Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Общество

Крынічкі духоўнасці, дабра, чысціні

Количество просмотров:

Жывое, свежае, як дыханне крынічкі ў сонечна-ветраны дзень, бруілася слова. Нягледзячы на тое, што носьбітамі яго з’яўляліся зусім яшчэ юныя асобы, у якіх толькі пачынаецца сталенне, была ў гэтым слове гаючая ласка, не азмрочанае сумненнямі, недарэчным скепсісам шчырае памкненне дакрануцца сэрцам да ісціны.
Слова было адмысловым правадніком, які ўказваў шлях да Святла. Перш чым на дабратворнай ніве чуйнай душы закрасавалі трапяткія парасткі духоўнасці, яны павінны былі сустрэцца – дзіця і слова. І тут прыйшлі на дапамогу кнігі – надзейныя захавальнікі шматвекавой мудрасці, а яшчэ памяць старажылаў, якая зберагла многае з летапісу часоў мінулых, каб перадаць назапашаныя духоўныя скарбы наступнікам.

Аб гэтым ішла размова падчас адкрытай вучнёўскай навукова-практычнай канферэнцыі “Крыніцы духоўнасці, дабра і чысціні”, ініцыяванай Іванаўскім благачыннем пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ў рамках супрацоўніцтва паміж Праваслаўнай Царквой і школай. Мерапрыемства ладзілася ў сценах нядзельнай школы Іванаўскага Свята-Пакроўскага храма.
– Задача канферэнцыі – далучыць дзяцей да сапраўднай скарбніцы шматвекавой мудрасці, запавяданай нам нашымі продкамі, – заўважыў, адкрываючы свята, іерэй Уладзімір Камкоў, благачынны Іванаўскай царкоўнай акругі. – Далёка не ўсе падзеі, якімі багата наша гісторыя, увайшлі ў школьныя падручнікі. А мы павінны ведаць гісторыю. Гэтае веданне дапаможа прымаць лёсавызначальныя для Радзімы рашэнні. Сёння мы сеем зярняты, якія прарастуць праз два-тры дзясяткі гадоў, калі сённяшнія падлеткі стануць дарослымі. Яны змогуць скарыстацца неацэнным духоўным вопытам, які прыадкрыўся ім у ходзе карпатлівай працы над даследаваннямі.
З прывітальным словам да школьнікаў і педагогаў звярнуўся Р.М. Сыса, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Рыгор Максімавіч падкрэсліў, што канферэнцыя (другое па ліку мерапрыемства такога кшталту) носіць адкрыты характар, запрасіў да ўзаемадзеяння ўсіх навучэнцаў, адзначыўшы, што ў ёй адсутнічае момант спаборніцтваў, г.зн. не будуць вызначацца месцы, бо ўсе ўдзельнікі праявілі стараннасць, натхненне, што ў рэшце рэшт увасобілася ў ёмістыя, глыбокадумныя работы, усе яны заслугоўваюць увагі.

Pravoslavnaja Konferencija 1
Pravoslavnaja Konferencija 3


Мерапрыемства запрасіла прысутных у інтэрактыўнае гістарычнае падарожжа “Свет кнігі: мінулае і сённяшняе”, у якой вандроўнікаў суправаджалі святар Алег Ілюшын, настаяцель храма прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага аг. Яечкавічы, і супрацоўнік Іванаўскай дзіцячай бібліятэкі Таццяна Дражына.
Святар звярнуў увагу аўдыторыі на кніжна-ілюстрацыйную выставу, якая заняла пачэснае месца ў канферэнц-зале, запрасіў акунуцца ў сівую мінуўшчыну, калі ўзніклі самыя першыя кнігі – кнігі Святога Пісьма. Бацюшка прадэманстраваў слухачам як старадаўнія Біблію, царкоўны статут, Псалтыр, малітваслоў, кішэннае Евангелле, на старонках якіх пакінуў свае красамоўныя адбіткі час, так і сучасныя рэпрынтныя выданні. Да апошніх, да прыкладу, належыць Слуцкае Евангелле – дакладная копія Евангелля XVI стагоддзя, якое захоўваецца ў бібліятэцы нядзельнай школы. Айцец Алег пазнаёміў таксама з праваслаўным малітвасловам, Новым Запаветам, выдадзенымі на беларускай мове, Евангеллем ад Мацвея, выкладзеным на чатырох мовах: грэчаскай, стараславянскай, рускай і беларускай.
Таццяна Аляксееўна зрабіла змястоўны агляд мастацкай літаратуры праваслаўнай тэматыкі, якая ёсць у фондзе дзіцячай бібліятэкі.
Узнёсла-шчымлівымі духоўнымі песнапеннямі, паэтычна-музычнымі нумарамі патрыятычнай накіраванасці аздобілі сустрэчу навучэнцы і выкладчыкі музычных дысцыплін чацвёртай гарадской школы, удзельнікі царкоўнага хора “Радасць” Свята-Пакроўскага храма.
Даволі цікавай і, бадай, асноўнай часткай сустрэчы стала прэзентацыя юнымі даследчыкамі сваіх прац. Пра адвечныя хрысціянскія каштоўнасці, дабрыню, любоў і міласэрнасць, духоўныя святыні Іванаўскай зямлі, падзвіжніцкія шляхі святых, пастырскія подзвігі ў імя веры праваслаўнай разважалі Мікіта Балюк, Алена Федарук, Анастасія Катовіч, Андрэй Максімовіч, Вольга Кузьмінчук, Кацярына Вядзёрчык. Але гэта далёка не поўны пералік аўтараў: свае даследаванні правялі 28 школьнікаў. Асабліва актыўна ў канферэнцыі паўдзельнічалі навучэнцы Махроўскай школы (садзейнічала такой небывалай актыўнасці, верагодна, наяўнасць у школе гісторыка-краязнаўчага музея) на чале са сваім кіраўніком Валянцінай Аляксандраўнай Раманюк, а таксама чацвёртай гарадской школы. Усе ў фінале мерапрыемства ўзнагароджаны сертыфікатамі ўдзельнікаў канферэнцыі і падарункамі.
Гледзячы на светлыя, адухоўленыя тварыкі ўзнагароджваемых, станавілася відавочным, што першыя даследаванні для іх з’яўляюцца першай жыватворнай кропляй, з якой узяла выток крыніца духоўнасці. Слова, якое паклікала дзяцей за далягляд невядомага, неспазнанага, і надалей будзе падштурхоўваць іх, цікаўных, няўрымслівых, таленавітых, да пошуку. І яшчэ падумалася аб тым, што на сённяшні дзень яны і ёсць тыя неўгамонныя крынічкі духоўнасці, дабрыні і чысціні, якім у недалёкай будучыні стаць паўнаплыннымі рэкамі і напаўняць свет красой і гармоніяй.

 

Ірына САЛОМКА.
Фота аўтара.