Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Пін-код нацыі

Количество просмотров:

21 лютага – патрыятычны дзень для кожнага народа, які мае матчыну мову. Кропкай адліку святкавання Міжнароднага дня роднай мовы стаў 1999 год. Карэспандэнт «ЯК» выправіўся ў падарожжа па Іванаўскім і суседнім, Драгічынскім раёнах з тым, каб знайсці ў іх адмысловыя беларускія назвы населеных пунктаў – коды нацыянальнай ідэнтычнасці.

Беларускія шклозаводы маюць поўнае права называцца гутамі. Справа ў тым, што гута – гэта традыцыйная старабеларуская назва майстэрні, дзе  выраблялася шкло. Тыя, хто працаваў на ёй, зваліся гутнікамі. Цікавая інфармацыя змешчана на сайце ААТ «Шклозавод «Нёман»: «Гісторыя прадпрыемства пачалася з маленькай гуты мясцовага памешчыка Зянона Ленскага…». Такім чынам, дадзены завод па-беларуску мог гучаць як ААТ «Гута «Нёман». Як па мне, то ўнікальна і патрыятычна. У Драгічынскім раёне ёсць вёскі Гута і Гутава, у Іванаўскім – Загута. Напэўна, калісьці там былі невялікія гуты, якія вызначалі жыццё вяскоўцаў.
Працягваючы вытворчую тэматыку ўспомнім населеныя пункты Смольнікі і
 Гарбаха ў Іванаўскім раёне. У Смольніках спачатку людзі жылі па хутарах, назва якіх паходзіла ад прозвішча, родавых мянушак ці месца нараджэння іх гаспадароў. Дык вось, каля Галуцаў, помняць старажылы, была некалі смалярня – прадпрыемства, дзе перапрацоўвалася смала. Яе збіралі з соснаў у тутэйшых лясах. Адсюль пайшла назва населенага пункта Смольнікі, яго жыхароў – смалянаў, якія ў 50-60-х гадах масава перасяляліся з хутароў у вёску. У Гарбасе размяшчалася цагельня – завод, дзе выраблялася цэгла. Цікавы факт: на цаглінках пазначалася месца і дата іх вырабу. Пра гэта выпадкова пачула ад чалавека, які трымаў у руцэ такі «экспанат». 
На Драгічыншчыне ёсць вёсачка Старамлыны. Мяркуючы па назве, можна дапусціць думку, што раней тут людзі займаліся млынарствам – малолі зерне на муку. Прымаўка «На Лаўрына спяшайся да млына» звязана са святам млынароў, якое па народным календары адзначаецца 23 жніўня. Дарэчы, у Лесніках Драгічынскага раёна некалькі год таму пры нявыстветленых абставінах згарэў стары млын. Драўлянаму ветраку было амаль сто год.
У Іванаўскім раёне месціцца вёска Журавок. Напэўна,  ад назвы традыцыйнай беларускай стравы жур (аўсяны кісель) пайшла назва мясцовасці. Хаця не выключана, што яе насялялі тыя, хто падоўгу мог журыцца, маркоціцца. У суседнім раёне ёсць вёска Скібічы. Скіба як луста хлеба, альбо як пласт узаранай зямлі – у гонар гэтага слова, думаецца, названы Скібічы ў Драгічынскім раёне.
Назвы вёсак Залядынне і Лядавічы паходзяць, хутчэй за ўсё, ад лядаў – дзялянак высечанага лесу. Яшчэ адзін населены пункт у Іванаўскім раёне, Вартыцк, мабыць, сэнсава звязаны са словамі варта (ахова) ці варты (рус. достойный), Кужалічын ад кужаля – так называецца валакно ачэсанага лёну.    
Месца, дзе стаяла гумно – вялікая халодная будыніна для складвання і абмалоту зжатага збожжа, завецца па-беларуску гумнішча –  у Драгічынскім раёне ёсць вёсачка з такой назвай. Словы тыпу папялішча, бульбянішча – з гэтай жа оперы. Брадок – яшчэ адна назва населенага пункта з вядомай этымалогіяй. Так называюць неглыбокае месца на рацэ альбо возеры, зручнае для пераходу. У Опальскім сельсавеце Іванаўскага раёна знаходзяцца Туляцічы. Напэўна, ад слова туляцца – хадзіць без пэўнай мэты, або знаходзіцца дзе-небудзь, хаваючыся ад каго ці чаго-небудзь, утворана назва. Туляга ў крапівінскай п’есе «Хто смяецца апошнім» – бадай, самы запамінальны персанаж у беларускай літаратуры з прозвішчам, якое паходзіць ад гэтага дзеяслова. Падобнае па гучанні, але куды з больш прыемным сэнсам, слова туліцца – гарнуцца да кагосьці, адчуваць вялікую прыязнасць і быць адданым гэтаму чалавеку. Да матулі звычайна туляцца дзеці. 
Адным словам, родная мова – пін-код нацыі, як і павінна быць, жыве паўсюдна. Кожны народ сам вызначае тэрмін прыдатнасці гэтага пін-кода, адначасова ўплываючы і на свой лёс, паміж іншым…

kacki

kleshi

krivica

smolniki

glinnno

Наталля Крывецкая.

Фото: Валерий Михальчук.