяцель з Омска, з якім мы абменьваліся пасылкамі да трыццаці раз у год. Ён глядзеў, што выходзіла ў нас, я, адпаведна, што ў іх. Дарэчы, вельмі ў Омску каціраваўся Мікалай Чаргінец як сучасны дэтэктыўны аўтар, да таго ж афіцэр міліцыі, які прайшоў Афганістан. Па сем-восем кніг Чаргінца я адпраўляў адной пасылкай. Акрамя Расіі, меў прыяцеляў-кнігалюбаў у Латвіі, Літве, Украіне. Памятаю, якія кнігі цудоўныя прывозіў у Пінск адзін кнігалюб са Львова! Такія, што за адну даводзілася аддаваць тры нашых. Напрыклад, тры кнігі нашых выдавецтваў мы аддавалі за адзін том Юліяна Сямёнава.
Пазней я пачаў ездзіць у Мінск. Назбіраў трохі грошай – на цягнік і ў сталіцу. А там адныя букіністычныя магазіны якія шыкарныя! Вочы разбягаюцца! Праўда, як прыгледзеўся, то эйфарыя спала: хіба дзесяць працэнтаў асартыменту мяне магло зацікавіць. Рэшта цікавага ў маёй калекцыі ўжо была.

Адна ноч для «Аднаго дня»

А ўвогуле адно з першых маіх знаёмстваў з якаснай літаратурай адбылося яшчэ ў Данецку. Файная бібліятэка там была ў Доме культуры. Я быў частым госцем у бібліятэцы, і старэнькія бібліятэкаршы ўзялі нада мною своеасаблівую апеку: сталі мне падказваць, памагаць у выбары літаратуры. І вось аднойчы мне гавораць: “У нас тут ёсць адна дэфіцытная кніга… Нават не кніга, а “Роман-газета” з аповесцю, якая называецца “Один день Ивана Денисовича”. Вельмі дэфіцытная рэч, але на адзін дзень мы можам вам даць”. Я прачытаў гэты першы твор Салжаніцына за адну ноч і… нічога не зразумеў. Мы жылі ў Савецкім Саюзе і паняцця не мелі пра тое, што былі нейкія лагеры, ГУЛаг. Пазней я толькі даведаўся пра землякоў, якім давялося пабываць на тым Архіпелагу, пра які пісаў Салжаніцын. І толькі нашмат пазней да мяне стала даходзіць, што гэта такое. Усю літаратуру “лагернай” тэматыкі, якую можна было знайсці, я набыў і перачытаў. Збору твораў Салжаніцына ў мяне няма, але кніг пяць ёсць.

Запрашэнне ў бібліятэку

Аднаго разу зазваніў у мяне тэлефон. Работніца бібліятэкі рабіла нейкае апытанне і пацікавілася, між іншым, ці маю я якую-небудзь гаспадарку.
– Два каты і сабака – уся мая гаспадарка, – кажу я.
– І ўсё? Дык у Вас многа вольнага часу. Прыходзьце да нас у бібліятэку.
– Па праўдзе кажучы, вялікага сэнсу я не бачу, бо маю добрую ўласную бібліятэку.
– У нас многа харошых кніг…
– У мяне таксама многа харошых кніг.
– Не можа быць, каб у Вас было больш харошых кніг, чым у нас!
– Можа.
– Колькі?
– Дзве тысячы.
– Дзве тысячы?
– Так. І ўсе рарытэты…
У адказ маўчанне.

Не ўсе сабраныя кнігі хочацца чытаць

У нейкім юбілейным нумары “Роман-газета” публікавала спіс аўтараў, якія выходзілі ў ёй на працягу дзесяцігод-
дзяў. А там друкаваліся лепшыя савецкія аўтары. Публікацыя ў “Роман-газете” лічылася своеасаблівым “знакам якасці” для савецкага пісьменніка. Але з пазіцыі сённяшняй асабіста я шмат каму з пералічаных “знак якасці” б не даў. Усё ж такі літаратура і прапаганда – розныя рэчы. Як ёсць паняцце “фэйкавай інфармацыі”, так можа быць і паняцце “фэйкавай літаратуры”. Я не адмаўляю таго, што і прапаганда можа быць таленавітай, бо талент усё роўна не закапаеш. Калі чытаеш таленавіты прапагандысцкі твор, то на першае месца ставіш не тое, пра што піша аўтар, але як піша. Не памятаю, каму належыць выраз пра пісьменніцкі талент, які гаворыць – прачытаеш адзін выраз – і задыхнешся. Але ўсё ж такі нашмат лепш, калі талент служыць уласна літаратуры, а не патрэбам палітычнага моманту.
Пасля таго, як прачытаў Астаф’ева і Быкава, я перастаў успрымаць ваенную прозу, якая была напісана да іх.  

Якіх твораў няма ў бібліятэцы

Я шкадую, што кнігі беларускіх аўтараў я збіраў у рускіх перакладах. Сваю памылку я ўсвядоміў, калі купіў Якуба Коласа ў рускім перакладзе. Хай сабе гэта й добры пераклад, але гэта ўсё роўна не Колас. Шкадую, што мог сабраць, але не сабраў беларускіх аўтараў на беларускай мове. Пераклад – гэта чужое слова, імітацыя пісьменніка, асабліва паэта. Таму гэты факт выклікае ў мяне сум. Пазней спрабаваў праз букіністычныя магазіны знайсці беларускія арыгіналы. А мне там сказалі: “Нет у нас таких книг. Нет спроса на белорусскоязычную литературу”. І гэта ў Мінску!

Пошукі будучыні

Колькі мы бачылі выпадкаў, што бібліятэка была патрэбна людзям, толькі каб пустую прастору ў сценцы запоўніць. Канешне, гэта не кнігалюбы. Напэўна, не можа быць многа людзей, апантаных кнігай, чытаннем. Але ёсць адзін клопат, які трывожыць найбольш нашу суполку. Крыўдна, калі бачыш, што тваё захапленне не цікавіць тваіх нашчадкаў, калі думаеш, што справа жыцця не
будзе цікавая спадкаемцам. Хаця асабіста мяне гэта не трывожыць. Хай і не ў такой ступені, як у мяне, але цікавасць да кнігі ёсць у маіх сыноў. Бачу, што ёсць сістэмнасць у кнігазборы ў абодвух сыноў – і ў Сяргея, і ў Аляксея. Хаця і меншыя іх зборы ў разы.

Ігар Гетман.