Телефон рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 Email: zviazda@brest.by

Общество

Лясныя волаты

Прыгожая наша Іванаўская зямля! З вышыні птушынага палёту выдатна відаць, як цёмна-зялёныя лясы змяняюцца жоўтымі палямі, салатавымі лугамі і карычневымі балотамі, усё гэта хараство перасякаюць блакітныя прамяні рэк, а паўсюль сінімі плямамі блішчаць сажалкі і азёры.

На іванаўскіх прасторах лёгка можна ўбачыць рэдкія і ўнікальныя віды раслін і жывёл. Як, напрыклад, чорную бярозу або венерын чаравічак – рэдкі від архідэй, занесены ў Чырвоную кнігу, ці барсука з янотападобным сабакам. А якія часам сустракаюцца дрэвы-волаты: сосны, дубы, таполі! Многія з іх маглі б быць па праве ўключаны ў спіс прыроднай спадчыны Беларусі.
Якраз ў мэтах пошуку і фіксацыі такіх аб'ектаў у сярэдзіне снежня навучэнцы і педагогі Іванаўскага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства адправіліся ў краязнаўчую экспедыцыю па Іванаўскім раёне. За два дні яе ўдзельнікі пераадолелі больш за 100 кіламетраў па памятных мясцінах, паўдзельнічалі ў экскурсіях па нашых музейных установах, сустрэліся з мясцовымі краязнаўцамі. А паралельна з гэтым зрабілі добрую справу – навялі парадак ля помнікаў і мемарыялаў.

Ljasnyja Volaty 2
Ljasnyja Volaty 3


Што ж тычыцца прыроднага багацця, члены эколага-краязнаўчага грамадскага аб'яднання «Ясельда» сумесна з «Зялёным дазорам» даследавалі і правялі замеры дубовых насаджэнняў у вёсцы Глінна. У выніку былі зафіксаваныя шэсць дрэў-волатаў з акружнасцю больш чатырох метраў, адно – больш за 5 метраў і адно – больш за 6 метраў у абхват. Апошні з дубоў быў прызнаны самым вялікім дрэвам у Іванаўскім раёне.
Па выніках задакументаванага даследавання і сабранага каштоўнага матэрыялу навучэнцамі цэнтра будзе складзена навукова-даследчая праца краязнаўчай накіраванасці.

Валерый МІХАЛЬЧУК.