Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Общество

«Поспех – гэта павага, прызнанне»

Количество просмотров:

Штогод у апошнюю нядзелю студзеня ў Беларусі адзначаецца Дзень беларускай навукі, афіцыйна ўстаноўлены ў 1993 годзе. Вядучым даследчым і навуковым цэнтрам краіны з'яўляецца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, заснаваная ў 1928 годзе.

Сёння яна аб'ядноўвае высокакваліфікаваных вучоных розных спецыяльнасцяў і дзясяткі навукова-даследчых, навукова-вытворчых, канструктарскіх і іншых арганізацый. У Нацыянальнай акадэмі навук працуе больш за 18 тысяч даследчыкаў, тэхнікаў, дапаможны і абслугоўваючы персанал, сярод якіх нямала дактароў і кандыдатаў навук. Асабліва прыемна, што ў ліку даследчыкаў, вучоных і наша зямлячка, Юлія Хвіланчук, якая распавяла «Янаўскаму краю» пра свае поспехі і планы на будучыню.

У кожнага шляху - свае вытокі

Юлія нарадзілася і вырасла ў Іванаве. Тут жа і скончыла сярэднюю школу №3. Дзяўчына з дзяцінства выяўляла зацікаўленасць да вывучэння моў, асабліва да роднай, беларускай. Таму цяжкасцяў з выбарам ВНУ не ўзнікла. Так, у 2009 годзе з адзнакай скончыла факультэт беларускай філалогіі і культуры БДПУ імя М. Танка. Жаданне вывучаць родную мову было настолькі моцнае, што Юлія пайшла вучыцца далей, у магістратуру ў гэтым жа ўніверсітэце. З 2011 па 2014 гады навучалася ў аспірантуры тады яшчэ “Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”. А з 2014 года працуе на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка ад-
дзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі. Галоўным накірункам дзейнасці аддзела сёння з’яўляецца праца па ўпарадкаванні дыялектных матэрыялаў самых розных інфармацыйных крыніц як лексічнай базы, на аснове якой будзе  створана электронная версія зводнага слоўніка беларускіх народных гаворак. Акрамя таго працягваецца назапашванне разнастайных матэрыялаў для фонафонду і тэкставага корпуса. У будучым, грунтуючыся на гэтых матэрыялах, плануецца разгарнуць аналітычную работу па вывучэнні працэсаў, якія адбываюцца ў сучасным вясковым маўленні, а таксама па даследаванні моўнай сітуацыі ў сельскіх рэгіёнах краіны.
Праблематыка фундаментальных даследаван-
няў Юліі Хвіланчук
– беларускі дыялектны сінтаксіс, арэальная лінгвістыка, дыялектная лексікаграфія. У сферу навуковых інтарэсаў Юліі ўваходзяць таксама актуальныя пытанні сучаснай беларускай мовы. У распрацоўку дадзенай праблематыкі яна ўносіць істотны асабісты ўклад. Як вынік даследавання, Юля падрыхтавала кандыдацкую дысертацыю на тэму «Дзеяслоўныя прыназоўнікавыя словазлучэнні ў беларускіх народных гаворках: структурна-семантычны, этымалагічны і арэальны аспекты».
За перыяд з 2014 па 2017 гады Юлія прыняла ўдзел у 6 дыялекталагічных экспедыцыях (Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці; Клічаўскі і Крычаўскі раёны Магілёўскай вобласці; Жлобінскі і Рэчыцкі раёны Гомельскай вобласці).  У выніку экспедыцый быў сабраны і апрацаваны багаты матэрыял. Адна частка яго ў выглядзе звязных тэкстаў уключана ў запланаванае калектыўнае выданне “Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі. Усходняя зона”. Другая частка надрукавана ў зборніку “Беларуская дыялекталогія. Вып. 4”.
Юлія Хвіланчук годна прадстаўляе беларускую навуку на рэспубліканскіх і міжнародных навуковых форумах і канферэнцыях, сярод якіх Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Нацыянальна-культурны кампанент у дыялектнай і літаратурнай мове”, Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Актуальныя праблемы мовазнаўства і лінгвадыдактыкі, прысвечанай 75-годдзю з дня нараджэння прафесара Галіны Мікалаеўны Малажай”,
ІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя “Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў”, Міжнародная навуковая канферэнцыя “Маладыя пра мову рэгіёнаў”, Міжнародная навуковая канферэнцыя “Маладыя пра мову пакаленняў” і шмат іншых.
Зусім нядаўна, у мінулым годзе, Юліі была прысуджана стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, як таленавітаму маладому вучонаму за ўпершыню праведзенае комплекснае даследаванне дыялектнай сінтаксічнай прасторы; за стварэнне “Корпусу дыялектных прыназоўнікавых словазлучэнняў у беларускіх народных гаворках”, дыферэнцаванага па структурна-семантычнаму і тэрытарыялнаму прынцыпу і распрацоўку першага ў нацыянальным мовазнаўстве дыялектнага сінтаксічнага слоўніка “Дзеяслоўныя словазлучэнні ў беларускіх народных гаворках”; за раскрыццё семантычных і структурных асаблівасцей дзеяслоўных прыназоўнікавых словазлучэнняў у беларускіх народных гаворках; за стварэнне блока лінгвагеаграфічных карт, якія адлюстроўваюць дыферэнцыяцыю дыялектнай прасторы, зыходзячы з структурна-семантычных асаблівасцей дыялектных сінтаксем. Атрыманыя вынікі прызнаны навуковай грамадскасцю ў Рэспубліцы Беларусь і за мяжой, а іх практычная значнасць пацверджана ўкараненнем вынікаў у навучальны працэс устаноў адукацыі: “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна”, “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”.

Сучасная жанчына павінна быць і разумнай, і прыгожай

 Маладая, прыгожая, разумная, таленавітая. І гэта не ўсе кампліменты, якія заслугоўвае гэтая дзяўчына.
– Юлія, колькі было напісана і апублікавана навуковых прац?
– Рэгулярна публікуюцца матэрыялы маіх даследаванняў на старонках вядучых айчынных і замежных навуковых выданняў. Асноўныя вынікі даследаванняў за апошнія тры гады выкладзены ў чатырнаццаці навуковых публікацыях і матэрыялах канферэнцый.  Усяго каля трыццаці навуковых публікацый.
– Якія ў Вас планы на бягучы год - прафесійныя і асабістыя?
– Планы ёсць і асабістыя, і прафесійныя. Канешне, працягваць развівацца прафесійна. Планую прыняць удзел у рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Іванаўскія чытанні”, якая адбудзецца ў пачатку верасня, а таксама апублікаваць некалькі артыкулаў па тэме дысертацыйнага даследаваня. Ёсць і іншыя прафесійныя планы, але ці рэалізуюцца яны ў гэтым годзе ці ў наступным – пакажа час!
У асабістым жыцці ўсё добра. У мінулым годзе выйшла замуж. Таму, акрамя клопатаў навуковых, з’явіліся клопаты хатнія, сямейныя. Па-першае, выхоўваць дзіця, якому ўжо споўнілася 5 месяцаў і якое ў такім маленькім узросце патрабуе ўвагі ад маці.
– А чым займаецеся ў вольны час? У што ўкладваеце сваю душу?
– Вольнага часу ў мяне вельмі мала. Звычайна, у вольны час я чытаю ці займаюся пошукам інфармацыі для свайго навуковага артыкула. Гэта мяне цікавіць і захапляе. Ну, і, канешне, я езджу да бацькоў. Там і адпачываю. Вельмі люблю бываць на свежым паветры ў родным краі.
– Як часта прыязджаеце ў родны горад? Ці засталіся сябры, знаёмыя ў Іванава?
– Прыязджаю па магчымасці. Хацелася часцей, але як атрымліваецца. Канешне, ёсць знаёмыя і сябры.  
– Хто з блізкіх Вас падтрымлівае? І наогул, на каго абапіраецеся ў жыцці?
– Мяне заўсёды падтрымлівалі і падтрымліваюць мае бацькі – Аляксей Леанідавіч і Галіна Навумаўна Хвіланчукі. Кожны раз чакаю сустрэчы з імі. Канешне, трэба адзначыць падтрымку з боку майго навуковага кіраўніка – кандыдата філалагічных навук, дацэнта Веранікі Мікалаеўны Курцовай, якая заўсёды, не шкадуючы сіл і часу, падтрымае і выслухае мяне.
– Многія мужчыны лічаць, што жанчына павінна, перш за ўсё, быць прыгожай, а не разумнай. Што Вы скажаце на гэты конт?
– Сучасная жанчына павінна быць і разумнай, і прыгожай.  Як знешне, так і знутры! А жанчына-вучоная павінна быць яшчэ і настойлівай, арыгінальнай, назіральнай, незалежнай у поглядах.
– Што ў Вашым разуменні «поспех»? Вы дасягнулі гэтага піка ці яшчэ працягваеце імкнуцца да дасканаласці?
– Поспех, на мой погляд, гэта рух наперад, ад мэты да мэты. Поспех – гэта павага, прызнанне. Гэта тое, што нельга купіць за грошы. Я лічу, што поспеху трэба дасягаць усё сваё жыццё. Ставіць сабе мэты і ісці наперад. Быць у задавальненні ад гэтага. Нездарма кажуць – няма мяжы для дасканаласці!

Настасся САМЧАНКА.