Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Общество

Вечных ісцін непагаснае святло

Количество просмотров:

Да свята беларускага пісьменства, якое чакаецца напачатку восені і пройдзе ў нашым горадзе, час яшчэ ёсць, але падрыхтоўка да яго ўжо вядзецца напоўніцу. У гэты працэс актыўна ўключыліся работнікі дзяржаўнай установы культуры «Цэнтральная раённая бібліятэка імя Ф.І. Панфёрава»: ладзяцца цудоўныя мерапрыемствы з шырокім удзелам літаратараў, краяведаў, настаўнікаў, вучнёўства і моладзі – тых, хто мае непасрэднае дачыненне да кнігі, асветы, культуры.

Гэтымі вясновымі днямі наведвальнікаў галоўнага кніжнага храма Іванаўшчыны сустракае змястоўная кніжна-ілюстрацыйная выстава, якая знаёміць з гісторыяй Дня пісьменства, сталіцамі свята ў розныя гады. У цэнтры экспазіцыі – яскравы партрэт з выявай Францыска Скарыны. Першадрукар удумлівым позіркам глядзіць на людзей, як бы запавядае: “Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы”. Гэтыя несмяротныя словы скарынаўскага запавету, што праз мудрагелістыя лабірынты стагоддзяў адшукалі шлях у сучаснасць, можа прачытаць кожны, хто затрымаецца ля выставы. А калі ён акажацца больш засяроджаным і дапытлівым, то, несумненна, прачытае яшчэ і цудоўныя вершы берасцейскіх паэтаў, прысвечаныя Іванаву. Радкі пранізаны незвычайнай цеплынёй, любасцю да палескага куточка, дзе творцам пашчасціла жыць і працаваць.
Традыцыйным для ўстановы стаў Дзень праваслаўнай кнігі, які адзначаецца з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да чытання духоўнай літаратуры, далучэння
людзей да вечных агульначалавечых каштоўнасцей.
На гэты раз (дарэчы, як і заўжды) праграма ўрачыстасцей была даволі насычанай і разнастайнай. Яе складалі гістарычныя экскурсы ў гісторыю славянскай кніжнасці, выстава-агляд праваслаўных кніг з фонду бібліятэкі, выстава вышытых абразоў «Духоўнае жыццё ў фарбах», музычныя хвіліны «Духоўная вясна» і інш.
У рамках Дня прайшла тэматычная праграма «Праваслаўная кніга – шлях да духоўнасці», ідэя якой заключалася ў тым, каб дапамагчы чытачам асэнсаваць праваслаўную кнігу як крыніцу ведаў, мудрага дарадчыка жыцця, які дапаможа знайсці адказы на многія надзённыя пытанні.
На свята запрашаліся старшакласнікі трэцяй гарадской школы, бібліятэчныя работнікі, актыўныя чытачы бібліятэкі.
Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з гісторыяй станаўлення кнігі, дзейнасцю святых роўнаапостальных братоў Кірыла і Мяфодзія, настаўнікаў славянскіх, рускага першадрукара Івана Фёдарава, беларускага тытана Адраджэння Францыска Скарыны, даведаліся, што Нацыянальная бібліятэка Беларусі перадала ў дар нашай раённай бібліятэцы шматтомнае факсімільнае выданне «Кніжная спадчына Францыска Скарыны», якое дэманстравалася на кніжнай выставе “І вечным застанецца Слова”.
Факсімільнае ўзнаўленне скарынаўскай спадчыны выканана на высокім паліграфічным узроўні, з абсалютным захаваннем асаблівасцей арыгіналаў, тэксты перакладзены на сучасную беларускую, рускую і англійскую мовы, каб стаць максімальна даступнымі.
Падчас урачыстасці перад аўдыторыяй выступіў памочнік благачыннага па місіянерскім служэнні Алег Ілюшын, настаяцель прыхода храма прападобнапакутніка Афанасія Брэсцкага ў аг. Яечкавічы. Святар акцэнтаваў увагу прысутных на важнай ролі чытання праваслаўнай літаратуры для духоўнага ўзрастання чалавека, раіў знаходзіць час для пранікнення ў глыбіню Богапазнання тут і цяпер, не адкладаючы на потым, падарыў бібліятэцы кнігу “Апостал”.
З аглядам праваслаўных кніг выступіла бібліёграф ЦРБ Вольга Пай.
Свята аздобіў пяшчотны лірычны струмень, які стварыўся аматарамі паэзіі, што чыталі вершаваныя творы, а таксама музычнымі нумарамі ў выкананні работнікаў Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Напалеона Орды Маргарыты Ткачук, Ірыны Вайцяховіч і ўдзельнікаў вакальнай групы “Капрыз” школы №4 г. Іванава.

Ірына САЛОМКА.