Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

«Тут і родылыся, тут і жынылыся…»: у Смольніках прайшло свята вёскі

Количество просмотров:

Вёска з такой прыгожай назвай ёсць не толькі ў нашым раёне, і нават не толькі ў Беларусі. Чым асаблівым займаліся жыхары Смольнікаў раней, якой Старухі варта баяцца, пра след ледавіка ў гэтых мясцінах і чаму нашыя продкі рана жаніліся?

На пытанне пра ўзрост вёскі Смольнікі мой суразмоўца Рыгор Казека, якому з красавіка гэтага года пайшоў восемдзесят другі год, адказаў так: «Шэ мій дід і батько тут родылыся і жынылыся». Праўда, як высветлілася, спачатку людзі жылі па хутарах, назва якіх у Смольніках была прывязана да прозвішча, родавых мянушак ці месца нараджэння іх гаспадароў – Зылынкы, бо жыла сям’я Зялёнкаў, Жылюкы – хутар насялялі Крывецкія, Сороцэнцы – яго жыхары пахо-
дзілі з в. Сорацні Драгічынскага раёна, Тымофыівскы – ад прозвішча Цімафеевіч, Козяковы – Казека, Галуцы – ад Галуца. Дарэчы, каля Галуцоў, яшчэ помняць старыя людзі, была некалі смалярня. Раней у тых мясцінах людзі высаджвалі лясы, пераважна з соснаў, з якіх пасля збіралі смалу. Гэта і быў іх заробак.  Адсюль пайшла назва населенага пункта Смольнікі, яго жыхароў, смалянаў, якія ў 50-х-60-х гг. масава перасяляліся з хутароў у вёску. «Нашэ сыло будовалося бы под шнур», – расказваюць старажылы. Калі паглядзець, то ўражвае тое, што хаты з абодвух бакоў стаяць роўненька, на адной адлегласці ад дарогі. Даўней тут была нават школа, няхай толькі пачатковая. Да яе пабудовы людзі нейкі час вучыліся па хатах.


Аднак веды, калі меркаваць па апытаннях, не былі самай галоўнай каштоўнасцю. Дзяўчаты выходзілі замуж і вянчаліся не заўсёды нават з наступленнем паўналецця. Некаторыя на гэты крок адважваліся ў 14 год. Чаму гэтак спяшаліся? Былі на тое розныя прычыны: і тое, што сем’і бацькоў былі вялікія, а таму аддавалі дзяцей, як падрастуць, на свой хлеб, і тое, што хлопец і дзяўчына моцна кахалі адзін аднаго. Пра сур’ёзны намер маладой і маладога стварыць сям’ю тады гаворыць адзін красамоўны факт: у жыцці адсутнічала паняцце разводу, а сем’і пераважна былі вялікія. І зусім не заможнае вяселле вызначала будучы дабрабыт. З гастранамічных пазіцый калі на вяселлі быў кісель, то па словах смалян, гэта было паказчыкам багацця гаспадароў. На свяце ж у нядзелю ўшаноўвалі дзве сямейныя пары – Марыю і Васіля Галоўкаў, Галіну і Рыгора Казекаў, якія разам па жыцці крочаць ужо 60 год, а таксама Васіля і Любоў Леанчукоў, якія ра-зам пражылі пяцьдзясят год. «Колы воны пролытілы гэтыі годы – бы то вчора гулялы з моім чоловіком, іздылы коньмы выньчетыся» – салідарна расказваюць «маладажоны». Галіна Іванаўна і Рыгор Барысавіч Казека жылі паблізу. Упадабалі адзін аднаго. Як ажаніліся, пабудавалі свой дом, выгадавалі дваіх дзяцей. Усяго было ў іх жыцці, аднак заўжды яны былі разам. Галіна Іванаўна ўзгадвае вясковую мудрасць: «Як выходыш замуж, то люды пытають, чі хорошы хлопыць, а як пожывэш, то чі добры мужык. Коб мій господар був ныдобры, мусыть ны прожылы б разом стілька год».
Вольга Абрамовіч (14.10.1938) нарадзілася ў в. Белінок Драгічынскага раёна, выйшла замуж і жыла ў Смольніках. Пра сябе ў маладосці жанчына гаворыць, што «ны була пустая», а пра цнатлівасць «колышніх» адносін маладых людзей гаворыць толькі адна заўвага: «два рокы проходылы з моім чоловіком, він мэнэ навыть ны поцыловав». Затое цяпер баба Голька, як называюць яе ў вёсцы, багатая – 5 дзяцей, 12 унукаў, 16 праўнукаў.
Акрамя таго, Вольга Іванаўна «всэ помныть і відае»: кожнаму, хто пацікавіцца, яна займальна раскажа пра Граду, якая засталася ад ледавіка, пра Гнылэ болото, Старуху, што цягнецца ад першага маста ад парома, цыганьскы будкы, «дэ в войну хавалыся жыды», вялізны вянок з пахучых зёлак, якім упрыгожвалі Крыжа, што стаяў на перакрыжаванні, які пасля, у атэістычныя часы, спілавалі і кінулі ў лес, пра бульбашоў-бандытаў, якія палохалі мясцовае насельніцтва. Яшчэ баба Вольга раскажа пра тое, што яе вёска заўжды была адной вялікай сям’ёй. Калісьці даўно, можа стагоддзе таму, здарылася ў Смольніках вялікая праблема – летняя спёка няўмольна знішчала ўраджай. Выйсце было знойдзена – за ноч усе вясковыя жанчыны апрацавалі лён і да ўсходу сонца саткалі новы ручнік, які пасля з малітваю павесілі на Крыжа. Зайшоўшы ў хату адной з гаспадынь, я звярнула ўвагу, што на сцяне замест карцін былі вышытыя дарожкі, з ложка звісалі падузорнікі, на стале – тканы абрус, з загорнутым у ручнік духмяным боханам. Здаецца, усё тут засталося нязменна, як было раней. «А я моды ны мыняю», – прамовіла жанчына. У галаве было толькі адно пажаданне: «Жывіце шчэ доўга».

 Наталля Крывецкая.