Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

На трох мовах

Количество просмотров:

Да сённяшняга дня ў беларускіх рэаліях няма адзінага погляду на постаць і дзеянні Каліноўскага. Усё залежыць ад светапоглядных прынцыпаў. Для адных ён – нацыянальны герой, для іншых – злачынны бунтар.  Аднаму нельга запярэчыць – гэта быў, гаворачы словамі Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, наш чалавек, які жыў і дзейнічаў на нашай зямлі. Каліноўскі - адна з тых асобаў, чыё жыццё і дзейнасць даўно абраслі самымі неверагоднымі міфамі. А без нацыянальнай міфалогіі не можа абысціся, напэўна, ні адзін народ. 

Асабіста я даведаўся пра тое, што знойдзены астанкі Каліноўскага, за некалькі месяцаў да афіцыйнага паведамлення пра гэта. У Інстытуце гісторыі НАН РБ з гэтага адкрыцця таямніцы не рабілі, але з сенсацыяй не спяшаліся, пакуль існавалі невялікія сумневы. Усё ж такі пакаранне смерцю паўстанцаў адбывалася больш за сто пяцьдзясят год назад і месца іх пахавання было вядома толькі прыкладна. Кім былі пры жыцці людзі, трупы якіх абсыпалі вапнай і скінулі з завязанымі рукамі ў памыйныя ямы,  яшчэ трэба было высвятляць. І толькі калі канчаткова стала ясна, што знойдзеныя на Замкавай гары ў Вільні парэшткі належаць Канстанціну Каліноўскаму, Зыгмунду Серакоўскаму і іншым паўстанцам, інфармацыя паступіла ў СМІ.
І вось усе падрыхтоўчыя работы закончаны. Літва запрасіла на пахаванне ўрадавыя дэлегацыі з Польшчы і Беларусі. У ганаровым перазахаванні парэшткаў паўстанцаў прымалі ўдзел Прэзідэнты Літвы Гіўтанас Наўседа і Польшчы Анджэй Дуда. Беларускую дэлегацыю ўзначальваў віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка. 
Сярод тысяч беларусаў, якія прыехалі ў сталіцу Літвы, каб аддаць пашану Каліноўскаму, быў археолаг, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Башкоў. Яго імя добра вядома ў нашым раёне: якраз Башкоў раскопваў рэшткі сядзібы ў Дастоеве і зрабіў адназначны вывад пра яе прыналежнасць роду Дастаеўскіх. Прапануем увазе яго расказ пра віленскія ўрачыстасці. 
- Наша група складалася з пятнаццаці чалавек. Арганізаваў паездку Леанід Несцярчук, былы работнік упраўлення культуры аблвыканкама. З Брэста мы выехалі мікрааўтобусам апоўначы. Граніцу прайшлі хутка, машын уначы было няшмат. Да нас пытанняў ўвогуле не было, іх папярэджваў наш неафіцыйны кіраўнік, які тлумачыў, хто мы і чаму едзем сёння ў Літву. У шэсць ранку мы ўжо былі ў Вільні. Надвор’е нас сустрэла не курортнае, але і не катастрафічнае: ветрана, але мароз невялікі. Папілі кавы ў нейкай кавярні, затым рушылі да кафедральнага касцёла.
Ужо ішла цырымонія развітання, і берасцейская дэлегацыя таксама падышла да трунаў пакланіцца паўстанцам. Затым была адслужана імша, пасля якой выступілі кіраўнікі Літвы і Польшчы, а таксама віцэ-прэм’ер Беларусі. Пасля гэтага з касцёла былі вынесены труны. Парэшткі Каліноўскага і Серакоўскага змясцілі на лафеце, астатніх паўстанцаў – на катафалках.
Працэсія спынілася ў Вострай Браме, дзе гучалі рэлігійныя і патрыятычныя спевы на трох мовах: літоўскай, польскай і беларускай. Зрэшты, уся ўрачыстасць, у тым ліку касцельная служба, ішла на трох мовах. Затым працэсія рушыла на могілкі Росы, дзе для месца вечнага спачыну ўдзельнікаў паўстання была спецыяльна адрэстаўравана капліца. Увогуле арганізацыю   правядзення перапахавання я б ацаніў як ідэальную: выдатная трансляцыя, шыкарная якасць выявы і гуку на вялікіх экранах, усталяваных на плошчы. Ніякай таўкатні і ніякага гармідару ў час руху. Арганізацыя была дакладная і, галоўнае, незаўважная. 
На маю думку, кульмінацыяй мерапрыемства было выступленне мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, кіраўніка Каталіцкага касцёла Беларусі. Безумоўна, добра гаварылі ўсе: і прэзідэнты, і віцэ-прэм’ер Беларусі. Яны казалі правільныя словы, і пафас іх прамоў быў да месца. Але арцыбіскуп Кандрусевіч мог сабе дазволіць больш, чым дзяржаўны дзеяч, які  павінен гаварыць вывераныя словы і не паддавацца эмоцыям. Моцнае ўражанне аказала яго прамова ад душы, калі ён ледзь не сарваўся на плач…
Такія падзеі бываюць нячаста. Я ў захапленні ад таго, што літоўцы ўзяліся за гэту справу і зрабілі яе файна і прафесійна.  Я ведаю ўзровень праведзеных даследаванняў і колькі яны каштавалі. Для невялікай краіны – гэта шалёныя грошы. Адзін аналіз ДНК, калі не памыляюся, абыйшоўся ім у 150 тысяч еўра. Капліцу на Росах рэстаўравалі спецыяльна пад мемарыял паўстанцам, што таксама азначала немалыя затраты. 
І гэта пры тым, што літоўская гістарыяграфія асаблівай увагі на  паўстанне 1863 года не звяртае. Для іх гэта польска-беларускае паўстанне. Гэта было відаць нават па атмасферы ў горадзе. Адна бабулька ў мяне пытае: «Што адбываецца?». Я ёй кажу: «Так і так, хаваем удзельнікаў паўстання…» Бачу, што ёй гэта ні аб чым не гаворыць. Тое самае ў кавярні. Несцярчук тлумачыць афіцыянтцы мэту нашага прыезду, а такая кажа, што святога паняцця не мае, пра што ёй гавораць…
Простых літоўцаў было зусім мала. Зразумела, было кіраўніцтва краіны, Ганаровая варта, асобы, адказныя за мерапрыемства. А звычайных людзей – мінімальная колькасць, хіба што моладзь. Таксама прысутнічалі польскія харцэры, іншыя польскія моладзевыя арганізацыі.  Але абсалютную боль-
шасць прысутных складалі беларусы. На перапахаванні нас было некалькі тысяч з розных куткоў Беларусі.
Перапаўняе гонар за тое, што нарэшце адбыўся акт гістарычнай справядлівасці, які змушае паверыць у цуд. Бо хто мог падумаць сто пяцьдзясят год назад, калі паўстанцаў, як сабак, скідвалі ў ямы, засыпалі вапнай, што адбудзецца ганараванне такога ўзроўню, якое мы бачылі. Шчаслівы, што быў там.


 Ігар Гетман.
.