Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Шчаслівы ў буднях

Количество просмотров:

   Зусім няпроста аказалася адшукаць майго мяркуемага суразмоўцу на бязмежным прыволлі за вясковай ваколіцай. З абодвух бакоў гравійку абступае кукурузнае поле, якое нагадвае густы лес. Высачэзныя прамастойкія сцёблы вострымі верхавінамі ўпіраюцца ў нябёсы, буйнае лісце ды тоўстыя пачаткі, ахінутыя лістападобнымі абгорткамі, закрываюць прасвет між раслінамі, ствараючы непраглядную малахітава-карычневую сцяну. Толькі на самым ускрайку ад дарогі нешырокай стужкай пралягла калючая, зусім свежая пожня, падаючы знак на чалавечую прысутнасць.

Неўзабаве з-за пагорка выпаўзае гружаны здробленай зялёнай масай МАЗ, паказваючы, куды нам трэба кіравацца далей.
Сяргея Мельнічука, механізатара ААТ “Машэраўскі”, з якім карцела сустрэцца, давялося ўбачыць за штурвалам кукурузаўборачнага камбайна.
– Адарву Вас ад працы на хвілін пятнаццаць, – вітаюся.
– Пятнаццаць – гэта шмат, – спакойна-разважліва адказвае Сяргей Сцяпанавіч і дадае: – Пяць. У нас з Вамі ёсць ажно пяць хвілін!
Думаю, не адкрыю таямніцу, калі зазначу, што пры знаёмстве з чалавекам хочацца спасцігнуць яго ўнутраную сутнасць, вызначыць (прынамсі, для сябе) яго маральны воблік, асобасныя рысы, жыццёвыя арыенціры. Зазвычай, на гэта патрабуецца нейкі час. 
– А ў мяне ёсць толькі пяць хвілін, – ліхаманкава пульсуе ў галаве думка. – Зрэшты, калі быць аб’ектыўнай, няўжо ж незнаёмец перада мной? – заспакойваю сябе. – Пра Сяргея Сцяпанавіча як пра вопытнага прафесіянала неаднойчы пісала наша раёнка. Ці ж гэта не яскравы штрых да партрэта? Пэўна, працавітасць і ёсць адна з асноўных рыс характару аграрыя. Тым больш сёння ёсць яшчэ адно красамоўнае пацвярджэнне таму – аб’яўленне Сяргею Мельнічуку Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу. 
– Узнагароду атрымаў на абласных Дажынках, – расказвае руплівец. – Больш за тры дзясяткі гадоў працую ў гаспадарцы ды ніколі нават і не марыў пра такую ўсцешную ацэнку сваёй работы.
Варта нагадаць, што сёлета Іванаўскі раён стаў пераможцам абласнога спаборніцтва за дасягненне якасных паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур. У гэтым трыумфе іванаўцаў, безумоўна, ёсць і плён працы механізатара.
Нарадзіўся Сяргей Сцяпанавіч у невялічкай, у адну вулачку, вёсачцы Заруддзе. З малых гадоў прызвычаіўся да сялянскага ўкладу жыцця. Тады ж праявілася цікавасць да тэхнікі.
– Памятаю, мы, хлапчукі-падшыванцы, падчас летніх канікул перавязвалі на пожні шпагатам цюкі саломы, каб не развальваліся, – вядзе дыялог мой субяседнік. – Там было шмат тэхнікі: і трактары, і аўтамабілі, і камбайны. Людзі, якія па-майстэрску кіравалі машынамі, уяўляліся мне асілкамі. “Вось бы мне так!” – думалася ў захапленні. 
Правы трактарыста атрымаў у Ляскавіцкім ВВК, будучы старшакласнікам Крытышынскай сярэдняй школы. 
Гэтая акалічнасць і вырашыла прафесійны выбар юнака.
– Некалі, бывала, узнікала мімалётная думка падацца ў горад, – прызнаецца Сяргей Сцяпанавіч. – Здавалася, там болей магчымасцей для самаўдасканалення і вальней жывецца. Але жаданне тое было ўсяго толькі слабым пробліскам. Цяпер сам з сябе, таго, маладога, дзівуюся: горад жа – мітусня страшэнная, а вёска – асалода, цішыня, непаўторнасць прыроды ў кожную пару года.  
Ледзь кранаецца раніца ружаватымі промнямі зямлі, трактарыст спяшаецца да свайго чатырохколага памочніка, затым накіроўваецца ў поле, дзе шчыруе да самага вечара. Рукі ў мужчыны залатыя. Ён і араты, і сейбіт, і касец, адмысловы камбайнёр на жніве, а пасля таго, як у гаспадарцы сабраны дажыначны сноп, перасаджваецца на кормаўборачны камбайн.


– З жонкай бачымся толькі па вечарах, – кажа працалюб.
– І як яна рэагуе на Вашу адсутнасць? – цікаўлюся.
 – Спакойна, – усміхаецца мужчына. – Яна таксама ўся аддаецца працы.
Наталля Паўлаўна настаўнічае ў мясцовай школе. Як правіла, педагог на вёсцы – асоба аўтарытэтная. Але ў свой час, як заверыў Сяргей Сцяпанавіч, не прафесійная адметнасць юнай настаўніцы зачаравала яго, а яе дзявочая прывабнасць, станоўчыя чалавечыя якасці. Разам муж і жонка выгадавалі двух цудоўных сыноў, якія цяпер шукаюць сваю сцежку ў жыцці. Бацькі не навязваюць ім сваіх перакананняў, дазваляючы рэалізавацца ў той галіне, да якой тыя маюць памкненне і талент.
Мой суразмоўца раз-пораз кідае позірк на камбайн, на МАЗ, што спыніўся побач. Разумею, што шчасліваму механізатару рупіць вярнуцца да працы. Так, я прылічваю Сяргея Сцяпанавіча да кагорты шчасліўчыкаў. Бо ў народзе кажуць, што той па-сапраўднаму шчаслівы, хто шчаслівы ў буднях сваіх.
Вяртаючыся ў гарадскую рэчаіснасць, я несла ў душы шчымлівую красу краявідаў, водар вераснёўскага поўдня і каштоўныя пяць хвілін размовы з абаяльным чалавекам. Сэрца поўнілася пачуццямі цёплымі, светлымі. 

 Ірына Саломка.