Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Радасныя навагоднія клопаты

У канцы снежня адбыліся навагоднія ранішнікі для дзяцей горада і раёна. Адно з такіх святаў было асаблівае, таму што Дзед Мароз і Снягурка, нягледзячы на шэраг перашкодаў, што сустрэліся ім на шляху, прыйшлі павіншаваць дзяцей, якія наведваюць Іванаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі (ЦКРНіР). А падарылі свята маленькім гарэзам удзельнікі ўзорнага тэатра “Папугай” раённага Цэнтра культуры і народных традыцый (кіраўнік Святлана Кухарчук).

Сярод мноства турботаў, якімі напоўнены кожны рабочы дзень Рыгора Сысы, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Іванаўскага райвыканкама, ён знайшоў час, каб павіншаваць 66 дзяцей, якія навучаюцца і атрымліваюць карэкцыйна-педагагічную дапамогу ў ЦКРНіР. У сваім выступленні Рыгор Максімавіч, разумеючы тое, што малечы хочацца хутчэй пачаць свята, зычыў бацькам і настаўнікам выхаванцаў найвялікшага шчасця – здароўя дзяцей, маленькім гасцям ад душы пажадаў, каб загаданыя імі перад навагодняй ялінкай мары на будучы год абавязкова здзейсніліся.
Дзеці, якія прыйшлі на навагодняе прадстаўленне ў касцюмах марака, пчолкі, малпачкі, чалавека-павука, гноміка і іншых, знаходзіліся ў чаканні цуда. Але сабака Барбоскін гаворыць ім нярадасную навіну: свята не будзе, бо няма кія Дзеда Мароза. Героі – Клаунэса Клякса, Барбоскін і Певень – выпраўляюцца на яго пошукі. Усё б нічога, ды Варона Кларачка і Пінгвін Пламбір задумалі ўсім сапсаваць цуда-свята: каб Певень не весяліў дзяцей, яны прывезлі яму з Антарктыды сюрпрыз – марожанае. Пасля таго, як Пеўнік паеў эскімо, у яго забалела горла. Кларачка прапануе Барбоскіну заключыць пары: забыць пра свайго былога сябра – Пеўніка – і чакаць надыходу года Вароны. Аднак Барбоскін не прадае сяброўства.
Хутка кій Дзядулі Мароза быў знойдзены. Ім жа Дзед Мароз замарожвае Варону, а пасля загадвае ёй пакінуць свята. Каб прабудзіць ад сну Пеўня, зачараванага Варонай, усе гучна прамаўляюць “ку-ка-рэ-ку”. Як у кожнай добрай казцы, заканчваецца ўсё радасна: Пеўнік прачынаецца, Дзед Мароз запальвае агні на ялінцы, з унучкай Снягуркай і дзецьмі, водзяцца карагоды, праводзяцца пацешныя гульні. Пеўнік перадае эстафету Сабаку, бо 2018 год па ўсходнім календары лічыцца годам Жоўтага Сабакі.
Аднак на гэтым свята не заканчваецца: кожнае дзіця падрыхтавала Дзеду Марозу падарунак – вершык. Расказаны ад душы, з непахіснаю вераю ў рэальнасць паэтычных радкоў, ён, як заўважыла Таццяна Кацымон, дырэктар Іванаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, сімвалізуе вялікую прагу кожнага дзіцяці з надыходам Новага года атрымаць тое, чаго вельмі хочацца ў жыцці. Хай яно так і будзе!

Наталля КРЫВЕЦКАЯ.
Фота аўтара.