Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Общество

Прафесіяналізм, духоўнасць, талент

Количество просмотров:

Гэта тыя неад’емныя важныя крытэрыі, якія садзейнічалі несумненнаму поспеху вучняў музычнага аддзялення чацвёртай школы г. Іванава падчас іх удзелу ў фестывалі-конкурсе «Радасць мая», які адбыўся ў г. Мінску, у канцэртнай зале «Атлант», і быў накіраваны найперш на абарону традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.  

Духоўна-асветніцкае мерапрыемства з’яўлялася працягам серыі творчых мерапрыемстваў рэспубліканскага фестывалю сучаснай хрысціянскай культуры «Благавест», уключаных у шэраг дзяржаўных праграм супрацоўніцтва з Беларускай праваслаўнай Царквой.
Іванаўскія школьнікі ў ходзе фестывалю прадэманстравалі бліскучыя здольнасці ў намінацыях: інструментальная музыка (сола), інструментальная музыка (ансамблі), вакал эстрадны (сола), вакал акадэмічны (сола), мастацкае чытанне.
Піяністы, якіх падрыхтавала да конкурсу Л.В. Перчанка, паказалі высокі ўзровень выканання і ўзялі ўсе (!) прызавыя месцы. Прыемна, што юных артыстаў слухала і ацэньвала кампетэнтнае журы, у склад якога ўваходзілі сучасныя беларускія кампазітары А.І. Безенсон і В.І. Карэтнікаў, чые творы дзеці выконвалі.
Дыплом лаўрэата першай ступені заваявала Марыя Апольская (дарэчы, дзяўчынка ўзнагароджана таксама Дыпломам лаўрэата другой ступені ў намінацыі “акадэмічны вакал” і Дыпломам лаўрэата ў намінацыі “мастацкае чытанне”); Дыпломам лаўрэата другой ступені ацэнена выступленне Марыі Старавойтавай (да таго ж, яна – лаўрэат і ў намінацыі “мастацкае чытанне); уладальнікамі Дыпломаў лаўрэатаў трэцяй ступені сталі Анастасія Старавойтава (акрамя таго, вучаніца – лаўрэат другой ступені ў намінацыі “эстрадны вакал”), Кацярына Дражына, Анастасія Дземядзюк (вучаніца ДШМ ім. Напалеона Орды). У намінацыі «мастацкае чытанне» Дыплом лаўрэата атрымаў Павел Жыдковіч.
Вакалістаў-эстраднікаў і акадэмістаў рыхтавалі да адказнага творчага спаборніцтва Н.І. Мароз, канцэртмайстар А.С. Вя-
дзёрчык, чытальнікаў – Л. М. Астаповіч і К.Г. Фісенка.
Юнацкі хор «Радасць» у складзе 24 чалавек і выхаванцы нядзельнай школы (Анастасія Пілецкая, Аляксандра Валянцюк, Ульяна Упіравец, Лізавета Барадзінчык) прынялі ўдзел у намінацыях «нядзельная школа – хор » і «мастацкае чытанне».
Хор прадставіў на конкурсе «Калядны трыпціх» і быў уганараваны Дыпломам лаўрэата I ступені. Чытальнікі прадстаўлялі творы сучасных беларускіх і рускіх пісьменнікаў і таксама былі адзначаны Дыпломамі лаўрэатаў.
Беручы ўдзел у такім маштабным творчым форуме, які штогод збірае таленавітых выканаўцаў з розных куточкаў Беларусі, іванаўцы далучылі і свой непаўторны яскравы голас у цудоўны гімн у славу Усявышняга.

 

Ірына САЛОМКА.