Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Спевы Вялікага посту

Количество просмотров:

Вядома, што вялікая доля поспеху любога журналісцкага матэрыялу залежыць ад назвы. Як назваць  уражанні ад канцэрта Ігара Нікалаева? Можна было б «Старый дельфин спел о «Старой мельнице». А раптам не спадабаецца такая назва спеваку, ды ў суд падасць. А судзіцца – справа дарагая. Хаця як каму. Бо як падумаеш, колькі грошай з Янова пацягнуў Ігар Нікалаеў, то страшна робіцца. Таму назву даем нейтральную.
Можа, хтось скажа: «Завидуйте молча». А калі не магу я моўчкі? Калі я хачу зайздросціць уголас: «Сорак даляраў за квіток! За канцэрт у паўтары гадзіны! За трыста сорак месц у Цэнтры культуры!».

Добра зарабляюць расійскія артысты. Паглядзіш на цэннік і міжволі пашкадуеш, што сёння не дзевяностыя гады. У той час вялікія зоркі з галоднай Масквы давалі гастролі па калгасах за свіную лапатку.
У суседнім раёне да гэтага часу байкі расказваюць, як у адну гаспадарку Анне Вескі прыязджала. Старыя людзі яшчэ памятаюць такую эстонскую спявачку часоў СССР. Дык вось, пасля канцэрта старшыня калгаса арганізаваў ёй культурную праграму. Пасадзіў у свой уазік, сам сеў за руль і павёз паказваць палеткі.
Карціна ўяўляецца проста як у страшнай казцы. Абшары пад Драгічынам. Ноч, уазік, «позади крутой поворот». У кабіне Анне Вескі трасецца й моліцца, каб хаця б машына не заглохла…
Але вернемся да нашага госця. Сам я на канцэрце не быў, але людзі казалі, што ў цэлым засталіся задаволенымі. Хаця б тым, што не часта ў Янове зорак такой велічыні бачылі. Так што я сёння бы той мужык з анекдота, што расказваў, якія ў горадзе смачныя булкі. Сам, ён, праўда, не еў, але бачыў, як пан есць… Зрэшты, а што людзям казаць? За такія грошы мусова хваліць. Хочацца верыць, што жывы голас чулі, а не дыск паслухалі. Сцвярджаць напэўна не бу-
дзем, бо праўды ўсё роўна не даведаемся: мясцовых гукааператараў заезджыя зоркі не дапускаюць, сваіх, правераных, на канцэрты садзяць.
Дарэчы, што яшчэ здзівіла – квіткі на білет. Падобныя да аднаразовых білецікаў на праезд у грамадскім транспарце. Ну, хіба што трошачкі горшыя. Хаця за такія кошты можна было спадзявацца на білет з вадзяным знакам…
Перш чым пісаць пра канцэрт, я як чалавек, што не прывык нешта рабіць дарэмна і намарна, зайшоў папытаць у рэдакцыю, ці надрукуюць гэтыя разважанні ў «Янаўскім краі». А там работнікі ледзь не ў істэрыцы б’юцца. Першы раз, кажуць, такая сітуацыя. Каб праз дарогу, у Цэнтр культуры, людзі гэтулькі грошай занеслі, а нам і капейкі не перапала. Зазвычай, практыка такая: прадзюсар, а то і сам артыст, звязваецца з рэдакцыяй, дамаўляецца на рэкламу, на інтэрв’ю, запрашае на канцэрт, афішу на памяць падпісвае. А тут – поўны ігнор. Карацей, злыя, як сабакі, сядзяць. О думаю, выдатна. У добры час зайшоў…
Але зноў вернемся да дарагога госця. Канцэрт яго феерычны прыпаў на першы тыдзень Вялікага посту, калі людзі стараюцца ўстрымлівацца і ў ежы, і ў забаўках, калі ў цэрквах чытаюць Пакаянны канон Андрэя Крыцкага. Я б не пісаў пра гэта, калі б зусім нядаўна, у сакавіку мінулага года, не праводзіў час Нікалаеў у… Жыровіцкім манастыры. Катлеты з морквы еў, святую ваду піў. Пра гэта з замілаваннем пісалі калегі летась. Пры гэтым ездзіў па суседніх раёнах, даючы канцэрты.
Нешта падобнае рабіў булгакаўскі Воланд са слугамі: свой вядомы канцэрт у вар’етэ д’ябал правёў у Вялікую пятніцу, перад Вялікаднем… Крый Божа, я не стаўлю знак роўнасці паміж артыстам і князем цемры, але лаўлю сябе на думцы, што, магчыма, якраз з-за такіх падыходаў і не дазваляла раней Царква артыстаў на могліцах хаваць…  
І астатняе. Адспяваў маскоўскі госць – і адразу са сцэны. Хаця шмат хто хацеў аўтограф узяць і сфатаграфавацца на памяць. Нашто затрымлівацца на сцэне горада, назву якога назаўтра мо і не ўспомніш? Бы той казаў: «Все, ребята, харэ. Отработали лавэ». Усё гэта – і падыходы да распаўсюджання квіткоў, і якасць афіш, і імкненне пазбегнуць кантакту з гледачамі – цяжка назваць павагай да людзей.    
А ў астатнім – усё добра. Прыемна, што зноў, як у 90-я, даходзіць чарга і да малых раёнаў вялікія зоркі пабачыць. А то мы ўжо й не ведалі, куды грошы па-дзець.

Ян Палескі.