Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

«Мотальскія прысмакі» адбудуцца 7 і 8 жніўня

Факт бясспрэчны: кожны народ унікальны. Нацыянальная адметнасць яго праяўляецца не толькі ў мове, вопратцы, песнях і звычаях, але і ў асаблівасцях народнай кухні. Надзвычай яскрава гэта сцвердзіў фестываль фальклору «Мотальскія прысмакі», які ладзіцца ў Ясяльдзянскім краі.


Так вядзецца спрадвеку: прадпрымальныя маталяне ад відна да цямна завіхаюцца ў працы. Пасля напружанага дня трэба добра падсілкавацца, каб аднавіць сілы і настрой. Таму местачковай кухні надаецца вялікае значэнне. А калі між будняў здараюцца святы, то сталы літаральна ломяцца ад прысмакаў. Якіх толькі страў не нагатуюць мотальскія гаспадыні! Ад такой смакаты едакоў за вушы не адцягнеш. Сёлета фестываль пройдзе адзінаццаты раз, што зноў і зноў канстатуе яго прэстыж і папулярнасць сярод людзей. Канечне, ён даўно перасягнуў межы рэгіянальнага, стаў сапраўды міжнародным. Год ад году пашыраецца геаграфія яго ўдзельнікаў. Нават цяперашні фэст, пазначаны знакам пандэміі, не чакаецца менш маштабным. Наадварот, колькасць турыстаў, якія мараць трапіць на шыкоўнае мерапрыемства, і колькасць вытворцаў, якія жадаюць прадставіць свае гастранамічныя вынаходствы, уражвае. Гэта значыць, свята будзе смачным. Да таго ж з шырокімі гуляннямі, інтрыгуючымі тэатральнымі дзеямі, музыкай. Нездарма ж кажуць у народзе, дзе прысмакаў з тры кораба, там і песня звонка ліецца. Кожны знойдзе для сябе адпачынак па густу.
Цікавыя дзействы плануюцца на галоўным сцэнічным подыуме. Сярод іх – прэзентацыя пляцоўкі драўляных скульптур «Сюжэты мотальскага
фэсту», жартоўна-забаўляльная праграма з удзелам творчых суполак раёна, выступленні гасцявых калектываў, адкрыццё пляца каралевы Боны
Сфорцы, святочная дыскатэка з удзелам зорак эстрады «Мотальская зборня», святочны фейерверк і інш.
Пэўна, некаму закарціць прагуляцца між гандлёвых і выставачных радоў горада майстроў «Фестывальны праменад», наведаць мясцовую мытню «Колы маеш мотолякі, то заходьтэ на прысмакі!», кэйтэрынг па-мотальску «Вітамін С запрашае на мясцэ, сальцэ, вінцэ і ковбаскі кольцэ!» альбо гастрамаркет «Госты ў хату – на столі багато!». А можа, вам цікава паглядзець прэзентацыю прадукцыі мясцовых прадпрыемстваў і фермерскіх гаспадарак у
«Мотальскім квартале», паўдзельнічаць у майстар-класе па прыгатаванні страў з удзелам прафесійных кулінараў «Акадэмія прафесіяналаў»? Калі ласка! Шмат пазітыўных уражанняў падорыць гала-канцэрт фестывалю «Мотальскі разгуляй». Не лянуйцеся, завітайце на свята, дзе пацех і прысмакаў будзе багата!

mot-prysmaki-3

 Ірына Саломка.
Р.S. Падрабязна праграму
фестывалю абвесцім у наступных нумарах раёнкі.