Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Падмурак будучыні закладваем сёння

Количество просмотров:

Можна памылкова меркаваць, што наша будучыня ўступіць у сваё ўладарства заўтра альбо нават і ў яшчэ больш аддаленым часе. 

Насамрэч яна закладваецца ўжо сёння, зараз, калі на змену старэйшым пакаленням прыходзяць юныя пераемнікі. У залежнасці ад таго, якія прынцыпы закладзены ва ўражлівую душу дзіцяці з маленства, на якіх маральна-духоўных каштоўнасцях выхоўваецца падлетак, фарміруецца асоба чалавека, яго ўнутраны свет, якасці характару.

Гэтая думка яскрава гучала падчас III Беларускіх Калядных чытанняў у беларускай сталіцы, якія былі арганізаваны Беларускай Праваслаўнай Царквой пры садзейнічанні міністэрстваў аховы здароўя, культуры, адукацыі, працы і сацыяльнай абароны, а таксама Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і прысвячаліся тэме “Маральныя каштоўнасці і будучыня чалавецтва”. У мерапрыемстве брала ўдзел бібліятэкар сельскай бібліятэкі аг.Тышкавічы Іна Данілевіч. Нагодай для паездкі ў сталіцу стала перамога СБ на заключным этапе III рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання» сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк.
На пленарным пасяджэнні да ўдзельнікаў урачыстасці з прывітальным словам звярнуўся мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Уладыка засяродзіў увагу прысутных на думцы, што маральна-духоўныя каштоўнасці – гэта ісціны, да_дзеныя людзям Усявышнім, і яны павінны стаць асновай чалавечых думак, памкненняў, учынкаў.
Адбылася цырымонія ўшанавання пераможцаў конкурсу. Тышкавіцкая бібліятэка ўзнагароджана Граматай Патрыяршага Экзарха ў благаславенне за працу на карысць Бацькаўшчыне, людзям і на славу святой Праваслаўнай Царквы ў намінацыі «Патрыятычнае выхаванне на праваслаўных традыцыях».
Пра бібліятэкі як цэнтры духоўнай асветы і выхавання, дасягненні і перспектывы гаварылася ў ходзе круглага стала “Кніга і чытанне як духоўная спадчына Праваслаўя ў культуры беларускага народа” ў зале пасяджэнняў вучонага савета Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Іна Данілевіч выступіла з дакладам “Арганізацыя работы па патрыятычным выхаванні на праваслаўных традыцыях у Тышкавіцкай сельскай бібліятэцы”, які суправаджаўся змястоўнай прэзентацыяй.
– Разгубленасці, насуперак чаканням, не было, – дзеліцца ўражаннямі Іна Сямёнаўна.
– Было б не дзіўна перад такой сур’ёзнай, эрудзіраванай, дасведчанай аўдыторыяй і расхвалявацца. Але ж атмасфера, якая панавала на Чытаннях, была настолькі добразычлівая, светлая, што ўсе сумненні адступілі. Было толькі прыемнае ўзрушэнне, тым больш што распавядаць давялося не пра нешта новае, малазразумелае, а пра паўсядзённае і блізкае, што складае сэнс маёй працы, з’яўляецца часцінай душы. Карысна было паслухаць іншых, прааналізаць набыты вопыт, намеціць арыенціры на перспектыву. Радасна ўсведамляць, што ў важнай і адказнай справе выхавання падрастаючага пакалення ёсць і твой невялічкі ўклад.

Ірына САЛОМКА.
НА ЗДЫМКУ: Іна Данілевіч
і епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін, Старшыня Сінадальнага аддзела  рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі БПЦ.