Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Крытыка неабходна, але пазітыў больш запатрабаваны

Количество просмотров:

krugly stol 01Як і ў папярэднія гады, сустрэцца з найлепшымі сябрамі, памагатымі і саратнікамі “Чырвонай звязды” ў паўночнай частцы раёна нам дапамог дырэктар філіяла райспажыўтаварыства “Кааппрам” Мікалай Міронавіч Шыкалай. На базе свайго прадпрыемства ён дазволіў правесці “круглы стол” на тэму ўмацавання ўзаемадзеяння чытачоў і газеты. І сам прыняў у мерапрыемстве самы непасрэдны ўдзел.
У вызначаны дзень, 19 снежня, каля 15 гадзін усе запрошаныя прыбылі на  сустрэчу. Сярод іх – намеснікі кіраўнікоў сельгасарганізацый па ідэалагічнай рабоце, старшыні сельвыканкамаў, дырэктары сярэдніх школ, прадстаўнікі прыватных прадпрыемстваў…

 Як дайсці да кожнага чытача? Што неабходна зрабіць, каб раённая газета стала жаданым госцем у кожным доме і ў кожнай кватэры, а разавы тыраж у 8 тысяч экземпляраў трымаўся на дасягнутай вышыні?
Напачатку з уступным словам да прысутных звярнулася загадчык аддзела пісьмаў і масавай работы рэдакцыі Надзея Кухарчук, якая зазначыла, што падобныя сустрэчы сталі ўжо традыцыйнымі. Самыя разнастайныя іх формы (гутаркі “за круглым сталом”, выязныя прыёмныя “ЧЗ”, дні адкрытага пісьма, дні падпісчыка) накіраваны на дасягненне адзінай мэты: наблізіцца да запатрабаванняў чытацкай аўдыторыі, сумесна з чытачамі выпрацаваць агульную стратэгію напрамкаў дзейнасці раённай прэсы, абагуліць бачанне чытачамі заўтрашняга дня газеты,.. а яшчэ выказала словы ўдзячнасці ўсім, хто завітаў на прапанаваную сустрэчу, запрасіла быць адкрытымі і шчырымі ў гутарцы і ў супрацоўніцтве з раённай газетай.  

krugly stol 02


Цікавай і ўсебакова насычанай была размова галоўнага рэдактара газеты Анатоля Крэйдзіча з удзельнікамі “круглага стала”, які расказаў аб сённяшнім дні “Чырвонкі”, канкрэтных планах і задумках на перспектыву. Ён зрабіў акцэнт на тым, што раёнка – не проста газета, а орган мясцовай улады. Менавіта праз нашу газету раённая ўлада праводзіць дзяржаўную палітыку. Таму заканамерна, што “Чырвоную звязду” павінны выпісваць у кожнай гаспадарцы, школе, прыватным прадпрыемстве…
Намеснік рэдактара райгазеты Марыя Федарук засяродзіла ўвагу гасцей на ходзе падпісной кампаніі на 2014 год. Яна зазначыла, што ў адрозненне аб астатніх перыядычных выданняў краіны на нашу газету падпісная цана не павысілася – да гэтай пары яна складае ўсяго 15 тысяч рублёў на месяц. І ў той жа час на яе старонках - самая важная і неабходная інфармацыя для кожнага  жыхара раёна… Гэта свайго роду энцыклапедыя жыцця Іванаўшчыны.

krugly stol 03


Якой быць “Чырвонай звяздзе” ў новым годзе? Што жадаюць убачыць на старонках газеты чытачы?
Вось якія канкрэтныя прапановы выказалі ўдзельнікі “круглага стала”.
Таццяна Антонаўна Бушкевіч, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Дружылавічы”:
- Мне імпануе шматграннасць тэматыкі раённай газеты. Хацелася б, каб і надалей журналісты гэтак жа трымалі руку на пульсе жыцця раёна. На мой погляд, варта было б аднавіць рубрыку “Весткі з месц”, больш расказваць пра станаўленне маладых спецыялістаў, шырэй асвятляць прававыя пытанні, а таксама пытанні адпачынку людзей.
Раіса Іванаўна Халько, намеснік дырэктара ПУАП “Моладава-Агра” па ідэалагічнай рабоце:
- Сапраўды, важна падтрымліваць маладых спецыялістаў, бо яны - заўтрашні дзень сельскай гаспадаркі, гарант яе росквіту. Але варта не забываць і пра ветэранаў вайны, якіх засталося так мала сярод нас. Увагі заслугоўваюць і ветэраны працы, заслужаныя людзі, жыццё якіх вартае пераймання. Хацелася б больш бачыць на старонках газеты публікацый пра пярвічныя арганізацыі жаночых грамадскіх фарміраванняў, жанчын - кіраўнікоў вытворчасці.

krugly stol 04


Ала Аляксандраўна Казак, намеснік старшыні СВК “Дастоева” па ідэалагічнай рабоце:
- Раённая газета – паважанае выданне сярод нашых працаўнікоў. Так склалася, што на яе старонках найбольш расказваецца пра станоўчае, пра пазітыўных герояў, дасягненні ў вытворчасці. І гэта правільна. Але не трэба забываць і пра крытыку.
Сяргей Мікалаевіч Піліповіч, намеснік дырэктара ААТ “Агра-Моталь” па ідэалагічнай рабоце:
- Падтрымліваю Алу Аляксандраўну ў тым, што крытычныя публікацыі таксама павінны прысутнічаць. Вельмі дарэчы было б, скажам, пакрытыкаваць маладых правапарушальнікаў парадку, якія разбіваюць лаўкі для адпачынку, ходзяць па кветкавых газонах, перакульваюць смеццевыя скрынкі і г.д. Няхай бы Несцерка “ўвекавечыў” такіх “герояў”. Можа, тады і іншыя задумаліся б.
Тыраж  газеты – 8000 экземпляраў. Ён сапраўды важкі, асабліва калі ўлічыць, што тыражы ўсіх астатніх газет сярод падпісчыкаў раёна вымяраюцца сотнямі, і толькі “СБ – Беларусь сегодня” перасягае за дзве тысячы. Цяпер галоўнае – утрымаць яго на гэтай вышыні. І мы, ідэалагічныя работнікі, будзем садзейнічаць гэтаму.
Васіль Васільевіч Мірчук, намеснік старшыні ПСУП “Ляхавіцкае-Агра” па ідэалагічнай рабоце:
- Наконт перыядычнасці выхаду газеты, то я асабіста за двухразовы на тыдзень. А прапановы наступныя: больш асвятляць жыццё прафсаюзных арганізацый; даваць справаздачы дэпутатаў мясцовых Саветаў аб праведзенай  рабоце; часцей падымаць пытанні аховы і бяспекі працы; прапагандаваць перадавы вопыт маладых працаўнікоў сельскай гаспадаркі і прамысловасці; расказваць аб працоўных дынастыях, знакамітых земляках нашага краю і г.д.
Васіль Іванавіч Ільючык, старшыня Ляскавіцкага сельвыканкама:
- Трэба больш пісаць пра мясцовае самакіраванне, праблемы добраўпарадкавання, населеныя пункты, заслужаных людзей, прапагандаваць здаровы лад жыцця.
Зінаіда Іванаўна Шыкалай,  дырэктар ПВУП “Шыкалай”:
- Вядома ж, нам хацелася б, каб газета больш пісала пра дзейнасць і перадавы вопыт прыватных прадпрыемстваў. Чытаць кожны нумар газеты звычайна пачынаю з рэкламных старонак і знаходжу там нямала карыснай для сябе інфармацыі. Люблю чытаць артыкулы пад рубрыкай “На тэмы маралі” і ёй падобныя.
Людміла Сцяпанаўна Стасевіч, тэхнолаг ВК “Моталь”:
- Так, прыватная вытворчасць павінна ўсебакова адлюстроўвацца на старонках раённай газеты, якую мы любім і пастаянна чытаем. Спадзяёмся, што ў новым годзе з’явяцца новыя рубрыкі гэтай тэматыкі.
Сяргей Рыгоравіч Мельнік, старшыня Опальскага сельвыканкама:
- Цалкам пагаджаюся з папярэднімі выказваннямі. Дадам толькі, што да ўсіх матэрыялаў, якія друкуюцца на старонках газеты, неабходна адносіцца вельмі ўважліва і адказна, каб не дапускаць ніякіх недакладнасцей. З цікавасцю знаёмлюся са зваротамі грамадзян і адказамі на іх службовых асоб пад рубрыкай “Тэлефон Надзеі”, але шкада, што не ўсе гэтыя грамадзяне самі з’яўляюцца падпісчыкамі.
Галіна Андрэеўна Бартош, дырэктар Тышкавіцкай сярэдняй школы:
- Так атрымалася, што на дамашні адрас прыходзіць два экземпляры раённай газеты. Адзін выпісала сама, а другім заахвоціла мужа мясцовая гаспадарка, як, дарэчы, і іншых перадавікоў сельгасвытворчасці. Але гэта не засмучае нас, бо “раёнку” ўсе чытаем дома, выкарыстоўваем на ўроках і пазакласных мерапрыемствах. У класах мы практыкуем “інфармацыйную гадзіну”, калі вучні самастойна пішуць у раённую газету. А адсюль і мая прапанова: добра было б, калі б выходзіла старонка для школьнікаў, а на ёй даваць не толькі творы саміх вучняў, але і асвятляць выхаваўчыя пытанні падрастаючага пакалення.
Надзея Мікалаеўна Выркоўская, дырэктар Мотальскай СШ:
- Цалкам падтрымліваю калегу. На гэтай жа старонцы хацелася б бачыць абразкі на маральна-этычныя тэмы. Мне як моваведу здаецца, што газета мала друкуе вершаваных твораў школьнікаў. Хацелася б, каб сярод іх праводзілася больш разнастайных конкурсаў. Заўсёды цікава ўспрымаюцца красворды, рэбусы.
Ганна Якаўлеўна Хоміч, дырэктар Мотальскай школы-сада:
- Удзячна ад імя чытачоў за разнастайнасць навін, якія змяшчаюцца пад рубрыкамі “У раёне, вобласці, краіне”. З задавальненнем чытаю матэрыялы, напісаныя “ўладальнікамі” аўтарскіх праектаў. Пераканалася, што раённая газета – гэта безліч інфармацыі, разнастайнасць тэматычных напрамкаў.
Пажадана, каб публікацыі юных карэспандэнтаў друкаваліся не час ад часу, а ў кожным нумары. Чакаю справаздач з “прамых ліній” з рознымі кіраўнікамі. І я за тое, каб газета выходзіла двойчы на тыдзень.
Наталля Данілевіч, вучаніца таксама Мотальскай школы-сада, юны карэспандэнт раённай газеты:
- Думаю, што не толькі я, але і вучнёўская моладзь, падтрымае прапанову публікаваць старонкі для школьнікаў. Рубрыкі, на мой погляд, павінны быць самыя разнастайныя. Да прыкладу, пад адной з іх магло б расказвацца пра адораных дзяцей Іванаўшчыны.
Мікалай Міронавіч Шыкалай, дырэктар філіяла райспажыўтаварыства “Кааппрам”:
- Колькі працую, столькі і сябрую з раённай газетай. Памятаю, калі ўпершыню праводзілі “круглы стол” на базе нашага прадпрыемства, а было гэта гадоў пяць таму, то тады тыраж складаў у межах 5000. Значыць, не дарэмна супрацоўнічаем. Варта збірацца вось так, як кажуць, талакою, каб абгаворваць усе наспеўшыя пытанні, выслухаць прапановы чытачоў і крочыць наперад.
АД РЭДАКЦЫІ. Спадзяёмся, што распачатую размову “за круглым сталом” аб цяперашнім і заўтрашнім дні газеты працягнуць нашы чытачы і пастаянныя падпісчыкі. Чакаем вашых водгукаў, дарагія сябры.

Надзея КУХАРЧУК.
НА ЗДЫМках: падчас правядзення “круглага стала”.
Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА.