Восеньскі сюрпрыз
У прыродзе, нягледзячы на спякотнае надвор’е, адчуваецца набліжэнне восені.
Асабліва відавочнае яно на вясковых абшарах. Яшчэ ўчора пакрытыя густой расліннасцю гаспадарскія агароды адсвечваюць характэрнымі «залысінамі» ў месцах, дзе плады ўжо сабраны і ўпакаваны недзе ў засекі альбо закансерваваны ў шкляныя слоікі. Ляніва грэюцца на сонцы звезеныя да кучы пузатыя гарбузы ў парыжэлых травах падворкаў. А між зялёных лісцяў дрэў не не ды й праглянуць залацінкі.
Разам з тым нешта неспадзяванае дзеецца ў прыродзе. Пры наведванні роднай вёскі на спадчыннай сядзібе звярнула ўвагу на маладзенькую вішаньку. На амаль бязлісцевых галінках раскашавалі пяшчотна-бялюткія кветачкі. Вішня цвіце! У верасні! Вось дык сюрпрыз. Пэўна, надзвычайная цяплынь, якая ўсталявалася на Палессі, увяла дрэўца ў зман і яно ўзгадала вясну. Пазней, ідучы па вуліцы, такую ж карціну назірала на адным з участкаў, які належыць аднаму са шматлікіх дачнікаў. Прырода – аматар здзіўляць. Умей толькі вачыма ўважлівага назіральніка глядзець на свет.