Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Невычэрпнасць любові і сіла крыла

Количество просмотров:

Усе, хто другога жніўня завітаў на пляцоўку сельскага Дома культуры аг. Сачыўкі, пэўна ж, звярнулі ўвагу на маляўнічае пано на ўваходзе ў будынак з выявай россыпу пяшчотных васількоў на фоне мяккіх разліваў нябеснага блакіту ды пажаданнямі росквіту роднай старонцы. А ў вышыні ў гэты час неба свяцілася ласкай сонечнай, пад зялёнымі стрэхамі прысадаў густых вілася ўдалеч дарога з аднапавярховымі будынінамі па абодвух яе баках – звычайная на першы погляд вёска, якіх шмат у нашай Беларусі. З такіх ціхамірных населеных пунктаў і складаецца агульная наша Бацькаўшчына, менавіта з іх пачынаецца шлях да яе і куточкі гэтыя застаюцца непаўторнымі, адметнымі для іх насельнікаў.

Гэтая думка стала лейтматывам мерапрыемства «Я тут жыву, і край мне гэты дарагі», якое ўяўляла сабой штосьці накшталт традыцыйнага свята вёскі, але, як патлумачыла старшыня Сачыўкаўскага сельвыканкама Галіна Чулгунідзі, сёлета ладзілася яно ў пашыраным фармаце: было святам не адной вёскі, а ўсіх дзесяці населеных пунктаў сельсавета. 
– Мы засумавалі па падобнага роду мерапрыемствах з нагоды неспрыяльнай эпідэмсітуацыі, – зазначыў, вітаючы прысутных, кіраўнік спраў раённага выканаўчага камітэта, намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў Віктар Канапацкі. – Пік эпідэміі прайшоў. Сёння мы маем магчымасць сустрэцца ў прыязнай атмасферы, пагутарыць, атрымаць асалоду ад сяброўскіх стасункаў. За актыўную жыццёвую пазіцыю, асабісты ўклад у вырашэнне пытанняў жыццязабеспячэння насельніцтва Віктар Сяргеевіч узнагародзіў Ганаровай граматай Савета дэпутатаў Лідзію Шуляк, старасту в. Беразляны, якая нясе гэтую няпростую грамадскую нагрузку на працягу двух дзясяткаў гадоў.

sochiski-den-derevni-1
Увогуле стараста ў вёсцы як у доме гаспадар, галоўны ініцыятар усіх добрых пачынанняў, асоба незамянімая. Таму, канечне, падчас сустрэчы былі ўшанаваны старасты ўсіх населеных пунктаў сельсавета: Л.А. Самойлік, А.Б. Жураўкоўскі, В.Д. Максімовіч, Г.І. Дзядзюк, В.Ц. Барысюк, А.Д. Гарупа.
Цёпла віталі на свяце самых паважаных вяскоўцаў – старажылаў, якія даўно перасягнулі жыццёвы рубеж у дзевяноста гадоў, Г.К. Крэйдзіч, А.Г. Прыбыш, А.П. Сянчук; дзевяностагадовых юбіляраў М.А. Гетманчук, Н.К. Мярэчка, М.М. Наумавец, І.Ц. Федзюковіча; а таксама імяніннікаў А.П. Аліферка і Г.П. Матараса. Не абышлі ўвагай і нованароджаных. Гэта Вікторыя Міхальчук, Анастасія Юліч, Дар’я Філіновіч, Матвей Прыбыш.

sochiski-den-derevni-2
Спрадвеку ў пашане між людзей сямейныя пары, дзе муж і жонка – дзве непадзельныя палавінкі аднаго цэлага, жывуць у згодзе і ладзе, выхавалі цудоўных дзяцей, дачакаліся ўнукаў. Сапраўдным упрыгожаннем сельсавета  з’яўляюцца Віктар і Галіна Мінзер, Сяргей і Галіна Базан, якім дадзена лёсам святкаваць сярэбранае вяселле. Жамчужны юбілей сумеснага жыцця сёлета адзначаюць Міхаіл і Людміла Міхальчук, а Уладзімір і Ніна Дабрадзей, Васіль і Раіса Карогвіч паўвеку поруч шчасліва ідуць па жыцці. 
Славіцца Сачыўкаўскі сельсавет і людзьмі, пра якіх з захапленнем кажуць «гаспадары». У такіх і ў хаце, і ля хаты – парадак ідэальны, кожная рэч знае сваё месца. Лепшымі па добраўпарадкаванні прызнаны домаўладанні Н.К. Мярэчка, Л.Г. Кунахавец, В.В. Фаміной, Н.А. Клімовіч, Л.І. Пыкавай, М.Б. Данількевіч, Г.П. Вакульчык, З.С. Гетманчук. 

sochiski-den-derevni-3
…Свята гуляла. Ля выстаў работ мясцовых умельцаў абменьваліся адзін з адным уражаннямі прыбраныя ў шыкоўныя строі людзі. Ля дзіцячых атракцыёнаў гучаў бесклапотны дзіцячы смех. Скамарох Весялёнак, у якога пераўвасобілася Святлана Кухарчук, загадчык аддзела па рабоце з дзецьмі раённага Цэнтра культуры і народных традыцый, праводзіў з малечай захапляльныя гульні. Працавалі гандлёвыя кропкі, сярод якіх у імправізаванай беларускай хатцы частавала нацыянальнымі стравамі ахвотнікаў Галіна Вайцяшчук, гаспадыня «Дома траўніка». Дарэчы, Галіна Іванаўна была ўганаравана арганізатарамі сустрэчы падарункам за захаванне народных традыцый, актыўны ўдзел ва ўсіх праводзімых мерапрыемствах.
Бадзёра звінелі залівістыя галасы баянаў, луналі па наваколлі песні ў выкананні народнага вакальнага калектыву «Рудляначка» СДК аг. Рудск, вакальнага ансамбля «Задоринка» СДК в. Ляхавічы, мясцовых спевакоў-аматараў і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці раённага ЦКіНТ. 
Калі вяскоўцы мелі магчымасць схавацца ад палкіх промняў у прыемны цянёк, то артысты знаходзіліся на адкрытым сонечным прасцягу. Ні адзіным рухам, ні адзіным поглядам не выказвалі яны нязручнасці свайго становішча. Як бездакорныя майстры, з добразычлівымі ўсмешкамі на тварах, радасцю ў вачах, горда і велічна неслі яны гледачам сваю песню. Як падарунак сардэчны, як сцяг дабрабыту роднай зямлі.

sochiski-den-derevni-4
Кіраўнік сельвыканкама выказала шчырую ўдзячнасць раённаму аддзелу культуры, руплівым працаўнікам культурнай нівы Іванаўшчыны за цудоўнае свята, падоранае людзям, якія ўсё жыц-
цё захоўваюць адданасць радзіннаму куточку, вясковым аселіцам, зямлі-карміцельцы. Што сілкуе вяскоўцаў, не дазваляючы ім разменьваць гэтай дадзенай лёсам спадчыны на разнастайныя спакусы цывілізаванага свету? Напэўна ж, дабрадзейная любоў, якую ўвабралі з малаком маці. Менавіта тут, ля вытокаў сваіх, адчуваюць яны яе невычэрпнасць,  слодыч шчасця і сілу крыла. 

Ірына Саломка.
Фота аўтара.