Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Усе фарбы жыцця для цябе, Саша!

Количество просмотров:

Поўныя залы гледачоў сабралі дабрачынныя канцэрты «Усе фарбы жыцця для цябе», якія праходзілі на мінулым тыдні ў актавай зале сярэдняй школы №4 
г. Іванава. Адміністрацыя і педагогі, вучні і члены моладзевага валанцёрскага руху «Добрае сэрца», неабыякавыя да чужой бяды, аб’ядналіся з раённым камітэтам грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», каб зрабіць вялікую справу – сабраць сродкі на аперацыю нашаму земляку Аляксандру Краўчуку. 

– Ведаеце, гора заўсёды прыходзіць нечакана. У такіх сітуацыях вельмі важна адчуваць не толькі матэрыяльную, але і маральную падтрымку. Вырашылі запрасіць Аляксандра на канцэрт. Сабраныя сродкі накіравалі на лячэнне і далейшую рэабілітацыю маладога чалавека, – адзначае педагог-арганізатар установы адукацыі, адзін з арганізатараў дабрачыннага канцэрту Наталля Шукала. 


Першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Сяргей Дубік, у сваю чаргу, адзначыў, што ініцыятарамі мерапрыемства выступілі настаўнікі і адміністрацыя школы, якія неаднаразова займаліся арганізацыяй і прымалі ўдзел у дабрачынных акцыях і канцэртах: 
– Мы пазнаёміліся з Сашай, калі былі дзецьмі. Памятаю і сёння, як бегалі на стадыёне, гулялі ў футбол. Жылі паўнавартасна, пакуль усё не абарвалася ў адзін міг. Хочацца верыць, што неабыякавыя жыхары нашага раёна адклікнуцца і прымуць удзел у зборы сродкаў на аперацыю, – падкрэсліў падчас свайго выступлення Сяргей Анатольевіч.  
Шмат станоўчых эмоцый у гледачоў выклікалі нумары, падрыхтаваныя вучнямі і творчымі калектывамі школы. Прыемна было назіраць за гледачамі – дзецьмі і дарослымі жыхарамі раёна, якія адгукнуліся на запрашэнне прыйсці на канцэрт. Нельга не адзначыць, з якім задавальненнем назіраў выступленне школьнікаў і герой дабрачыннага канцэрта – Аляксандр Краўчук, які пасля выказаў словы ўдзячнасці ў адрас школьнікаў і настаўнікаў за цудоўны канцэрт і сабраныя сродкі. Усяго ў рамках дабрачыннай акцыі было сабрана амаль восемсот рублёў.

 Анастасія Цалюк.