Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Перспектывы стаць наркабаронам

Количество просмотров:

Ведаю, што пан рэдактар не надта любіць чужыя меркаванні, калі яны з яго ўласнымі не супадаюць. Бо аўтаматычна лічацца няправільнымі. Але ж удалося ўгаварыць яго надрукаваць мае фантазіі.

У чым не супалі нашы думкі? У адносінах да праграм і лідараў апазіцыі. Я таксама быў на сустрэчы ў Драгічыне, але ўражанне ад яе засталося іншае. Нават знешне мінскія госці прыемныя, сытыя і гладкія. Што значыць гадамі на работу к васьмі ранку не хадзіць. 
Ды й у праграмах можна знайсці нешта карыснае. 
Скажам, Севярынец абяцае прыватную ўласнасць на зямлю. Кажа, што трэба вярнуць чалавеку годнасць. А іншага ж спосабу яе вярнуць, як даць беларусу ў ХХІ стагоддзі магчымасць у гноі калупацца, не існуе. Губарэвіч грозіцца пазвальняць ідэолагаў, чыноўнікаў, міліцыянераў. 
Як пачуў я гэта, тут мая фантазія і ажыла. 
Дзе прыватная ўласнасць – там і рэстытуцыя – вяртанне назаконна забранай маёмасці. 
Колькі ў майго прадзеда зямлі было? Дай бог памяці, дваццаць адна дзесяціна. Меўся прадзед яшчэ лесу падкупіць і млын пабудаваць, але паспяховае развіццё бізнэсу было брутальна спынена восенню 1939 года. 
Зямельку вярну, новая ўлада паспрыяе. Парабкамі найму звольненых ідэолагаў – хай сумленнаю працаю адмольваюць свае злачынствы перад новымі кіраўнікамі.  Ахоўнікамі на плантацыях зраблю выгнаных з органаў сілавікоў, пажадана ў званні не ніжэй маёра. Дам кожнаму з іх па бізуну ў рукі, каб павысіць прадуктыўнасць работы ідэолагаў. 
Але чым я засею свае дваццаць з лішнім гектараў? Рашэнне – зноў у праграме Губарэвіча, які мае намер даць дазвол на ўжыванне лёгкіх наркотыкаў і, адпаведна, зняць пакаранне за іх ужыванне.
Засею я сваю зямлю каноплямі.
Далей трэба думаць пра рынкі збыту, пра лагістыку. Тут, я думаю, таксама праблем быць не павінна. Зразумела, што расійскі рынак, хутчэй за ўсё, зачыніцца, бо надта ж усе кандыдаты настроеныя да Расіі лёгкадумна. Але падказка выхаду – зноў у праграме! Юрась Губарэвіч абяцае ўсім беларускім студэнтам паўгода вучобы за мяжой. Напэўна ж у Еўропе, да якой усе кандыдаты ставяцца даволі дабразычліва. 
Вось і выхад:  едзеш у Еўропу – набяры айчыннай марыхуаны ў праверанага вытворцы. Вазьмі і сабе, і новым сябрам, з якімі запрыязнішся ў час вучобы. Зрабі рэкламу айчыннай прадукцыі. 
Прыдумаю кідкі слоган для тавару, каб зрабіць яго заўважным на канкурэнтным рынку. Напрыклад: «Якасная шмаль з Янова. Будзь дурны, як сабака да года». 
Дваццаць гектараў канопляў штогод – гэта гарантаваны кавалак хлеба на старасць год, павага землякоў, якія будуць казаць, што я паважаны чалавек, які сумленнай працай зарабляе сабе дабрабыт і рэпутацыю. Усім гэтым я буду абавязаны той камандзе, што ездзіць гэтымі днямі па Беларусі.
Я рэаліст, і пры такой ўладзе не разгублюся. Я і пана рэдактара супакойваю, кажу яму: «Не перажывай. Нават калі яны цябе судом прысяжных на зону адправяць, ты і там не прападзеш. Пішаш ты не горш чым я. Будзеш у «Воўчых норах» ад імя зэкаў любоўныя пісьмы складаць».
За адно баюся: ці доўга такая файная ўлада пратрымаецца. Тым больш, што яна плануе і войска, і міліцыю моцна скараціць. А пры запланаваных рэформах абедзьве структуры вельмі хутка могуць спатрэбіцца, каб заспакойваць народ, раз’юшаны ростам годнасці, дабрабыту і грамадзянскіх свабод. 

Ян Палескі.