Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Общество

Масленіца гуляла, вясну заклікала

Количество просмотров:

З кожным днём сонейка з нябеснай вышыні ўсё настойлівей пасылае свае яскравыя промні на зямлю. Плача-бядуе зіма: адыходзіць пара яе ўладарства. З апантаным звонам зрываюцца са стрэх нястрымныя капяжы, бруяцца з-пад зляжалага снегу жвавыя ручаінкі, гарэзліва пяюць-гамоняць аб вясне.

Наспеў час святкаваць Масленіцу – традыцыйнае народнае свята на памежжы зімы і вясны, якое доўжыцца цэлы тыдзень і сёлета адзначалася з 12 па 18 лютага. Нярэдка Масленіцу называюць шырокай за яе шырокі, шчодры нораў: свята спраўляе пышныя застоллі з сырам, маслам, салодкімі блінцамі. Дарэчы, хрысціянскі погляд на Масленіцу заключаецца не столькі ў тым, каб уволю паласавацца гэтым смакоццем напярэдадні Даравальнай нядзелі і Вялікага посту, колькі ў тым, каб сустрэцца блізкім і далёкім, родным і знаёмым, папрасіць адзін у аднаго прабачэння і, прымірыўшыся, пачаставацца масленічнымі стравамі, якія выключаюць мясныя прадукты.

Вясёлая сытная Масленіца мінулай нядзеляй здзейсніла сваё грандыёзнае шэсце па Іванаўшчыне. У кожным аграгарадку раёна яе сустракалі песнямі і смачнымі блінпмі. Апоўдні завітала яна і на гарадскую плошчу. Бадз-
ёрымі танцамі, карагодамі, заліхвацкімі гульнямі, дасціпнымі жартамі палохала яна сцюдзёныя завеі, змрочныя вятры, выцясняла суровую зіму з палескага куточка, клікала цёплае сонейка, вясновыя дзянёчкі. А гаспадыня яна, варта зазначыць, адмысловая: і аладкаў напякла румяных, і пірагоў духмяных, салодкім мёдам частавала і гарбату гарачую налівала.
Святочная дзея ўяўляла сабой тэатралізаванае прадстаўленне “Як на масленай нядзелі”. Пацешныя скамарохі сыпалі трапнымі прыказкамі-прымаўкамі, заклікаючы народ на мерапрыемства, якое і сапраўды атрымалася “ўсiм людзям паглядзеннечка, усiм людзям пагуляннечка”.

Maslenica 4


Свята распачалося гуканнем вясны. Песеннае, звонкае, яно настройвала на пазітыўны лад, пераконвала ў тым, што да гэтай цудоўнай пары, не няйначай, рукой падаць, тым больш, што разам з юнай салісткай у каляровым вяночку, якая выконвала абрадавую песню, “йграла жавароначкам” усмешлівае, прамяністае сонца, якім была ўпрыгожаная святочная пляцоўка.
Неўзабаве на шыкоўнае гулянне завітала сама Масленiца,  “цукровыя вусны, салодкая мова, краса красная, каса русая”, якую ўсе дружна зазывалі.
Кульмінацыя ўсяго тыдня выпадала на нядзелю – людзі прасілі адзін у аднаго прабачэння за ўсе крыўды.
Свята, няскупа прыпраўленае гумарам і смехам, сабрала вялікую колькасць прыхільнікаў, для якіх былі арганізаваны тэматычныя выставы, святочная латарэя, працавалі гандлёвыя рады, дзе прадаваліся бліны і аладкі на любы густ, іншыя ласункі.
Тэатралізаванае прадстаўленне прайшло на “ўра!”, дзякуючы лепшым творчым калектывам Іванаўшчыны, салістам, артыстам РЦкіНТ, Іванаўскай харэаграфічнай школы мастацтваў. У правядзенні мерапрыемства былі шырока задзейнічаны работнікі ўстановы культуры “Цэнтральная раённая бібліятэка імя Ф.І. Панфёрава”, педагогі і выхаванцы раённага Цэнтра дзіцячай творчасці, Іванаўскае райпо і інш.

Ірына САЛОМКА.
Фота аўтара.