Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Общество

Настаўнікі – рыбакі

Количество просмотров:

На Янаўшчыне досыць часта сталі праводзіцца розныя спаборніцтвы па рыбнай лоўлі. Развіццё гэтага віду адпачынку дасягнула апагею. Крамы, якія рэалізуюць рыбныя снасці, прынаду, рыбацкую вопратку і рыштунак, іншыя сумежныя тавары, раскіданыя літаральна паўсюль. Такім чынам і ўзнікае цікавасць не толькі ў аматараў самога працэсу, але і ў рыбных гурманаў.

У канцы ліпеня праводзіліся спаборніцтвы па лоўлі рыбы сярод членаў таварыства паляўнічых і рыбаловаў, а вось на днях, 3 сакавіка, аналагічнае першынство толькі па падлёднай лоўлі праводзілася сярод работнікаў сферы адукацыі, спорту і турызму раёна.
На возеры Пясчаным ля аграгарадка Адрыжын сабраліся прадстаўнікі сямі каманд (па тры чалавекі ў кожнай), сярод якіх нават аказалася адна жанчына. Розыгрыш прызавых месцаў праводзіўся як сярод каманд, так і ў асабістым заліку. Судзейства і агульнае кіраўніцтва падрыхтоўкай і правядзеннем конкурсу ажыццяўлялі прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства.
Непасрэдна перад правядзеннем турніру ўдзельнікі прайшлі інструктаж па тэхніцы бяспекі ў інспектара Іванаўскага РАНС Аляксандра Аўсяніка. Затым усе разышліся па кропках. Больш чатырох гадзін сядзення над лункамі прынеслі, мякка скажам, сціплыя вынікі. Аднак прызёры і пераможцы ўсё ж былі вызначаны. Члены журы старанна паважылі ўлоў і агучылі вынікі.
У асабістым заліку прызёрамі сталі Віктар Казак (каманда «Гаспадар» гаспгрупы аддзела адукацыі) – 1660 г, Аляксандр Цямчык (Махроўская СШ) – 1530 г, Уладзімір Раманюк (СШ №2 г. Іванава) – 945 г. У камандным заліку лідэрства ўзяла дружына «Гаспадар» (2545 г), другое месца дасталася Махроўскай СШ (1840 г), трэцяе – зборнай Дастоеўскай і Сачыўкаўскай школ (1170 г).
Дарэчы, з усёй рыбы канкурсанты тут жа зварылі смачную юшку, таму відавочна ўдзел у першынстве можна лічыць удалым. А ўсе прызёры ўзнагароджаны сувенірамі, медалямі і граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму. Пераможцам у камандным заліку ўручаны кубак. Лепшыя рыбакі таксама прымуць удзел у першынстве Брэсцкай вобласці па рыбнай лоўлі.

Валерый МІХАЛЬЧУК.